Вы тут

Казачныя карункі Вольгі Старасцінай


Вольга Старасціна з тых жанчын, якія сваім прыкладам натхняюць іншых. Усяго сем гадоў таму нікому не вядомая настаўніца з Капыля звязала першыя ў сваім жыцці ірландскія карункі, а сёння адзенне, створанае яе рукамі, заказваюць у дзясяткі краін свету. "Алеся" даведалася ў Вольгі, як у яе атрымалася ператварыць хобі ў паспяховы бізнес і чаму ірландскія карункі - гэта "вечны" модны трэнд.

– Вязаць я любіла заўсёды, але толькі для сябе і блізкіх. А калі пайшла ў дэкрэт, вырашыла крыху падзарабіць на сваім уменні: аформілася як рамеснік і пачала вязаць на заказ. Вельмі хацелася, каб мае работы былі асаблівымі, выдзяляліся на фоне астатніх. Якраз тады мне на вочы выпадкова трапіліся ірландскія карункі. Я пачала шукаць інфармацыю пра гэтую тэхніку вязання, спрабаваць нешта рабіць. Канешне, дастойная рэч атрымалася не з першага разу. Прыблізна год я толькі набівала руку – засвойвала тэхналогію, якая патрабуе руплівага падыходу, цярпення, няспешнасці. У выніку атрымалася кофтачка, якая адразу ж трапіла на вокладку часопіса “Ксюша. Для тых, хто вяжа”.

 

– Гэта стала адпраўной кропкай для вашай новай кар’еры?

– Не зусім. Рашучую ролю для мяне сыграў інтэрнэт. Дзякуючы яму я даведалася пра ірландскія карункі, ён жа дапамог мне знайсці першых кліентаў. Адным словам, я ў поўнай меры адчула на сабе вялікую сілу прагрэсу, хоць і вяжу карункі ў старадаўняй тэхніцы.

 

Ірландскія карункі з’явіліся ў Сярэднявеччы на поўдні Ірландыі. Іх выраблялі манахіні і дзяўчаты-паслушніцы пры манастырах. Адзенне з карункаў было вельмі дарагім, яго набывалі толькі заможныя людзі і перадавалі з пакалення ў пакаленне як сямейную рэліквію.

Сярэдняя цана на рэчы з ірландскіх карункаў – каля 2000 долараў. Іх каштоўнасць у тым, што яны робяцца выключна ўручную. Па гэтай прычыне не бывае дзвюх абсалютна аднолькавых рэчаў, звязаных у такой тэхніцы. Спачатку вяжуцца асобныя невялічкія фрагменты карункаў, так званыя матывы. Потым яны збіраюцца сеткай-асновай, і рэч набывае свой канчатковы выгляд.

Амаль кожны сусветна вядомы дом мод раз у некалькі сезонаў выкарыстоўвае ў сваіх калекцыях “ад куцюр” рэчы, выкананыя ў тэхніцы ірландскіх карункаў. Гэта сведчыць пра тое, што яны з’яўляюцца “вечным трэндам”, а таксама падкрэслівае іх статуснасць і ўнікальнасць. 

 

- У які момант вы зразумелі, што вязанне можа стать для вас асноўнай працай?

– Не сакрэт, што настаўнікі атрымліваюць зусім сціплыя заробкі. Таму ў хуткім часе мне захацелася цалкам сканцэнтравацца на вязанні карункаў. Спыняла толькі тое, што многія блізкія сумняваліся ў поспеху маёй задумкі. Адважыцца на такія сур’ёзныя перамены дапамаглі кліенткі. Заказаў з кожным днём станавілася ўсё больш, гэта сведчыла пра цікавасць да маіх прац. Канешне, адмовіцца ад стабільнай зарплаты і адправіцца ў вольнае плаванне было страшна і рызыкоўна, але, як паказаў час, неабходна.

– Напэўна, цяжкасцяў на шляху да поспеху было нямала?

– Канешне! Без іх не бывае развіцця. Я прыйшла ў бізнес з педагагічнай адукацыяй, без сувязяў і інвестыцый. Вучылася, як кажуць, на сваіх жа памылках. Але на ўсе негатыўныя моманты імкнулася рэагаваць без лішніх эмоцый і паварочваць на карысць сабе – успрымала іх як досвед.

Самае складанае ў працы “на сябе”, на маю думку, – гэта правільна арганізаваць свой час і не распыляцца на дробязі. Калі я набыла гэтае ўменне, усё адразу стала прасцей.

 

– А як сёння вы плануеце свой дзень?

– Ён распісаны па хвілінах, – у пацверджанне сваіх слоў Вольга паказвае вялікі нататнік, дзе сапраўды акуратным почыркам пазначаныя планы на кожны дзень. – Я прачынаюся ў шэсць гадзін раніцы. Першую палову дня займаюся арганізацыйнымі пытаннямі: вяду перамовы з кліенткамі, заказваю бавоўну, даю інтэрв’ю, праводжу фотасесіі і інш. Пасля абеду і да позняга вечара вяжу. Заказы ж распісаныя аж да 2019 года!

Вольнага часу ў мяне няма, нават сустрэчы з сябрамі даводзіцца планаваць загадзя. Адзінае – дзеля казак перад сном для дачкі я гатова перанесці нават самыя важныя справы.

