Вы тут

Прэм'ер-міністр наведаў з рабочай паездкай Гомельскую вобласць


У адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта, дадзенымі 2 жніўня на рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю, урад падрыхтаваў шэраг прапаноў па матэрыяльным аснашчэнні жніва, у першую чаргу па забеспячэнні гаруча-змазачнымі матэрыяламі.


«Кіраўнік дзяржавы падтрымаў нашу прапанову аб выдзяленні сельгасарганізацыям 50 тысяч тон паліва ў выглядзе таварнага крэдыту. Гэта прыкладна на 17 дзён працы, гэта значыць, яго хопіць да 18—20 жніўня», — адзначыў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў учора падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць. Прычым гэтага аб'ёму з улікам паліва, якое маецца ў саміх гаспадарках, будзе дастаткова, каб праводзіць увесь комплекс сельгасработ, уключаючы нарыхтоўку кармоў і сяўбу азімых.

У цяперашні час урад рыхтуе яшчэ адно рашэнне, якое датычыцца выдзялення паліва пад забеспячэнне ўборачных і іншых работ. «Ёсць магчымасць, з улікам вяртання часткі паліўнага крэдыту, вылучыць аграрыям яшчэ 21 тысячу тон. Мы разлічваем пачаць гэтыя пастаўкі ў канцы жніўня—пачатку верасня», — сказаў кіраўнік урада.

Што да сітуацыі з уборкай збожжавых у краіне, то яна, на думку прэм'ер-міністра, у цэлым развіваецца нармальна. «Ёсць усе ўмовы для завяршэння асноўных работ да 20 жніўня», — запэўніў Андрэй Кабякоў.

Акрамя таго, падчас паездкі абмяркоўвалася тэма фінансавага аздараўлення прадпрыемстваў аграрнага сектара. Па словах прэм'ер-міністра, яно будзе праводзіцца сістэмна і комплексна.

Сітуацыя з фінансавым аздараўленнем гаспадарак Гомельскай вобласці ў бягучым годзе, на думку кіраўніка ўрада, у цэлым станоўчая. У прыватнасці, у Гомельскім рэгіёне на 1 студзеня 2017 года была вызначана 41 неплацежаздольная гаспадарка. Па інфармацыі аблвыканкама, на 1 ліпеня 15 гаспадарак з гэтага ліку змаглі аднавіць плацежаздольнасць, 19-палепшылі свой фінансавы складнік, але яшчэ не дасягнулі ўзроўню плацежаздольнасці. І толькі ў дзвюх арганізацыях сітуацыя пагоршылася, што запатрабуе прыняцця дадатковых мер.

Як вядома, кіраўнік дзяржавы даў даручэнне правесці ў найбліжэйшы час нараду па праблемах АПК. Тэма аздараўлення сельгаспрадпрыемстваў будзе на ёй адной з ключавых. «Думаю, што да моманту яе правядзення ў нас будзе што далажыць Прэзідэнту, прапанаваць вырашэнне тых праблем, якія пакуль ёсць», — сказаў прэм'ер. Разам з тым не варта забываць, што станоўчы эфект мер па фінансавым аздараўленні прадпрыемстваў аграрнага сектара магчымы толькі пры ўмове навядзення парадку, адпаведнага ўзроўню дысцыпліны, а таксама ўкаранення перадавых тэхналогій. «На гэта мы будзем нацэльваць органы мясцовай улады, а таксама кіраўнікоў сельскай гаспадаркі рознага ўзроўню», — адзначыў ён.

У ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць прэм'ер-міністр азнаёміўся з вынікамі работы сельскагаспадарчых арганізацый рэгіёна, у прыватнасці Жыткавіцкага раёна, па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў. Андрэй Кабякоў наведаў Тураўскі малочны камбінат, дзе былі разгледжаны пытанні фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства і рэалізацыі інвестпраекта «Будаўніцтва малочнага камбіната ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці, 2-гі этап».

Ён таксама пабываў на шэрагу вытворчых аб'ектаў ААТ «Тураўшчына», у тым ліку малочнатаварным комплексе, гароднінасадавінасховішчы, аграсядзібе «Струмень», дзе яму далажылі аб прымаемых мерах па развіцці жывёлагадоўлі, плодаагародніцтва, аграэкатурызму ў Гомельскай вобласці і Жыткавіцкім раёне ў прыватнасці.

Вераніка ПУСТАВІТ

рustаvіt@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Палівам забяспечаны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».