Вы тут

Унікальны экалагічны праект рэалізуецца ў Чавускім раёне


Ён дасць магчымасць эканоміць у год тоны каштоўнага прыроднага рэсурсу.


Ган­на Шэн­дзе­ра­ва і Ана­толь Ма­цю­лін у ін­фар­ма­цый­ным цэнтры для на­сель­ніц­тва.

А яшчэ паменшыць спажыванне цяпла, энергарэсурсаў і знізіць парніковы эфект. Праект «Сістэма аўтаматызацыі працэсу ўліку выдаткаванай энергіі і вады: беражыце ваду» рэалізуецца на базе Чавускага Жылкамгаса за кошт сродкаў Еўрапейскага саюза. Першы транш прадпрыемства атрымала ў сакавіку 2015 года, другі — мінулай восенню, канчатковы разлік будзе зроблены пасля рэалізацыі праекта — у канцы гэтага года. У цэлым праект ацэньваецца болей чым у 595 тысяч еўра. З іх каля 476 тысяч — гэта сродкі ЕС. Жылкамгас і Чавускі райвыканкам, якія выступаюць сузаснавальнікамі, павінны таксама ўнесці сваю лепту.

Рэалізаваць гэты праект было б немагчыма, калі б Чавусы ў 2014 годзе не далучыліся да еўрапейскай ініцыятывы «Пагадненне мэраў» і не ўзялі на сябе абавязацельствы па зніжэнні выкідаў СО2.

— У Беларусі мы сталі аднымі з першых у гэтым кірунку, — кажа старшыня Чавускага раённага Савета дэпутатаў Анатоль МАЦЮЛІН, які на той момант якраз узначальваў раённую вертыкаль. — Праект абяцаў вырашыць цэлы шэраг камунальных праблем, у прыватнасці, далучыць тую энергію, якую выпрацоўвае наша кагенерацыйная ўстаноўка, да агульнай сеткі і забяспечыць атрыманне таннай электраэнергіі для сваіх патрэб. Нам проста неабходны былі тыя грошы, якія гарантавала перамога праекта ў міжнародным конкурсе. Мы заручыліся падтрымкай аблвыканкама і звярнуліся ў тэхнапарк, дзе нам дапамаглі ўсе нашы напрацоўкі ўвязаць з сістэмай АСКУЭ (аўтаматызаваная сістэма кантролю ўліку энерганосьбітаў). Вельмі спатрэбіўся вопыт нямецкіх калег. У складзе дэлегацыі дырэктар нашага Жылкамгаса пабываў у Германіі. Паглядзеў, як там функцыянуе сістэма дыспетчарызацыі, і застаўся пад уражаннем. У рамках рэалізацыі праекта арганізоўваем адукацыйныя семінары. Тлумачым насельніцтву, з чаго складаюцца затраты, схематычна паказваем прычыны страты вады. Падлічылі, колькі вады збягае дарма, памножылі на тысячу чалавек і жахнуліся — гэта каласальныя сродкі.

Перадавыя пляцоўкі Чавусаў

— У краіне існуе праблема страты вады, але ліквідаваць яе можна, толькі стварыўшы ўлік спажывання гэтай прыроднай каштоўнасці, — канстатуе Анатоль Мацюлін. — Сёння нельга прасачыць, наколькі эфектыўна функцыянуе сістэма забеспячэння вадой. Ёсць тэхнічныя непаладкі, якія прыводзяць да таго, што свідравіна працуе сама на сябе. Што зрабіць, каб гэтага пазбегнуць? Правесці поўную дыспетчарызацыю. Толькі так мы зможам падлічыць, колькі атрымалі вады і колькі рэалізавалі. У астатку і будуць нашы страты. Прычым бачыць мы будзем не проста па сістэме ў цэлым, а па кожнай свідравіне паасобку. І дакладна ведаць, колькі электраэнергіі спатрэбіцца на здабычу пэўнай колькасці вады.

Сёння ўжо ўсё гатова для праходжання экспертызы, пасля якой можна будзе цалкам завяршыць праект. За кошт донарскіх грошай праводзіцца дыспетчарызацыя артэзіянскіх свідравін, ствараецца смарт-сістэма для маніторынгу і кіравання водазабеспячэннем, мадэрнізуецца цэнтральны каналізацыйны калектар, укараняецца тэхналогія біяачысткі сцёкаў, а таксама аўтаматызаваная сістэма камерцыйнага ўліку спажывання электраэнергіі і цяпла. Практычна завершана падрыхтоўка грамадскага інфармацыйнага цэнтра «Вада і энергія», размешчанага на базе разлікова-касавага цэнтра Жылкамгаса.

