Вы тут

Белстат створыць платформу для прадстаўлення справаздачнасці па МУР


Да канца 2018-га Белстат плануе стварыць нацыянальную платформу для прадстаўлення справаздачнасці па Мэтах устойлівага развіцця (МУР). Галоўны прынцып, які датычыцца Мэт, — «ніхто не павінен застацца ўбаку», таму ўжо сёння на сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта ўсе зацікаўленыя могуць паўдзельнічаць у абмеркаванні напрамкаў устойлівага развіцця.


Наша краіна актыўна ідзе да дасягнення 17 мэт. Сёлета быў створаны Савет па ўстойлівым развіцці пад кіраўніцтвам нацыянальнага каардынатара па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мар'яны ШЧОТКІНАЙ. У яго ўвайшлі 38 прадстаўнікоў выканаўчай улады (усе зацікаўленыя міністэрствы). За кожным замацаваны паказчыкі (усяго іх каля 200), над якімі яны працуюць. Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што да працы будуць прыцягнуты міжнародныя і грамадскія арганізацыі, а таксама парламентарыі, таму што ўсе заканадаўчыя акты павінны прымацца з улікам МУР. На 2018-ы запланавана правесці парламенцкія слуханні, каб абмеркаваць дзейнасць па дасягненні пастаўленых мэт.

Тры асноўныя напрамкі, раскрытыя ў 17 мэтах, — гэта эканоміка, экалогія і сацыяльныя праблемы. Так, толькі 20% дзяцей у свеце маюць магчымасць атрымаць бясплатную адукацыю, а 767 мільёнаў жывуць у галечы. Рост беспрацоўя, недахоп пітной вады, пагроза тэрарыстычных атак — гэта праблемы, з якімі сутыкаюцца многія краіны, пераадолець іх у адзіночку амаль немагчыма, таму на першы план выходзяць салідарнасць і інтэграцыя.

Як адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Беларусі Ларыса БЕЛЬСКАЯ, наша краіна па дасягненні Мэт устойлівага развіцця актыўна працуе з міжнароднымі партнёрамі, найбліжэйшыя з якіх — краіны ЕАЭС. Сёлета ўпершыню быў прадстаўлены даклад, падрыхтаваны Еўразійскай эканамічнай камісіяй, аб руху краін-удзельніц да Мэт. Вопыт Беларусі запатрабаваны сярод замежных партнёраў, якія зацікаўлены ў сумесных дзеяннях.

Мар'яна Шчоткіна нагадала пра шэраг мер, прынятых у краіне, якія суадносяцца з Мэтамі ўстойлівага развіцця. Ажыццяўляецца паслядоўная дзяржаўная палітыка па падтрымцы малазабяспечаных. У 2016 годзе 5,7% насельніцтва афіцыйна адносілася да гэтай катэгорыі. Гэты паказчык удвая ніжэйшы за сярэдні па краінах СНД і Усходняй Еўропы. Да 2030-га плануецца яго паменшыць да 4%. Увага аддаецца якасці жыцця ў пажылым узросце. У Беларусі 2,6 млн пенсіянераў і падтрымліваецца паказчык узроўню пенсій па ўзросце не ніжэй за 40% ад сярэдняй заработнай платы па краіне. Дасягнуты ўзровень уласнай вытворчасці дазваляе гарантаваць даступнасць і якасць харчавання для насельніцтва. Летась у глабальным рэйтынгу харчовай бяспекі Беларусь заняла 46-е месца з 113 дзяржаў. Наша краіна займае 52-е месца па індэксе чалавечага развіцця і да 2030-га плануе ўвайсці ў спіс 40 краін.

Прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака САМАРАСІНХА расказаў, што сёлета адзначаецца 25-годдзе прысутнасці ААН у Беларусі. За гэты час шмат працы было зроблена ў плане аказання падтрымкі людзям, якія пакутуюць ад наступстваў ЧАЭС, дзецям, бедным слаям насельніцтва, мігрантам, людзям з ВІЧ... Беларусь зрабіла вялікі крок у развіцці, у тым ліку дасягнуўшы датэрмінова большасці Мэт развіцця тысячагоддзя.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Адзіныя мэты для ўсяго свету

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.