Вы тут

Святло чачэрскай «Звязды»


Калі гаспадарка і корміць, і ад шкодных звычак пазбаўляе


Сё­лет­нія «За­жын­кі» ў ААТ «Звяз­да»

Гаспадарка «Звязда» некалькі разоў мяняла форму ўласнасці, але ніколі — назву. Чым і ганарацца. Бо, упэўнена дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства, член Савета Рэспублікі Галіна Трыбунах, назва на лёс уплывае. А яго, кажа, на кані не аб'едзеш.

— Калі «Звяздой» назвалі — значыць, трэба гарэць, свяціцца. Такая назва нас стымулюе. Мы заўсёды павінны быць наперадзе. Урэшце, быць для іншых пуцяводнай «звяздой». Не мною такая назва была прыдумана і не мне гэта мяняць. Хоць наша гаспадарка магла б называцца інакш. Мне, калі неаднаразова праводзіліся рэарганізацыі, вельмі настойліва рэкамендавалі змяніць і назву. Але ж я заўсёды казала, што «Звязда» — гэта ўжо брэнд і нічога мяняць мы не будзем.

За 87 гадоў існавання «Звязда» чачэрская мела толькі сем кіраўнікоў. Дарэчы, Галіна Пятроўна — менавіта сёмы. І лічыць, што для яе, пачаўшай тут працаваць у 2007 годзе, лічба адназначна шчаслівая. Пайшоў адзінаццаты год, як яна ўсклала на свае жаночыя плечы адказнасць за лёсы больш чым дзвюх сотняў чалавек.

Сельгаспрадпрыемства «Звязда» раскінула свае прамяні ў Чачэрскім раёне на ўсю тэрыторыю за ракой Сож. Утрая пашырыліся плошчы гаспадаркі за апошнія 10 гадоў. Па сутнасці, колішнія пяць гаспадарак зліліся зараз у адну: саўгас «Бяляеўскі», саўгас «Сож-1», КСУП «Нісімкавічы», КСУП «Звязда» і ААТ «Палессе», якое цяпер знаходзіцца на даверным кіраванні галаўнога прадпрыемства.

Вядома ж, слабых далучаюць да моцных, і апошнія ад гэтага далёка не заўсёды хутка выйграюць. Але ж не ў гэтым выпадку. Было, што спачатку паказчыкі ў гаспадарцы падалі і з першага месца «Звязда» перамяшчалася на апошняе ў раёне. Аднак тут уключалася самалюбства кіраўніка:

— Калі да нас далучылі «Нісімкавічы» і мы раптам сталі сёмымі ў раёне, я падумала: як гэта так? Мы — і апошнія? За 9 месяцаў мы паправілі сітуацыю, хоць спачатку там увогуле не было чым кароў карміць. Калі занепадае гаспадарка, значыць, там няма дысцыпліны, няма парадку. Таму і паказчыкі ідуць уніз. А калі наводзіш элементарны парадак, павышаюцца і паказчыкі. Людзі інакш пачынаюць адносіцца да выканання сваіх абавязкаў. Складана толькі некалькі месяцаў. Потым усё мяняецца.

Навядзенне парадку — гэта менавіта тое, з чаго пачала Галіна Трыбунах, калі стала кіраўніком. Хоць, канешне, далёка не ўсім гэта падабалася. Час паказаў, што яна мела рацыю, калі пераконвала спецыялістаў, што прадукцыйнасць у сельскай гаспадарцы пачынаецца менавіта з ачысткі тэрыторыі ад гною:

— Я, калі толькі прыйшла, памятаю, у Залессі была катастрофа. Бачу: стаіць карова на высокай гары. Аказваецца, так гной буртавалі і атрымаліся горы, як каля Гомельскага хімзавода. Гной сапрэў, зляжаўся і стаў цяжкім, як глеба. Мы потым толькі бульдозерам яго змаглі ўскапаць і паступова вывезці. Канешне, на ўсё час трэба. Мы ж тут калісьці толькі ў гумавых ботах хадзілі, а цяпер усе ў басаножках.

Квет­кі рас­туць на тэ­ры­то­рыі фер­мы ААТ «Звяз­да».

Мы ідзём з Галінай Пятроўнай па тэрыторыі новай малочна-таварнай фермы на 600 галоў, адбудаванай у 2013 годзе. Чорна-белыя кароўкі адрываюцца на хвілінку ад збалансаванай ежы і сінхронна паварочваюць галаву ў наш бок. Відаць, даспадобы такі парадак і ім, і людзям, што тут працуюць. Кветкі высаджаны паўсюль на тэрыторыі, здаецца, увогуле няма характэрнага для фермы «водару». Так было не заўсёды, успамінае Галіна Трыбунах:

— Катастрафічна цяжка было. Усё і ўсіх даводзілася кантраляваць. Гэта цяпер мы абмеркавалі праблему са спецыялістамі і ўсе пайшлі працаваць. Толькі зрэдку перыядычна наведваюся, правяраю. Я не прымушаю нікога. Калі не падыходзяць нашы парадкі — бывайце. Шукайце іншую работу, дзе вам будуць добра плаціць і не трэба будзе нічога рабіць. Калі не знойдзеце, зноў прыходзьце. Сыходзяць, але праходзіць месяц-два і вяртаюцца. Просяцца на работу. Тады і разумеюць, што працаваць трэба не абы як. Многія, хто раней выпіваў — кадзіруюцца. Мы гэта аплачваем, але, калі чалавек не вытрымаў і сарваўся — грошы ўтрымліваюць з заробку.

