Вы тут

Як стымуляваць дзелавую ініцыятыву?


Яшчэ на мінулым Усебеларускім народным сходзе ў якасці адной з ключавых задач для развіцця краіны на наступную пяцігодку разглядалася стварэнне максімальна спрыяльных умоў для прадпрымальніцтва. Сёлета тэма лібералізацыі бізнесу больш чым на слыху. На самым вышэйшым узроўні яна абмяркоўвалася яшчэ ў лютым. Учора ў Палацы Незалежнасці да яе звярнуліся ізноў — каб прааналізаваць, наколькі правільна распрацоўваюцца заканадаўчыя акты, прызваныя стымуляваць дзелавую ініцыятыву.


Патрабаванняў — мінімум

Гэты пакет дакументаў, як слушна адзначыў кіраўнік дзяржавы, можа вызначыць эканамічнае развіццё краіны як на найбліжэйшую, так і на больш аддаленую перспектыву. У студзені Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка стварыў рабочую групу па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці і ліквідаванні залішніх патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання, у лютым былі вызначаны кірункі яе работы.

— Па выніках зробленай працы падрыхтаваны пакет дакументаў, мэтай якіх з'яўляецца павышэнне дзелавой актыўнасці ў Беларусі, — канстатаваў Прэзідэнт. — Прадстаўленыя да разгляду нарматыўныя акты змяшчаюць шэраг даволі сур'ёзных навацый для эканамічнай сферы. Ад паведамляльнага прынцыпу пачатку здзяйснення асобных відаў эканамічнай дзейнасці да сістэмы выбарачных праверак. Гэта, бясспрэчна, сур'ёзны крок на шляху павышэння даверу дзяржавы да дзелавой супольнасці.

Ад улады чакаюць рашэнняў, якія дазволяць любому чалавеку спакойна адкрыць сваю справу і працаваць, кіруючыся мінімальным наборам патрабаванняў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: усе непатрэбныя адміністрацыйныя бар'еры і працэдуры, якія перашкаджаюць працы, неабходна ліквідаваць.

— Іх, на жаль, на сёння нямала, — звярнуў увагу ён. — Шмат нараканняў да такіх бар'ераў у будаўнічай сферы. У свой час мы адмянілі яе ліцэнзаванне, аднак на змену прыйшлі новыя патрабаванні: атэстацыя прадпрыемства, сертыфікацыя будаўнічых работ і атрыманне пасведчання аб тэхнічнай кампетэнцыі.
У выніку, на думку прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, гэта галіна працягвае заставацца крайне зарэгуляванай.

Акрамя таго, адзначыў кіраўнік дзяржавы, неабходна ўважліва паглядзець на аўтарскі і тэхнічны нагляд. Сёння праектанты і інжынеры атрымліваюць немалыя грошы, а адказнасці амаль ніякай.

— І нарэшце — кантроль. Я казаў не раз і зноў паўтару: кантроль дзяржавы ў эканоміцы мы згубіць не можам, не павінны і ніколі не згубім, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Людзі нам пасля гэтага не прабачаць, — калі нешта здарыцца, спытаюць з нас, з улады, і менш — з бізнесу.

Інтарэсы краіны

Такім чынам, дакументы па разняволенні бізнес-ініцыятывы, якія рыхтуюцца, павінны ў поўнай меры адказваць інтарэсам дзяржавы.

— Скажу проста па-чалавечы, як чалавек дзяржаўны: ад любых нашых з вамі сумесных дзеянняў — маіх, як прадстаўніка ўлады, і вашых, як прадстаўнікоў бізнесу, — павінен быць нейкі эфект для дзяржавы і для бізнесу, — заявіў кіраўнік краіны. — Гульня ў адны вароты непрымальная. Вы, бізнесмены, гэта разумееце лепш за мяне.

Аляксандр Лукашэнка паставіў наступную ўмову: разняволенне бізнесу павінна прынесці карысць не толькі непасрэдна бізнесменам, але і людзям, якія працуюць на прыватнікаў, а таксама дзяржаве.

Прадпрымальнікам трэба дбаць пра дзяржаву, у якой яны жывуць. Прынамсі, ад яе магутнасці залежыць і іх дабрабыт. Такім чынам, гутарка — пра так званую сацыяльную адказнасць бізнесу.

