Вы тут

Як «Звязда» разыгрывала індычанят


Як усе ведаюць, наша газета рэгулярна праводзіць сярод падпісчыкаў розыгрышы прызоў. Яны бывалі за многія гады рознымі. Запомніўся 1998 год, які быў для мяне багаты на ўручэнне шчасліўчыкам тых самых прызоў.


Сяргей Расолька і Канстанцін Невідомскі

Галоўны прыз падчас чарговай падпісной кампаніі — бычка — выйграў Міхаіл Міхайлавіч Валюшка, жыхар Жлобіна. У мінулым ён узначальваў аддзел адукацыі, працаваў на іншых адказных пасадах. Калі пра яго ўдачу стала вядома, як прызнаваўся нам сам падпісчык, віншаванні пасыпаліся літаральна з усіх бакоў. І вось мы едзем разам з пераможцам звяздоўскай латарэі і генеральным дырэктарам аблдзяржплемпрадпрыемства ў калгас «Ленінец» Жлобінскага раёна. Менавіта тут «захоўваўся» наш прыз. І вуаля — «Бычок знайшоў свайго гаспадара».

Тым жа рэйсам, карыстаючыся выпадкам, мы ўручылі яшчэ адзін наш прыз Пятру Міронавічу Завадскаму з пасёлка Луцкі Жлобінскага раёна. Мы засталі яго дома — ну за чым бы вы думалі? Гаспадар нетаропка гартаў апошні нумар нашай газеты! Кім толькі не працаваў Пётр Міронавіч у сваім жыцці. Вадзіў цеплавозы, быў у пажарнай ахове, кіроўцам грузавіка. Давялося пабыць яму і ліквідатарам. Ды і на момант нашага прыезду не проста знаходзіўся на пенсіі: у сям'і была вялікая гаспадарка. Але, нягледзячы на занятасць, заўсёды знаходзіў час на газеты. Апроч іншых, пачэснае месца займала і «Звязда». Калі ласка, «Няхай наш парасон беражэ вас ад нягод».

Калі нашай падпісчыцы з вёскі Прылукі Мінскага раёна Марыі Адамаўне Ціхановіч выпаў адзін з каштоўных прызоў звяздоўскай латарэі — настольная двухгарэлачная бытавая газавая пліта — яна, як кажуць, не паверыла. Таму, нягледзячы на свой 72-гадовы ўзрост, вырашыла сама наведаць рэдакцыю: і прыз каштоўны забраць, і з журналістамі пазнаёміцца. На развітанне Марыя Адамаўна пад словы: «Нават да Якубовіча на гульню едуць не з пустымі рукамі, дык як я магла нічога не прыхапіць «Звяздзе», паставіла на стол бутэльку празрыстага напою. І нават прымусіла разам з ёй «абмыць» свой прыз. Пад словы: «Мне ў нашай «Звяздзе» падабаецца ўсё».

Падчас іншай падпісной кампаніі ў тым жа 1998 годзе галоўным прызам былі індычаняты. Іх выйграла наша чытачка Марыя Антонаўна Суша з Чэрвеньскага раёна. Птушак мы адразу завезці не маглі: напачатку было холадна, а потым надышла спёка. Як бы індычаняты перанеслі дарогу? І вось нарэшце выправіліся. Напачатку на Маладзечанскую птушкафабрыку (бліжэй індычанят не было), дзе ў вялікія кардонкі загрузілі жывы прыз, потым — да падпісчыцы. У дарозе перыядычна спыняліся і заглядвалі ў багажнік: ці усё добра? Марыя Адамаўна не паведаміла свой дакладны адрас, таму давялося шукаць самастойна — вёска Новыя Зелянкі. І вось нарэшце мы на месцы. «Што вы, я асабліва і не хвалявалася, — заспакоіла нас гаспадыня. — Хоць многія часам жартавалі, маўляў, дзе твой прыз, чаму не вязуць?» Дваццаць індычанят ва ўзросце 43 дзён (ужо вялікія птушкі) тут жа былі «пастаўлены на пастой». Мы парадаваліся, што прыз трапіў, як кажуць, па прызначэнні. А гаспадыня дадала: «Калі абяцала «Звязда» — не падмане!»

...Апроч латарэі сярод падпісчыкаў, «Звязда» рэгулярна ладзіла розныя конкурсы, у якіх таксама можна было выйграць прызы. Напрыклад, асаблівай папулярнасцю сярод чытачоў карыстаўся жартаўлівы на 1 красавіка. У газеце, акрамя сапраўднай інфармацыі, друкавалася колькі навін, узятых, як кажуць, са столі. У 1998 годзе пераможцам нашага першакрасавіцкага конкурсу стаў мінчанін Канстанцін Фёдаравіч Невідомскі. Ён быў першым сярод чытачоў, хто адразу дакладна назваў правільныя адказы ў нашай жартоўнай гульні. «У іншы дзень «Звязда» ніколі б не надрукавала такое глупства», — так адазваўся пра ўласны крытэрый вызначэння «няправільнай» інфармацыі Канстанцін Фёдаравіч. Выпісваючы газету на працягу 36 гадоў запар, наш пераможца дакладна вывучыў і стыль публікацый, і тэматыку асобных аўтараў. Я з задавальненнем уручыў яму наш прыз — настольную лямпу. «Святло «Звязды» ў вашым доме. І новы конкурс». У тым нумары мы абвясцілі чарговую гульню для чытачоў...

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: «Звязда», удзячная за прыхільнасць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».