Вы тут

100-годдзе «Звязды» ў Дзяржынску адзначылі дыктоўкай


Шэраг юбілейных падзей стаў нагодай для незвычайнага мерапрыемства, якое адбылося ўчора ў Дзяржынску. Цэнтральная раённая бібліятэка і райкам БРСМ правялі дыктоўку, прымеркаваную да 100-годдзя «Звязды», 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама Года навукі. Нашы карэспандэнты завіталі на імпрэзу і праверылі сваё веданне роднай мовы разам з жыхарамі Дзяржыншчыны.


— Мы штогод праводзім падобныя дыктоўкі на Дзень роднай мовы, — расказвае першы сакратар Дзяржынскага раённага камітэта БРСМ Кірыл ШЫК. — Але сёлета Беларусь адзначае адразу некалькі круглых дат, таму вырашылі правесці яшчэ адно дадатковае мерапрыемства летам. Пераможцаў вырашылі ніяк не адзначаць — гэта, хутчэй, яшчэ адна магчымасць успомніць пра родную мову, а не праверыць уласнае веданне беларускай арфаграфіі ці пунктуацыі. Сутнасць мерапрыемства — далучыцца да агульнай стваральнай справы і адсвяткаваць знакавыя падзеі ў гісторыі нашай культуры, убачыць, што ты не адзін у сваёй любові да беларускага.

Для дыктоўкі быў выбраны ўрывак з апавядання Якуба Коласа «Крыніца» з цыкла твораў «Казкі жыцця» — як лічаць арганізатары, узор беларускага красамоўства. Нягледзячы на летні час, у чытальнай зале бібліятэкі вольных месцаў не было. Сярод удзельнікаў хапала і моладзі.

— Я даведалася пра дыктоўку на сайце горада, — расказвае навучэнка 10 класа дзяржынскай гімназіі №3 Ганна КРЫВІЦКАЯ. — Старэйшая сястра прапанавала прыйсці і праверыць сваё веданне роднай мовы, я згадзілася. Маю добрыя адзнакі па беларускай мове ў гімназіі, але, шчыра кажучы, маўленчай практыкі мне нестае, бо ў сям'і і маім акружэнні ўсе размаўляюць па-руску. Таму такая дыктоўка не будзе залішняй.

— Безумоўна, я вельмі ўдзячны тым, хто прыдумаў гэта мерапрыемства, — кажа гісторык, паэт, член літаратурнага аб'яднання «Выток» Антон АНІСОВІЧ. — Напэўна, не буду арыгінальным, калі скажу, што яно вельмі важнае для папулярызацыі нашай мовы, яе прапаганды ў добрым сэнсе гэтага слова. Тым больш мне прыемна бачыць сярод удзельнікаў моладзь — гэта значыць, што моўная сітуацыя ў Беларусі рухаецца да лепшага. У нашай бібліятэцы праводзіцца цэлы шэраг падобных мерапрыемстваў, і хочацца спадзявацца, што з гэтага будзе плён. Са свайго боку заўважу, што ў наша аб'яднанне за апошні час прыйшло шмат маладых аўтараў — гэта вельмі ўсцешвае.

Прызнаемся, што дыктоўка была далёка не простай — кожнаму ўдзельніку прыйшлося прыгадаць школьныя гады (ці часова вярнуцца з канікулаў). Напрыканцы супрацоўнікі бібліятэкі прачыталі ўрывак з усімі дэталямі і растлумачылі ўдзельнікам памылкі. Па заканчэнні дыктоўкі ўсе атрымалі на памяць свежыя нумары «Звязды».

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.