Вы тут

Наймацнейшыя сярод нас…


(творчы дыялог Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка)


Над кнігай «Я з вогненнай вёскі» Янка Брыль працаваў разам з Алесем Адамовічам і Уладзімірам Калеснікам.

«Колькі было перагаворана — каля надрэчнага вогнішча, на лясной дарозе, на свежым сене гумнаў, у хатняй утульнасці, пры настольнай лямпе і без яе, у начной цішыні то ў яго, то ў мяне, то ў нейкай незнаёмай да таго сціплай гасцініцы. Мужчынская шчырасць дружбы. “Падабенства сэрцаў”, як напісаў… яшчэ адзін наш Валодзя, Караткевіч» (Я. Брыль пра У. Калесніка).

Уладзімір Калеснік быў і па сёння застаецца найарыгінальнейшым і аўтарытэтным даследчыкам творчасці Янкі Брыля. Гэтаму спрыяла іх шматгадовае сяброўства, глыбокае ўзаемаразуменне. Яны мелі шмат агульнага і ў асабістых лёсах. Абодва — заходнікі, землякі, узгадаваныя ў шчодрым Наднямонні: Янка Брыль — на паэтычнай Наваградчыне, Уладзімір Калеснік — на Карэліччыне, што зусім побач. Гэтая акалічнасць вызначала пэўнае ментальнае падабенства. Да таго ж абодва прайшлі праз вайну з фашызмам, кожны — сваім драматычным шляхам. А потым яны і Алесь Адамовіч са старонак кнігі «Я з вогненнай вёскі…» пакажуць свету палаючую Беларусь, палаючыя жыцці ні ў чым не павінных людзей, чым прымусяць людзей розных краін задумацца над прычынамі дзікага чалавеканенавісніцтва.

Гісторыя іх сяброўства налічвае паўстагоддзя. Былі ў іх сумесныя падарожжы і адпачынкі. «Падарожжы бліжэйшыя па роднай Наваградчыне, і далейшыя, то ўдвух, то сем’ямі, то ў сяброўскай кампаніі… На працягу 1970 —1973 гадоў летнімі тыднямі мы сустракаліся з ацалелымі жыхарамі беларускіх “вогненных вёсак”. Адпачывалі разам над Нёманам і Шчарай, на Нарачы і Свіцязі, у Юрмале і Каралішчавічах...» (Я. Брыль). Разам апекаваліся маладзейшым і таленавітым Уладзімірам Караткевічам.

І Я. Брыль, і У. Калеснік — людзі надзвычайнай начытанасці, абазнанасці не толькі ў літаратуры, але і ў гісторыі, філасофіі, эстэтыцы, жывапісе. Для нас, маладзейшых, яшчэ пры іх жыцці яны самі былі сапраўднай гісторыяй беларускасці, нязломнасці беларускага духу. І кожны з іх — адметная, духоўна багатая асоба. Іх сяброўства — гэта дыялог дзвюх вялікіх асоб, які доўжыўся паўстагоддзя пры іх жыцці.

Яны былі ўдзячныя адзін аднаму за шчодрае на чалавечую і творчую ўзаемнасць сяброўства. Смуткуючы пасля адыходу У. Калесніка, Я. Брыль згадваў, што часта яму было прыемна згаджацца з сябрам, цікава і спрачацца, «як гэта ў нас бывала… над ягоным ці маім рукапісам, а то і задаволена смяяцца па-нашаму, як шчаслівыя юнакі… Мне пашчасціла разам з ім нямала павандраваць і па нашых родных мясцінах, і па прасторах ад Белавежы да Прыпяці. Ён, як дамоў, запрашаў мяне на сустрэчы са сваімі студэнтамі і сябрамі-пісьменнікамі “Берасцейскага вогнішча”». Я. Брыль цаніў і любіў свайго старэйшага сябра, паплечніка ў службе роднаму слову, з пашанай і сумам пісаў пра гэта ў прадмове да кнігі «ўспамінальнай прозы» У. Калесніка «Доўг памяці».

Думаецца, што найперш Я. Брыля і У. Калесніка яднала беларускасць, якую абодва лічылі «стрыжнем асобы, чалавечаю нормай». Я. Брыль, у прыватнасці, пісаў: «Гэта нармальна, што яно ў мяне ёсць, было і будзе — адчуванне роднай зямлі, народа, мовы, — нягледзячы ні на што». У. Калеснік, задумаўшыся над выказваннем сябра, уступаў у дыялог з пісьменнікам і працягваў ужо ад сябе разгортваць гэтую маральна-філасофскую тэму: «Так, гэта нармальна ў прынцыпе, але жыццё несла так многа адхіленняў, якія станавіліся насланнём, бядою, што не раз пхала нас, беларусаў, да нацыянальнага нябыту. На шчасце, норма, захаваная дужэйшымі сярод нас, вяртала на шлях адраджэння ўсіх».

