Вы тут

Кадравы дзень прайшоў у Палацы Незалежнасці


Уборачная кампанія, сельскагаспадарчыя асаблівасці розных рэгіёнаў, імідж улады... На гэтых пытаннях засяродзіў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас назначэнняў на важныя дзяржаўныя пасады.


Так, у Віцебскай вобласці назначаны першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама, а таксама старшыні Аршанскага і Бешанковіцкага райвыканкамаў. У Брэсцкай вобласці назначаны новыя старшыні Ганцавіцкага і Драгічынскага райвыканкамаў, у Мінскай — старшыня Салігорскага райвыканкама, у Магілёўскай — Асіповіцкага і Хоцімскага райвыканкамаў.

Асаблівасці ўборачнай

На днях кіраўнік дзяржавы плануе наведаць Брэсцкую вобласць. Безумоўна, асаблівую ўвагу ён зверне на збор ураджаю. Прынамсі, пра гэта ўжо казалася падчас селектарнай нарады, якая прайшла на мінулым тыдні.

— Пагляджу, як ідзе ўборка, — паведаміў ён. — Для Брэста гэта найважнейшае пытанне, нягледзячы на тое, што вы ўжо фактычна палову ўраджаю ўбралі. Спадзявацца на тое, што ў жніўні—верасні будзе сонечнае надвор'е, не прыходзіцца. Вы самі разумееце, што ўборачны дзень стаў больш кароткі, таму што раса сыходзіць вельмі позна — амаль да 11 гадзін.

Гэта ўплывае на вільготнасць збожжа, адпаведна, неабходна яго сушыць. Не факт, што зернесушылак будзе дастаткова: спатрэбіцца тэхніка, каб перавезці ўраджай на іншыя зернесушыльныя комплексы, у тым ліку хлебакамбінатаў. Трэба рабіць усё магчымае, каб не страціць ураджай.

— Перакідка тэхнікі асабліва актуальная на сённяшні дзень, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Асабліва Віцебская вобласць, поўнач Мінскай, Магілёўскай вобласці. Каб не было шапказакідальніцтва — маўляў, убяром. Вы павінны гэта ўлічыць і перадаць губернатарам. Нам трэба планаваць гэтыя мерапрыемствы.

Кожны рэгіён — асаблівы

Гаворачы пра паўночны рэгіён — Віцебскую вобласць, Прэзідэнт звярнуўся да неабходнасці распрацоўкі новай структуры пасяўных плошчаў:

— Трэба вырошчваць збожжавыя там, дзе яны дадуць добры эфект. А дзе не — трэба пераходзіць на травы, малочную жывёлагадоўлю. Трэба пустуючыя ўчасткі займаць дробнай рагатай жывёлай, вырабляць ялавічыну, ствараць статкі і выпасваць з мая да кастрычніка на поймах і ў іншых месцах. У вас іх больш, чым неабходна. Чаму на Захадзе, у Амерыцы гэтым карыстаюцца, а мы не хочам? Гэта характэрна для ўсіх, але для вас перш за ўсё. У вас ёсць зіма, для таго, каб падумаць, якія ў вас будуць севазвароты і якая будзе структура пасяўных плошчаў. Гэта для Віцебскай вобласці вельмі важна.

Некалькі месяцаў таму Прэзідэнт ужо назначаў новага кіраўніка Аршанскага райвыканкама. На жаль, чалавек зразумеў, што з-за стану здароўя не можа займаць такую адказную пасаду. Таму ўчора на гэту пасаду кіраўнік дзяржавы назначыў Аляксандра Пазняка, які дагэтуль працаваў памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па Віцебскай вобласці. Для яго пастаўлена сур'ёзная задача:

— Вы разумееце, што сёння Орша не проста на слыху. Такіх у нас некалькі рэгіёнаў, і на прыкладзе Оршы мы павінны паказаць, як будзем іх развіваць. Накіроўваць туды новага чалавека, збоку — значыць адцягнуць мінімум на паўгода рэканструкцыю Аршанскага рэгіёна. Яго рэканструяваць, мадэрнізаваць патрэбна. А вы — чалавек, які ў гэта пагружаны. Гэта вам прэзідэнцкае даручэнне.

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што бывае на Аршаншчыне па некалькі разоў на год.

— Вельмі сур'ёзны рэгіён, побач з Расійскай Федэрацыяй. Гэта наш рынак, гэта нашы сябры, нашы браты, вельмі шчыльнае супрацоўніцтва, найважнейшы чыгуначны вузел, гэта напрамак Берлін—Масква, там усё сканцэнтравана. Таму рашайце гэту праблему. Неабходна вырваць гэты рэгіён з ціскоў няўдачнікаў і падняць на больш высокі ўзровень.