— Нельга дапусціць розніцу паміж беднымі і багатымі людзьмі — там сярэдняе і тут сярэдняе — у 25—30 разоў. Гэта недапушчальна. Гэта правобраз калі не рэвалюцыі будучай, то нестабільнасці дакладна. Таму я за тое, каб бізнес у нас быў свабодным, адказным, больш эфектыўным — і ў гэтым плане трэба ўсё прымаць, але каб пасля прыняцця такіх рашэнняў дзяржава стала больш моцнай. Калі вы па-іншаму разумееце гэту праблему, тады ў нас тут з вамі наўрад ці нешта атрымаецца.

Трэба сказаць, што спрашчэнне ўмоў вядзення бізнесу накіравана ў многім на сельскія населеныя пункты, малыя гарады. У сталіцы, абласных цэнтрах людзям прасцей знайсці сабе працу, на перыферыі ж з гэтым часамі ўзнікаюць праблемы. Такім чынам, чалавек зможа сам заняць сябе.

Няпросты шлях

Падчас нарады Аляксандр Лукашэнка ўзняў некалькі пытанняў. Па-першае, ці зможа бізнес пасля падпісання абмеркаваных дакументаў працаваць больш эфектыўна? Па-другое, ці нададуць гэтыя дакументы патрэбны імпульс развіццю прадпрымальніцтва і стварэнню новых працоўных месцаў? Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуўся да ўсіх, хто думае, што бізнес — гэта лёгкія грошы:

— Бізнес — гэта вельмі цяжкая ноша, можа быць, самая цяжкая. Там трэба варушыцца і ведаць многае. І ўсе, хто сёння хоча мець сваю справу, павінны разумець, што ў 20 гадоў можа не атрымацца і нават у 30. Прайдзіце гэты шлях за тымі бізнесменамі, якія нешта разумеюць у гэтым бізнесе, навучыцеся. Памятайце, што займацца бізнесам і прадпрымальніцтвам вельмі складана, вельмі цяжка і для гэтага трэба валодаць не проста адпаведнымі, а цэлым комплексам навыкаў. Асабліва ў нашым грамадстве, якое толькі-толькі пачынае займацца гэтым. Таму заўсёды шукайце прычыну ў сабе, а не бегайце па вуліцах і плошчах, рыдаючы, што дзяржава нечага не стварыла.

Прэзідэнт заклікаў усіх бізнесменаў да сумленнай, шчырай працы. І тады ў Беларусі ім будзе вельмі лёгка абараніць свае інтарэсы.

Разгледжаныя дакументы чакае толькі некаторая дашліфоўка — хутчэй, тэрміналагічнага характару. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу цалкам іх падрыхтаваць да першага кастрычніка.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

 

У тэму

Уладзімір Зіноўскі, міністр эканомікі, пацвердзіў, што Прэзідэнт у цэлым ухваліў прадстаўлены пакет дакументаў. У той жа час ёсць тэхнічныя моманты, якія будуць дапрацаваны. Асноўны дакумент — дэкрэт — прадугледжвае шэраг даволі істотных спрашчэнняў:

— Напрыклад, скарачэнне ў дзясяткі разоў патрабаванняў пажарнай бяспекі, санітарна-эпідэміялагічных умоў.

Сяргей Налівайка, міністр па падатках і зборах, расказаў пра тое, што кіраўнік дзяржавы падтрымаў і прапанову па ўвядзенні трохгадовага мараторыя на павышэнне ставак падаткаў і ўвядзенне новых падаткаў і пошлін. Гэта дасць бізнесу, у першую чаргу, прадказальнасць і стабільнасць.

Уладзімір Калтовіч, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю, расказаў пра праект Указа Прэзідэнта «Аб стварэнні ўмоў для развіцця гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання насельніцтва», які распрацоўвала яго ведамства:

— Асноўная ідэя заключаецца ў тым, каб даць сігнал грамадству, што чалавек небагаты можа пачаць сваю справу без інвестыцый і з мінімальнымі падатковымі патрабаваннямі. У цэлым Прэзідэнт падтрымаў ідэю дакумента. Сярод ільгот — уплата збору ў адну базавую велічыню ў месяц, а таксама вызваленне ад зямельнага падатку і падатку на нерухомасць.

Загаловак у газеце: Адкрыць сваю справу — яшчэ не ўсё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?