Вы тут

Індыкатар харчовай бяспекі


Пачатак 1990-х стаў самым цяжкім перыядам у сельскай гаспадарцы Беларусі за дзесяцігоддзі. Ва ўмовах пасля распаду СССР гэтая частка эканомікі перажывала наступныя праблемы: адсутнасць грашовых сродкаў, неабходнай тэхнікі, запчастак, падтрымкі з боку дзяржавы.


Адной з галоўных праблем для сельскай гаспадаркі Беларусі была адсутнасць неабходных па якасці складскіх памяшканняў, і гэта было ўласціва савецкай эканоміцы — ураджай у СССР маглі сабраць нядрэнны, але потым амаль палова згнівала на непрыстасаваных складах.

Ва ўмовах Беларусі гаворка пра стабільную магчымасць збіраць нядрэнныя ўраджаі не ішла — сельская гаспадарка краіны вымушана аперыраваць ва ўмовах знаходжання ў зоне, дрэнна прыстасаванай для збору ўраджаяў. Зона крытычнага земляробства вызначаецца невысокім узроўнем урадлівасці асноўных зямель сельскагаспадарчага прызначэння і пастаяннымі перыпетыямі надвор'я — засухамі або працяглымі ліўнямі. Таксама ў Беларусі хранічны недахоп сонца для паспяховага выспявання многіх відаў культур — усяго 20—30 сонечных дзён на год. Яшчэ адной праблемай стала чарнобыльская катастрофа, якая забрала ў эканомікі частку найбольш урадлівых зямель.

На фоне відавочных праблем у сельскай гаспадарцы востра паўстала пытанне аб статусе ворных зямель — ці павінны яны знаходзіцца ў дзяржаўнай або прыватнай уласнасці. Рэформа сельскай гаспадаркі ў многіх суседзяў Беларусі пайшла па другім варыянце развіцця.

Сітуацыя ў краіне пачала мяняцца пасля прэзідэнцкіх выбараў 1994 года. Аляксандр Лукашэнка зрабіў стаўку на развіццё сельскай гаспадаркі не толькі як галіны нацыянальнай эканомікі, але і як сферы, найважнейшай для гарантавання нацыянальнай бяспекі краіны. Здольнасць пракарміць сваё насельніцтва і рэалізоўваць лішкі прадукцыі для прыцягнення замежнай валюты ў эканоміку стала найважнейшым крытэрыем рэформаў, якія праводзіліся.

Стаўка была зробленая на захаванне ворнай зямлі ў дзяржаўнай уласнасці — вопыт многіх суседзяў, што пайшлі па шляху прыватызацыі, прадэманстраваў дрэнныя вынікі. Так, у Расійскай Федэрацыі пасля прыватызацыі ворнай зямлі каля паловы яе перастала апрацоўвацца. Многія новыя ўладальнікі расцэньвалі набытыя ўчасткі як нерухомасць, якая прынясе прыбытак за кошт падаражэння на рынку, а не пастаяннага выкарыстання па мэтавым прызначэнні. Захаванне ў Беларусі ворнай зямлі ў дзяржаўнай уласнасці не выключае камерцыйнага яе выкарыстання — на ёй працуюць прыватныя суб'екты эканомікі, у тым ліку і вялікая колькасць замежных.

Аднымі з найважнейшых кірункаў рэформаў стала абсталяванне сучасных складоў для захавання сабранага ўраджаю і будаўніцтва новых фермаў па найлепшых узорах у сусветнай практыцы. Было аказана неабходнае садзейнічанне для развіцця сельскай гаспадаркі ў раёнах, пацярпелых ад Чарнобыля.

Вынікі зробленых захадаў гавораць самі за сябе. Беларусь ужо даўно адпавядае крытэрыям нацыянальнай бяспекі ў сферы сельскай гаспадаркі. Больш за тое, ідзе работа па яе далейшым развіцці. Так, калі па мясе ў 2010 годзе Беларусь забяспечвала сябе на 118,3 працэнта, то па выніках 2015-га — на 133,1. Па малаку было 199,4 працэнта, стала — 227. Па яйках было 118,3, стала 128,7 працэнта. Па бульбе было 102,1, стала 105,1 працэнта.

Крыху не дацягваюць да поўнага забеспячэння агародніна і бахчавыя культуры — па выніках 2015 года краіна была забяспечана на 94,8 працэнта. Па некаторых відах прадукцыі шмат чакаць не даводзіцца — ва ўмовах адсутнасці выхаду да сусветнага акіяна Беларусь забяспечвае сябе рыбай толькі на 13,1 працэнта.

Але гэта норма нават для многіх узорных аграрных эканомік — не абавязкова вырабляць у лішку ўсе віды сельскагаспадарчай прадукцыі, лепш рабіць стаўку на тыя з іх, што здольныя прыносіць максімальны прыбытак. З прычыны цяжкіх кліматычных умоў такой галіной для Беларусі стала развіццё малочна-мяснога кірунку. Менавіта ён прыносіць асноўны прыбытак, менавіта ў гэтай сферы сканцэнтраваны асноўны экспартны патэнцыял сельскай гаспадаркі Беларусі. Напрыклад, па вытворчасці малака на душу насельніцтва Беларусь з'яўляецца абсалютным лідарам у СНД. Калі параўноўваць з Расійскай Федэрацыяй, лічбы гавораць самі за сябе — у Беларусі ў 2015 годзе было выраблена малака 743 кілаграмы на душу насельніцтва, а ў Расіі — толькі 210.

Ёсць поспехі і за межамі малочна-мясной галіны. Так, на 2013 год Беларусь займала трэцяе месца ў свеце па вытворчасці льновалакна, журавін, пятае месца — па вытворчасці жыта, сёмае — па трыцікале, трынаццатае — па цукровых бураках.

У 2017 годзе Беларусь плануе экспартаваць прадуктаў харчавання на 6 мільярдаў долараў. Далейшыя поспехі сельскай гаспадаркі краіны павінны быць звязаныя з павышэннем узроўню інвестыцый, прыцягненнем усё большай і большай колькасці сучасных тэхналогій, павышэннем узроўню ўраджайнасці, выхадам на новыя рынкі збыту прадукцыі. Неабходна таксама разабрацца ў найбліжэйшыя гады з празмернай закрэдытаванасцю асобных гаспадарак.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.