Выцягваць людзей з багны шкодных звычак — яшчэ адзін з прынцыпаў кіраўніка «Звязды». Прычым, часта Галіна Пятроўна не лічыцца з асабістым часам і сіламі. Вось толькі адзін, але вельмі характэрны прыклад:

— Цяпер ёсць дастаткова шматдзетных маці, якія нарадзілі без мужа. Была ў нас такая жанчына. На той момант у яе мелася пяцёра дзетак. Іх адабралі па Дэкрэце №18. Яна тым часам яшчэ адно дзіця нарадзіла. Мы з намеснікам прыязджалі да яе штодзень за 10 кіламетраў. Прадукты прывозілі і кантралявалі, каб яна гатавала з іх. Глядзелі, які парадак у доме, у якім стане адзенне. Мы так рабілі, каб урэшце ёй можна было вярнуць адабраных дзетак. Гэта сітуацыя цягнулася вельмі доўга, потым з'явілася жыллё на цэнтральнай сядзібе, і мы яе перасялілі сюды. Пасля гэтая жанчына нарадзіла яшчэ дваіх дзяцей. Я за яе паручылася, і ўрэшце ўсіх дзетак ёй вярнулі. Яна цяпер працуе ў нашай гаспадарцы, і ўсё нармальна. Складана з такімі, але ж гэта таксама нашы людзі.

«Пернікаў», якімі гаспадарка сёння стымулюе тых, хто працуе сумленна, дастаткова. Зразумела ж, прэміяльныя і натураплата ў выглядзе зерня. На кожнае свята супрацоўнікі атрымліваюць мясную і малочную прадукцыю. Але, калі былі парушэнні працоўнай дысцыпліны, дапамога памяншаецца. Каб чалавек адчуваў адказнасць.

— Мы ставімся да ўсіх па-чалавечы. Як бы работнік напярэдадні ні «спатыкнуўся», калі ў яго раптам здарылася нейкае няшчасце — абавязкова дапаможам. Я заўсёды кажу, што калектыў — гэта вялікая сям'я. Тым больш, што мы дома менш знаходзімся, чым на рабоце. Таму імкнёмся, каб ніхто не быў пакрыўджаны. У тым ліку пенсіянеры, якіх мы не толькі заахвочваем, але і збіраем на юбілейныя даты. Увогуле ж многа мерапрыемстваў з людзьмі праводзім. Вельмі важна, каб людзі ўсміхаліся і радаваліся жыццю.

Ды­рэк­тар ад­кры­та­га ак­цы­я­нер­на­га та­ва­рыст­ва, член Са­ве­та Рэс­пуб­лі­кі Га­лі­на Тры­бу­нах.

Галіна Пятроўна прызнаецца, што былі ў жыцці хвіліны, калі ўсё хацелася кінуць. Калі ўзнікалі «сцены», якія, здавалася, нельга пераадолець:

— Просіш дапамагчы, а табе ўсе адмаўляюць. Кажу: для пачатку мне патрэбна дапамога, каб потым прынесці нейкую аддачу. Цяпер у асобных выпадках дапамагае статус члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Сумленнасць — гэта тое, што больш за ўсё цэніць кіраўнік «Звязды» ў людзях. Кажа: лепш непрыемная, але праўда. Тады і давер у камандзе будзе. А каманду Галіна Трыбунах падбірала нават не дзесяць апошніх гадоў. Бо першым намеснікам працуе муж Сяргей Васілевіч Трыбунах. Кажа, што ён — і другая палавінка, і правая рука, і памочнік ва ўсіх сітуацыях і ўвогуле — сэнс жыцця.

— Асноўным сваім спецыялістам давяраю, як сабе. Поўнае ўзаемаразуменне ў мяне з галоўным заатэхнікам Аленай Малашкінай, якая працавала ў гаспадарцы яшчэ да майго прыходу сюды. З галоўным інжынерам Віталем Кандраценкам мы працуем разам дзевяць гадоў — гэта вельмі адказны спецыяліст. Калі трэба і ён, і Сяргей Васілевіч закасаюць рукавы, каб разам з механізатарамі разабрацца ў нейкіх непаладках. Тэхніка ж павінна працаваць у полі, а не прастойваць на мехдвары — асабліва цяпер, калі жніво. У нас працуюць добрыя маладыя спецыялісты — у інжынернай і адміністрацыйна-фінансавай службах. Такой камандай мы многа зможам, — не сумняваецца кіраўнік.

Між тым у Галіны Пятроўны ёсць мара добраўпарадкаваць плошчу перад галоўным адміністрацыйным будынкам «Звязды». Дарэчы, гэта ж яшчэ і самы цэнтр аграгарадка Залессе. Кіраўнік падзялілася сваімі планамі:

— На плошчы будзе фантан і вакол яго прыгожыя клумбы. Плітку пакладзём, лаўкі і ліхтары паставім. Павінен атрымацца прыгожы сквер. Пакуль што ў нас моладзь збіраецца на прыпынках транспарту. Калі ўсё зробім, думаю, ёй і ўвогуле ўсім нашым жыхарам прыемна будзе прыйсці ў міні-парк, дзе побач і сельскі дом культуры знаходзіцца. Абавязкова ўсталюем паўсюль відэаназіранне, каб людзі адчувалі адказнасць за парадак у сваім населеным пункце.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.