Вы тут

Першыя крокі да экалагічнасці


Экадружным можна стаць за сем тыдняў. Для гэтага нават не абавязкова выходзіць з дому: дастаткова прайсці дыстанцыйны анлайн-курс Цэнтра экалагічных рашэнняў. Кожны тыдзень студэнтам прапаноўваюцца матэрыялы для самастойнага вывучэння, вучэбныя відэа і хатнія заданні па адной тэме (“зялёнае спажыванне”, “загадкі прылаўкаў”, “зялёныя звычкі”, “бытавая хімія і касметыка”, “выбіраем дзіцячыя цацкі”, “адходы і вада”, “энергія і энергазберажэнне”). Іншымі словамі, можна навучыцца адрозніваць бяспечную цацку ад небяспечнай, знайсці цеплавыя “дзіркі” ў будынку і атрымаць яшчэ шмат зялёных парад. Першы выпуск анлайн-эколагаў адбыўся два гады таму, але заснавальніца школы Дар'я ЧУМАКОВА мае намер зноў запусціць гэты праект. Пра свае ўражанні і чаканні, а таксама пра шлях да экалагічнасці яна распавяла “Роднай прыродзе”.

– Дар’я, як узнікла ідэя стварыць экалагічную анлайн-школу?

– З дзвюх крыніц. Мая сяброўка сядзела ў дэкрэтным водпуску, і я заўважыла, што ёй не хапае інфармацыі і стасункаў. Да таго ж я была моцна ўзрушана магчымасцямі дыстанцыйнага навучання: бясплатны доступ да лекцый замежных выкладчыкаў не выходзячы з дому – гэта шыкоўна! Я падумала, што было б добра зрабіць нешта падобнае па экалагічнай тэматыцы для маладых мам: яны вельмі чуллівыя да гэтай тэмы. У клопатах аб сям'і мамы стараюцца не нашкодзіць здароўю блізкіх, таму выбіраюць больш бяспечныя экалагічныя тавары.

– А ці былі сярод удзельнікаў таты?

– Праз пару заняткаў мы заўважылі, што сярод студэнтаў аказаліся не толькі мамы, але і вельмі адказныя таты, зацікаўленыя школьнікі і навучэнцы ВНУ, актыўныя бабулі. Усяго прыняло ўдзел каля 350 чалавек. За тыдзень мы фіксавалі да 1000 наведванняў на сайце. Дарэчы, людзі і сёння рэгіструюцца ды праходзяць анлайн увесь курс. Мы пакінулі ўсе матэрыялы адкрытымі, кожны можа пачытаць форум, задаць пытанне эксперту альбо выканаць хатняе заданне.

На ўручэнні сертыфікатаў сярод мам я ўбачыла дваіх татаў. Падчас гутаркі яны заўважылі, што ім не хапіла інфармацыі пра бяспечнасць мужчынcкай касметыкі. А я нават не падумала пра тое, што экалогія цікава не толькі жанчынам. Цяпер я стараюся ўлічваць інтарэсы як жанчын, так і мужчын.

– Якая тэма аказалася самай папулярнай?

– Вельмі папулярным стаў грынвошынг (экалагічнае пазіцыянаванне тавара альбо паслуг без дастатковых доказаў): у якасці хатняга задання я прапанавала адшукаць яго прыклады і сфатаграфаваць іх. Мне добра знаёмая гэтая з’ява, але я не магла стрымаць смех, калі бачыла, што на цукерках напісана “натуральны колер і смак”. Не дзіўна, што нашы студэнты цікавіліся тэмай адходаў. На маю думку, беларусы вельмі свядомыя ў гэтым кірунку: мы гатовы сартаваць, толькі дайце магчымасць гэтым займацца. Вялікую цікавасць выклікала тэма бяспечнасці дзіцячых цацак: праблема ёсць, але пра яе амаль не гавораць. Але на ўласным вопыце людзям хочацца ведаць, як правільна выбраць цацку, калі на прылаўку ёсць практычна ўсё, што можна пажадаць.

