Вы тут

Пацвярджэнні «Аповесці мінулых гадоў» знайшлі ў Слаўгарадскім раёне


Студэнты МДУ імя Куляшова пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін універсітэта, магістра гістарычных навук Аляксея Аўласовіча працягваюць свае даследаванні ў Слаўгарадскім раёне. Але нават таго, што ім ужо ўдалося знайсці, хапае на сенсацыю.


Антон Цярэшчанка (справа) і Яўген Гарбачэўскі: цікава сваімі рукамі дакрануцца да гісторыі.

Дагэтуль вучоныя ніяк не маглі сысціся ў меркаванні, дзе ўсё ж такі адбылася гістарычная бітва, датаваная 984 годам, паміж войскам Уладзіміра Чырвонае Сонейка на чале з ваяводам па мянушцы Воўчы хвост і радзімічамі, апісаная летапісцам Нестарам у «Аповесці мінулых гадоў». Бо рэчка Пясчанка, якую згадвае старадаўні манах, чыста ўмоўны арыенцір. Паводле сведчання Аляксея Аўласовіча, цяпер з вялікай доляй верагоднасці можна казаць пра тое, што месца бітвы — тэрыторыя сучаснага Слаўгарадскага раёна, а не Браншчыны ці Гомельшчыны, якія таксама разглядаліся ў якасці патэнцыйных пляцовак для бітвы, бо там ёсць сугучныя па назве рэчкі.

За дзень даводзіцца перавярнуць тоны пяску.

— Знойдзены намі ў адным з курганных могільнікаў паясны набор княжацкага дружынніка — яскравае сведчанне на карысць «слаўгарадскага» варыянта, — кажа гісторык. — І хоць пахаваны воін далекавата ад месца легендарнай бітвы, не выключана, што ён меў да яе непасрэднае дачыненне. Астанкі дружынніка былі крэміраваныя, як таго патрабуюць паганскія традыцыі. Да гэтага можна дадаць той факт, што тры гады таму пад Слаўгарадам быў знойдзены незвычайны артэфакт — камень з выявай княжацкага трызубца. Значыць, у канцы дзясятага стагоддзя тут ужо, кажучы сучаснай мовай, існавала адміністрацыя князя Уладзіміра Чырвонае Сонейка. Яна збірала даніну з мясцовых плямёнаў радзімічаў, чые землі пасля бітвы каля ракі Пясчанкі ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі.

Каштоўныя здабыткі.

У спісе ўнікальных здабыткаў магілёўскіх археолагаў — керамічны комплекс, які датуецца Х—ХІ стагоддзямі, срэбны дырхем з арабскай вяззю. Яшчэ ў адным кургане археолагі знайшлі два жаночыя пахаванні. На думку Аляксея Аўласовіча, яны адносяцца прыблізна да таго ж дзясятага стагоддзя. «Калі адна жанчына была крэміраваная, то другая — пахаваная па хрысціянскім абрадзе. Час, калі яны былі адданыя зямлі, «падказаў» яшчэ і пярсцёнак адной з іх», — удакладняе ён.

Той самы срэбны дырхем.

Вядома, канчатковыя вывады будуць зроблены пасля падрабязнага вывучэння артэфактаў. Аднак ужо сёння можна казаць, што такія рэчы археолагі знаходзяць даволі рэдка. Ды і падняць іх праз стагоддзі з глыбінь зямлі складана. Студэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта за дзень даводзіцца пераварочваць тоны пяску. Але гэта не палохае будучых гісторыкаў. Шмат хто з іх пасля абавязковай трохтыднёвай адпрацоўкі прадоўжылі раскопкі, можна казаць, на валанцёрскіх пачатках. Антон Цярэшчанка і Яўген Гарбачэўскі з іх ліку.

Жыццё ў паходных умовах.

— Уласнымі рукамі дакрануцца да гісторыі і нават упісаць у яе сваю старонку — дзеля гэтага, пагадзіцеся, можна і трэба зрабіць усе магчымае, — выказаў думку большасці таварышаў па экспедыцыі Яўген Гарбачэўскі.

Пасля работы можна і адпачыць.

Калі вучоныя Акадэміі навук краіны пацвердзяць асноўную версію аб месцы гістарычнай бітвы княжацкай дружыны з радзімічамі каля ракі Пясчанкі, падручнік па гісторыі Беларусі дапоўняць новымі фактамі. І, як лічаць магілёўскія археолагі, адной рэдакцыяй справа не абмяжуецца. Наша зямля, як высвятляецца, захоўвае яшчэ шмат таямніц.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».