— У канцы жніўня мы ўжо атрымаем тры стэнды, — расказвае менеджар праекта Ганна ШЭНДЗЕРАВА. — Стэнд «Цёплыя сцены», напрыклад, дазволіць разлічыць цеплавую энергію. З яго дапамогай можна будзе змадэляваць розныя сцены (драўляныя, цагляныя і гэтак далей) рознай таўшчыні і даведацца аб ступені іх цеплаправоднасці. Стэнд «Каштоўная вада» дазволіць разлічыць, на чым мы часцей за ўсё губляем ваду. А стэнд «Энерга Паядынак» дасць магчымасць прааналізаваць, у колькі абыдзецца, напрыклад, падагрэў вады ў электрачайніку, звычайным чайніку і мікрахвалёўцы. Акрамя гэтага, у агульны камплект уваходзіць 3 кейсы, з дапамогай якіх можна будзе наглядна паказаць, як найбольш эфектыўна выкарыстоўваць ваду, цяпло і электрычнасць.

У інфармацыйным цэнтры будуць дэманстраваць тэматычныя фільмы, праводзіць сярод насельніцтва ўрокі камунальнай адукаванасці. Дарэчы, папулярызацыя праекта вядзецца ўжо другі год. Сумесна з экалагічным грамадскім аб'яднаннем «ЭНДО» Жылкамгас праводзіць інфармацыйныя гадзіны на тэму энерга- і водазберажэння ў школах, розныя акцыі, дні альтэрнатыўнага транспарту.

— Работы яшчэ непачаты край, — уздыхае Анатоль Мацюлін. — Асабліва гэта датычыцца выхавання насельніцтва. Чалавек павінны ведаць, колькі рэальна каштуюць камунальныя паслугі. Пакуль гэтыя сумы часткова кампенсуюцца за кошт перакрыжаванага субсідзіравання нашымі прадпрыемствамі. Але калісьці насельніцтву ўсё роўна прыйдзецца кампенсаваць кошт камунальных паслуг цалкам.

Дыспетчарызацыя сістэмы

Для дыспетчарскай, якая размесціцца ў адміністрацыйным будынку Жылкамгаса, таксама ўжо закуплена неабходная мэбля, шафа кіравання і камп'ютар. Хутка тут установяць смарт-сістэму, якая будзе абагульняць даныя па ўсіх 116 аб'ектах — цеплавых пунктах, кацельных, станцыях абезжалезвання, кагенерацыйнай устаноўцы, ачышчальных збудаваннях... Цеплапункты і свідравіны абсталююць GSM-датчыкамі і рэгулятарамі.

— Самыя вялікія страты вады адбываюцца на пускавых сістэмах, — сведчыць Анатоль Мацюлін. — Частотныя рэгулятары дапамогуць больш плаўна ўключаць і выключаць абсталяванне. Калі нешта зламаецца, аператыўна можна будзе наладзіць. А карыстальнік паслуг, у сваю чаргу, зможа ў рэжыме рэальнага часу паглядзець, колькі ён спажыў каштоўных рэсурсаў у маштабах сваёй кватэры, дома, і нават параўнаць сябе з суседзямі.

Работа ў рамках падобных праектаў аб'яднала некалькі краін-удзельніц усходняга партнёрства — Беларусь, Арменію, Украіну, Грузію, Малдову.

— Пакуль праводзяцца сумесныя адукацыйныя семінары, а калі праекты запрацуюць у поўную моц, мы будзем ладзіць дэманстрацыйныя візіты, — кажа Ганна Шэндзерава. — Еўрапейская камісія на працягу 5 гадоў будзе прыязджаць да нас і паказваць, што мы яшчэ можам дасягнуць.

Ужо сёння на сайце Жылкамгаса размешчаны 10 калькулятараў, з дапамогай якіх спажывец можа навучыцца эканоміць грошы і рэсурсы. Карысна даведацца, якія страты электрычнасці адбываюцца толькі з-за таго, што мы пакідаем бытавыя прыборы ўключанымі ў разетку. Тэхніка знаходзіцца ў рэжыме чакання, але лічыльнік усё роўна «матае». Ці, напрыклад, можна даведацца, якую лямпачку лепш купіць. Спецыяльны калькулятар раскажа пра ўсе плюсы і мінусы гэтага тавару.

— Мы правялі энергааўдыт праекта і прышлі да высновы, што пры яго рэалізацыі зніжэнне выкідаў СО2 па горадзе складзе 2200 тон у год, эканомія электраэнергіі — 5 тысяч МВт у год, а вады 75 тысяч кубоў, — кажа Ганна Шэндзерава. — Лічбы, пагадзіцеся, пераканаўчыя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Нічога лішняга!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.