– Цяпер вас можна назваць сапраўднай бізнес-ледзі?

– Я толькі вучуся. Паколькі абсалютна ўсім займаюся самастойна, даводзіцца развівацца ў вельмі розных кірунках прадпрыймальніцкай дзейнасці, акрамя самога вязання. Напрыклад, эканоміку спасцігаю праз аўдыякнігі, якія вельмі зручна слухаць, калі вяжаш. Адно другому не замінае, і я адначасова забіваю двух зайцоў.

І ўсё ж на першым месцы для мяне заўсёды застаецца сам дызайнерскі працэс стварэння карункаў. Я атрымліваю асаблівае задавальнне ад разумення таго, што ствараю нешта ўнікальнае, непаўторнае. Кажуць, што рэчы, зробленныя рукамі, валодаюць асаблівай энергетыкай. Для мяне гэта не пустыя словы. За працу я заўсёды саджуся толькі ў добрым настроі і з пазітыўнымі думкамі.

 

– Дзеці не крыўдуюць, што мама пастаянна занятая?

– Сыну ўжо 21, ён і сам дарослы чалавек. А васьмігадовая дачка разумее, што ўсё робіцца дзеля іх з братам. Дзяцей я на ўласным прыкладзе вучу правільна планаваць свой час. Прыемна, што дачушка ўжо пачала цікавіцца ірландскімі карункамі, спрабуе нешта рабіць самастойна. Сваю гандлёвую марку я таму і назвала “Вольга-Анастасія”, бо спадзяюся, што дачка працягне маю справу.

– Як складваюцца адносіны з канкурэнтамі?

– Кола майстроў, якія працуюць у тэхніцы ірладнскіх карункаў, зусім невялікае, усе адзін аднаго ведаюць, калі не асабіста, дык завочна дакладна. Нельга сказаць, што паміж намі ёсць сур’ёзная канкурэнцыя, паколькі займацца гэтай справай могуць адзінкі. І тут пытанне не толькі ў таленце і майстэрстве. Для таго, каб выйсці на сур’ёзны ўзровень, трэба аддавацца карункам на 100 адсоткаў, быць апантаным вязаннем.

У кожнага майстра свой стыль і свае адметнасці ў працы, таму і кліенты ва ўсіх нас розныя.

 

– Цікава, хто замаўляе адзенне з ірландскіх карункаў?

Сярод маіх кліентак жанчыны розных узростаў, прафесій, культуры, з розным дастаткам. Аднак усіх іх аб’ядноўвае ўнутраная эстэтыка, імкненне не толькі да прыгожых, але і да якасных рэчаў.

З многімі ў мяне складваюцца сяброўскія адносіны. А інакш і быць не можа. Для таго, каб заказчык застаўся задаволены вырабам, я павінна добра ведаць яго характар і густы. Да таго ж працэсс стварэння кожнай рэчы працягваецца некалькі месяцаў, падчас якіх адбываюцца шматлікія ўзгадненні.

– А што самі любіце насіць?

– Аддаю перавагу адзенню класічнага стылю. Не ганюся за гучнымі брэндамі, у першую чаргу гляджу на якасць. Таму ў маім гардэробе хапае рэчаў беларускіх вытворцаў. Канешне, шмат чаго я магу зрабіць сабе сама. Бывае, іду па вуліцы ў ірландскіх карунках і заўважаю, як абарочваюцца людзі, глядзяць мне ўслед. Аднойчы да мяне падыйшоў мужчына і ўвогуле папрасіў прадаць для яго жонкі сукенку, што была ў той момант на мне...

 

– Вашы вырабы носяць жанчыны Германіі, Францыі, Латвіі, Украіны, Казахстана, Арабскіх Эміратаў, Расіі. Ці не задумваліся вы аб пераездзе з маленькага Капыля ў вялікі горад?

– Прынцыпова не хачу нікуды пераязджаць. Маленькі горад – ідэальнае месца для маёй працы. Тут усё побач і ўсё мне знаёма. Я не губляю час на транспарт і чэргі. Да таго ж тут нічога не адцягвае маёй увагі ад творчага працэсу. Свае работы я адпраўляю кліенткам поштай, таму ніякіх праблем у гэтым плане не ўзнікае.

 

– Аднак планы на развіццё справы ў вас, напэўна, ёсць?

– Безумоўна. У 2016 годзе мяне прынялі ў Міжнародную арганізацыю каруначніц OIDFA. Гэта не толькі прыемна, але і вельмі адказна для мяне. Цяпер у планах - прыняць удзел у міжнароднай выставе карункаў у Галандыі ў 2018 годзе. Вельмі хочацца ў бліжэйшыя некалькі гадоў адкрыць школу каруначніц у Беларусі. Але перад гэтым трэба абавязкова прайсці стажыроўку ў майстроў ірландскіх карункаў пры Каралеўскім двары Велікабрытаніі.

– Што можаце пажадаць нашым чытачам?

– Любіце тое, што робіце, і рабіце толькі тое, што любіце. Гэта фраза заўсёды дапамагае мне ў цяжкія хвіліны і не дае збіцца са шляху.

Фота Аліс Юневіч

 

 

 

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.