Вы тут

Чым скончылася гісторыя пра шашлык з... сабачыны


Гэтая гісторыя адбылася без малога дваццаць гадоў таму. Неяк у рэдакцыі сустрэліся два таварышы: штатны супрацоўнік і няштатны аўтар. Пагаварылі і за сустрэчу, відаць, узялі па чарцы. А мо, і не па адной, інакш ход падзей быў бы іншы...


Падчас размовы няштатны аўтар расказаў такую цікавінку. Маўляў, у пасёлку, адкуль ён родам, з'явілася нейкая фірма пад кіраўніцтвам каўказца. І вось ён з хаўруснікамі не прыдумаў нічога лепшага, як пад выглядам бараніны прадаваць на мясцовым рынку мяса... бадзяжных сабак. А каб ніхто нічога не западозрыў, на прылавак клалі галаву барана. Тавар збывалі танна, таму ад пакупнікоў адбою не было. Бізнес квітнеў, пакуль махляроў не вывеў на чыстую ваду звычайны кот Васька. А адбылося наступнае. Быццам бы ўрач мясцовай бальніцы вырашыла парадаваць мужа рабрынкамі і мясам — набыла ў гандляроў «бараніны». А сужэнец жанчыны, трэба заўважыць, працаваў ветурачом. І вось вяртаецца ён з палявання, а жонка яму дакладвае: пачакай крыху, зараз катлет зраблю, толькі вось на базары мяса купіла. І праз хвіліну з расчараваннем канстатуе, маўляў, зусім наш кот Васька распанеў: кінула яму кавалак бараніны, а ён есці не хоча. Больш за тое, жывёла злосна зафыркала, выгнула спіну дугой і ўмомант выскачыла з кухні. Мужчына адразу сцяміў (ветурач жа!), у чым справа. Ды і кажа жонцы: «Сабачыну ты купіла, а не бараніну. Вось чаму наш Васька так шарахнуўся ад яе!»

Паслухаў тую гісторыю работнік газеты, ды і кажа: цікавы факт, пішы... Таварыш і рады старацца. І неўзабаве ў «Звяздзе» выходзіць адпаведны матэрыял пад рубрыкай «Неверагодна, але факт».

...Ранкам наступнага дня ў кабінеце галоўнага рэдактара Наркевіча зазваніў тэлефон. На тым баку проваду былі прадстаўнікі ўпраўлення КДБ па Мінскай вобласці... Праз колькі хвілін Уладзімір Браніслававіч зайшоў у мой кабінет.

— Сяргей Уладзіміравіч, разумею, што гэта не ваша хіба, але гаворка ідзе пра пасёлак, адкуль вы родам. Калі ласка, з'ездзіце дадому, разбярыцеся ў сітуацыі. Пагадзіцеся, каму, як не вам, мясцоваму, гэта прасцей будзе зрабіць...

Трэба было ведаць нашага рэдактара. Ён ніколі не загадваў, а толькі інтэлігентна прасіў. Так што адмовіць яму было немагчыма. Ну трэба, дык трэба, паеду. Хоць, зразумела, місія не з самых прыемных...

Сяджу ў кабінеце старшыні пасялковага Савета, як на допыце. З кіраўніком нашай мясцовай «мэрыі» ўжо не першы год у добрых стасунках, а тут ён пазірае на мяне ваўком. Не менш «ласкавы» погляд у галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна... Вакол — яшчэ каля дзясятка таварышаў, падазраю, што ў тым ліку і з кампетэнтных органаў. Тлумачу, як магу, што здарылася недарэчнасць. Ну, сустрэліся даўнія знаёмыя, выпілі, адзін расказаў байку, другі ўсё ўспрыняў за чыстую манету... Але жарты жартамі, а наступствы аказаліся сур'ёзныя, у тым ліку і для жыхароў пасёлка. Рынак хоць і не зачынілі, але продаж мясной і рыбнай прадукцыі забаранілі... Карацей, размова атрымалася не з лёгкіх. Пасля яе заканчэння выйшаў на ганак пасялковага Савета і ўздыхнуў з палёгкай.

А свой матэрыял на тэму абвяржэння раней надрукаванага я скончыў так: «...Вяртаючыся дадому, заўважыў на плошчы дварняка. Ніхто не звяртаў на сабаку ўвагі, і той, застыўшы ў нерухомасці, уважліва пазіраў на прадаўцоў. Мабыць, таксама шкадаваў, што мяса на рынку больш не будзе...» Маўляў, ніводны дварняк у гэтай гісторыі не пацярпеў...

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.