– Магчыма, некаторыя тэмы даваліся з цяжкасцю?

– Так, малапапулярнай стала “якасць вады”. Насамрэч, аказалася, што ў нашых студэнтаў было мала даступных варыянтаў рашэння гэтай праблемы. Можна набыць фільтр альбо адшукаць звалку, якая забруджвае ваду ў калодзежы… Але што далей?

– Так павялося, што экалагічныя веды дзеці транслююць сваім бацькам. Вы ж пайшлі адваротным шляхам: ад дарослых да дзяцей.

– Мы і са студэнтамі працуем, але ў жывым рэжыме: штогод на школу “Экастарт” прыходзіць прыкладна 30 чалавек. Вядома, дзеці добра ўспрымаюць інфармацыю і намагаюцца рэалізаваць яе на практыцы. Але калі дзіця прыходзіць дадому, а мама кажа: “не будзем сартаваць смецце, бо гэта глупства”, то ў галаве малога ўзнікае непаразуменне. Школа з’явілася ў тым ліку для прадухілення такіх выпадкаў.

 

– Што параіце людзям, якія хочуць стаць экадружнымі, але не ведаюць, з чаго пачаць?

– Ім пашанцавала, бо мінулі тыя часы, калі на экадружных людзей глядзелі як на вар’ятаў. Усё часцей сустракаюцца тыя, хто разумее, чаму ты мыеш посуд содай і гарчыцай, альбо падоўгу вывучаеш этыкетку нейкага касметычнага сродку ці адмаўляешся ад бясплатнага пакета ў краме. Пачынайце з таго, што бліжэй: калі вас непакоіць ваша фігура, забудзьцеся пра ліфт і падымайцеся па лесвіцы. Калі ў вас ёсць дзеці, паспрабуйце зрабіць з імі хатнія сухарыкі. Парада выключаць ваду, калі чысціш зубы альбо голішся, для многіх дагэтуль гучыць па-новаму. Калі вам запакоўваюць ежу ў непатрэбны пакет, дэманстратыўна даставайце яе назад. Няхай на вас будуць глядзець строга, але дзеля аховы наваколля нехта мусіць стаць пускавым механізмам.

– Магчыма, некаторыя парады вы ўсё ж парушаеце?

– Часам я магу патураць сабе. Напрыклад, я нашу з сабой ежу ў пластыкавым кантэйнеры проста таму, што мне цяжка цягаць цэлы дзень шкляны. Але стараюся не разаграваць ежу ў кантэйнеры і сачу, каб на пластыку не з’яўляліся прыкметы старэння.

– Па выніках анлайн-школы вы напэўна зразумелі, як яе можна палепшыць.

– Мяне парадавала, што студэнты выконвалі хатнія заданні, хаця я не хацела моцна напружваць людзей, бо яны і так выдаткоўвалі па некалькі гадзін у тыдзень на школу. І усё ж хатнія заданні далі магчымасць выйсці з віртуальнасці ў рэальнасць: запытаць сертыфікат на цацку альбо знайсці ў сваім горадзе месцы для збору батарэек. У наступнай школе я планую зрабіць хатнія заданні больш разнастайнымі. З’явіцца і больш тэм. Школа будзе адаптавана пад беларускія рэаліі, нягледзячы на тое, што ўдзельнічаюць людзі з іншых краін.

– Ці ёсць зваротная сувязь з выпускнікамі?

– Хацелася б больш падтрымліваць сувязь, не пакідаць людзей адзін на адзін з атрыманай інфармацыяй. Іначай чалавек пачне вагацца і не зразумее, што ён робіць няправільна. Таму ў будучыні па заканчэнні школы планую падтрымліваць баявы дух выпускнікоў.

Гутарыла Кацярына РАДЗЮК

P.S. Матэрыялы курса даступныя па спасылцы http://study.ecoidea.by/

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.