Вы тут

Ад чаго пакутуюць вясковыя калодзежы?


Здаўна лічылася, што смачнейшай і карыснейшай за калодзежную ваду можа быць хіба што крынічная. Аднак часам якасны напой схаваны так далёка ў зямлі, што спецыялісты — прынамсі, у Гродзенскай вобласці — раяць шукаць яго на глыбіні 80 метраў і ніжэй. А здаралася, што, напрыклад, у Ашмянскім раёне ваду і зусім не знаходзілі, калі білі свідравіну. Як, напрыклад, у вёсцы Зноскі, куды камунальнікі ўжо пяць гадоў возяць пітную ваду, бо ваданосны слой там паглыблены больш як на 100 метраў.


— Пошукі вады — гэта латарэя. Ці пашанцуе знайсці падземную ваду, дакладна ніхто не скажа. Тым больш што людзі часта самастойна вырашаюць, дзе рабіць калодзеж, без падказкі спецыялістаў, — кажа Вадзім ПАШКОЎСКІ, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама. — А імкнуцца паглыбіць стары калодзеж, які функцыянуе на паверхневых водах, каб дабрацца да глыбінных, проста небяспечна. Я параіў бы замест калодзежа ўсё ж пракладаць трубаправод або рабіць свідравіну.

Па нормах СанПіНа пры эксплуатацыі калодзежаў павінны выконвацца наступныя патрабаванні: герметызацыя швоў паміж кольцамі, гліняны «замок» вакол калодзежа, адмостка, накрыўка. Ад калодзежа да пабудоў і праезнай часткі павінна быць пэўная адлегласць.

Раней, капаючы калодзежы, на гэта мала хто звяртаў увагу. Будавалі іх каля дарог, не герметызавалі швы, не рабілі накрыўкі. Часта яны стаяць нават не вертыкальна — бо недзе не даў прайсці вялікі камень або проста крыху ўбок. У выніку атрымліваецца ўхіл, кольцы лопаюцца, даюць трэшчыны, калодзеж становіцца аварыйным, туды трапляюць паводкавы бруд і нават «хімія», што змываецца з агародаў з дажджамі. Праз гэта церпіць якасць вады.

— Часцей за ўсё калодзежы пакутуюць на заільванне — можна да метра выбраць пяску ды зямлі пры расчыстцы. Калі калодзеж драўляны, а такія захаваліся ў раёне, чысціць яго павінна спецыяльная машына з іласосам. У нас такой няма, бо і падобных заявак амаль не паступае, — расказаў Вячаслаў ЯНКОЎСКІ, намеснік дырэктара Ашмянскага РУП ЖКГ.

Пачысціць і прахларыраваць звычайныя пітныя і каналізацыйныя калодзежы не ў аварыйным стане і не глыбейшыя за 12 метраў камунальнікі могуць. У мясцовай ЖКГ для гэтага існуе спецыяльнае звяно. Для работы на большай глыбіні патрэбна ўжо спецыяльнае абсталяванне і адпаведная падрыхтоўка.

Дарэчы, калі вясковы жыхар хоча правесці ў хаце водаправод ад свайго калодзежа, спецыялісты жыллёвай гаспадаркі могуць аказаць кансультацыйную дапамогу. Распрацуюць тэхнічныя ўмовы і растлумачаць, дзе і як пракладваць трубы і ўсталёўваць ёмістасць для збору водных адходаў, каб не пацярпела ўласная і суседская зямля.

— Увогуле, вада ў калодзежы псуецца вельмі рэдка. Для гэтага туды павінна нешта трапіць: ад выпадковага прадмета адзення ці птушкі да паводкавых водаў, што пройдуць паміж кольцамі, — кажа Вячаслаў Янкоўскі. — Акрамя таго, калодзежам трэба рэгулярна карыстацца, каб ён не заіліўся і вада не страціла добрыя якасці. Аднак на тое, каб сапсаваўся яе смак, патрэбныя гады.

У Ашмянскім раёне, сцвярджаюць спецыялісты, ёсць і такія калодзежы, што стаяць літаральна за метр ад ракі і амаль на ўзроўні з ёю. Чэрпаць адтуль можна проста вядром, не нахіляючыся, і вада крынічная, смачная...

Калі ўсё ж калодзежная вада не адпавядае вашаму густу, можна звярнуцца ў мясцовую ЖКГ, каб правесці яе аналіз. Калі вада проста мае непрыемны пах, можа быць, дастаткова адпампаваць старую ваду і пачакаць, пакуль калодзеж напоўніцца свежай. Здараецца, што падчас вычэрпвання гаспадары самі знаходзяць у вадзе прычыну непрыемнасцяў. Можна таксама набыць спецыяльную таблетку, якая ўкідваецца ў калодзеж і ачышчае ваду. Выклікаць спецыялістаў, каб чысціць калодзеж і хларыраваць яго, лепш пасля таго, як не дапамагла замена вады.

Загаловак у газеце: Каб сапсаваўся смак вады, патрэбныя гады

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.