Не рэзаць па жывым

Назначаючы кіраўніком Салігорскага райвыканкама Алега Паскробку, першага намесніка міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Прэзідэнт таксама паставіў яму канкрэтную задачу.

— Што да Салігорска, то вы ведаеце, што там адбылося з кіраўніком, таму вам прыйдзецца падымаць імідж улады ў Салігорскім раёне, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — І потым, мы губляем аднаго з дзейных супрацоўнікаў групы, якая займаецца рэформай ЖКГ. Я буду рады, калі вы мне пакажаце новы ўзор рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Толькі не нейкімі там завоблачнымі прапановамі, яны нам непатрэбны. Нам трэба ўсё лепшае ўзяць з таго, што ёсць, і стварыць новую мадэль функцыянавання і кіравання жыллёва-камунальным комплексам. За вамі гэта пытанне пакуль застанецца.

Гаворачы пра раёны Магілёўскай вобласці, куды таксама назначаюцца новыя старшыні, кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што плануе наведаць і Асіповіцкі, і Хоцімскі раёны.

Напрыканцы Прэзідэнт заявіў:

— Вы не ў просты час прыходзіце да кіраўніцтва пярвічным звяном кіраўніцкай вертыкалі. Я вас вельмі прашу здзяйсняць свае ўладныя паўнамоцтвы ў поўным аб'ёме, каб я лішні раз не нагадваў пра тое, што вы — старшыня райвыканкама і адказваеце за функцыянаванне гэтых тэрыторый. Разбярыцеся, з кім будзеце працаваць. Калі людзі ўжо закасцянелі ўвогуле, ад іх трэба пазбаўляцца. Калі захочаце некаму даць шанц, будзе вельмі нядрэнна. Я ўвогуле прыхільнік таго, каб не рэзаць па жывым, розныя прычыны могуць быць, розныя стылі кіраўніцтва да вас, таму дайце людзям шанц. Але гэты шанц не можа расцягнуцца на гады або доўгія месяцы. Гэта літаральна месяц-два.

Асобную ўвагу старшыні райвыканкамаў павінны ўдзяліць праблемным гаспадаркам. Менавіта пра гэта, папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка, ён будзе пытацца ў першую чаргу падчас паездак па рэгіёнах.

Кiраўнiк дзяржавы назначыў:

Рыбакова Валянцiна Барысавiча — пастаянным прадстаўнiком Беларусi пры Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый.

Прэзiдэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Бялова Уладзiмiра Уладзiмiравiча — старшынёй Ганцавiцкага райвыканкама;

Дарашэнкi Аляксандра Вiтальевiча — старшынёй Драгiчынскага райвыканкама;

Мацкевiча Алега Сяргеевiча — першым намеснiкам старшынi Вiцебскага аблвыканкама;

Булаўкiна Андрэя Анатольевiча — старшынёй Бешанковiцкага райвыканкама;

Пазняка Аляксандра Рыгоравiча — старшынёй Аршанскага райвыканкама;

Паскробкi Алега Рыгоравiча — старшынёй Салiгорскага райвыканкама;

Налiвайкi Паўла Уладзiмiравiча — старшынёй Асiповiцкага райвыканкама;

Рубана Дзмiтрыя Мiхайлавiча — старшынёй Хоцiмскага райвыканкама;

Дапкюнаса Андрэя Вадзiмавiча — намеснiкам мiнiстра замежных спраў;

Корбута Аляксандра Мiкалаевiча — намеснiкам мiнiстра прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя;

Баравулi Аляксандра Iванавiча — намеснiкам мiнiстра спорту i турызму;

Марчанкi Аляксандра Анатольевiча — генеральным дырэктарам ААТ «Барысаўскi завод аўтатрактарнага электраабсталявання» — кiруючая кампанiя холдынга «Аўтакампаненты»;

Азарава Генадзя Пятровiча — генеральным дырэктарам ААТ «Вiцязь»;

Пацкевiча Сяргея Сцяпанавiча — генеральным дырэктарам ААТ «Мiнскi завод шасцерняў»;

Марцуля Анатоля Яўгенавiча — генеральным дырэктарам ААТ «МВАВТ»;

Кубракова Iвана Уладзiмiравiча — членам Вiцебскага аблвыканкама;

Клiшэвiча Сяргея Мiхайлавiча — членам Мiнскага гарвыканкама.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: У раёны — лепшыя сілы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?