Дыялогам пісьменніка і крытыка ўяўляецца ўсё, напісанае У. Калеснікам аб творчасці Я. Брыля. Найперш — гэта кніга «Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці» (Мінск, Народная асвета, 1990). Несумненна, што гэта даследчыцкая праца — адна з лепшых кніг падобнага жанру ў беларускім літаратуразнаўстве. Яна з’яўляецца ўзорам не толькі глыбокага досведу аўтара па абранай тэме, але і высокай эстэтычнай густоўнасці, высокапрафесійнай чуйнасці даследчыка да кожнай дэталі як у жыцці, так і ў творчасці мастака слова. Гэта кніга ўзорная і ў плане бездакорнасці абраных навукова-метадалагічных падыходаў. Кніга пра Я. Брыля, як і іншыя працы У. Калесніка, убірае багаты жыццёвы, маральна-этычны і духоўны досвед не толькі пісьменніка, але і самога даследчыка, выдатнага літаратара. Асэнсаванне жыццёвага шляху Я. Брыля і яго мастацкай творчасці тут дапоўнена асабістым бачаннем свету даследчыка, што ўтварае згарманізаваны, больш, чым літаратуразнаўчы, — чалавеказнаўчы дыялог-дыскурс.

Янка Брыль і Уладзімір Калеснік. 1970-я гг.

Выдатнай з’явай айчыннага літаратуразнаўства стаў і раздзел, прысвечаны аксіялагічнай, маральна-філасофскай інтэрпрэтацыі лірычных мініяцюр Я. Брыля «Усё чалавечае» з апошняй Калеснікавай кнігі з той жа назвай — «Усё чалавечае: Літаратурныя партрэты, артыкулы, нарысы» (Мінск, Мастацкая літаратура, 1993).

Жанр гаворкі-роздуму пісьменніка з сабой і з усімі, з прыродай, жыццём і светам прыйшоў у творчасць Я. Брыля яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя. Думаецца, што не без самапрызнання пісьменніка крытык У. Калеснік назваў мініяцюры Я. Брыля (як, дарэчы і іншых тагачасных беларускіх і ўвогуле савецкіх пісьменнікаў) «формай барацьбы за свабоду творчасці ва ўмовах ідэалагічнага аўтарытарызму і рэгламентацыі творчага працэсу». І сапраўды, менавіта глытком свежага паветра ў беларускай літаратуры яны былі ў пасляваенныя і застойныя гады, калі, па трапным вызначэнні У. Калесніка, уся беларуская і савецкая духоўная прастора «была засмечана ідэалагічным пустазеллем». Менавіта тады Я. Брыль, «насуперак стандартам, склаў падборку колішніх сваіх шчырых нататак, каб вызваліцца з творчага прастою, да якога давялі выдавецкія ментары» (У. Калеснік).

У. Калеснік, як вельмі нямногія даследчыкі, убачыў «эстэтычна-выяўленчую закончанасць, самастойнасць і самацэннасць» мініяцюр Я. Брыля ў той час, як некаторыя калегі-пісьменнікі іранізавалі, што кніга мініяцюр — нішто ў параўнанні з раманам… што мініяцюры не адпавядаюць мажнай постаці іх аўтара… Вылучаючы высокую мастацкую вартасць Брылёвых мініяцюр, У. Калеснік пераконваў: яны — нешта большае і іншае, чым дзённікавыя запісы, чым сучасная еўрапейская авангардысцкая проза; гэта — не мазкі імпрэсіяніста на палатне і «не сімвалісцкія таемныя знакі… Цыклы мініяцюр і кнігі мініяцюр — гэта сістэма аб’яднаных гуманістычнаю ідэяй вобразаў і думак, афарызмаў і парадоксаў, назіранняў і выказванняў аб людзях і свеце, аб надзённым і вечным, аб чалавеку, яго мажлівасцях і немагаце». У. Калеснік трапна акрэсліў сутнасць брылёўскага падыходу ў гэтым жанры да асобы чалавека як «змястоўную адзіноту», як сітуацыю медытацыі і самаацэнкі. Абодва пагаджаліся, што чалавек становіцца індывідуальнасцю ў калектыве, дзе кожны мае магчымасць «адчуваць сябе суб’ектам, якога за нешта любяць, а за нешта асуджаюць… Калектыў, як і самота, могуць шкодзіць індывідуальнасці і спрыяць… Калектывізм і індывідуалізм — падобна як і ўласнасць: нажытая сумленна выхоўвае, а накрадзеная — дэмаралізуе...» (У. Калеснік).

Пісьменнік Я. Брыль, па слушным меркаванні У. Калесніка, быў «вельмі чулы да грамадскай і жыццёвай каштоўнасці чалавечых схільнасцяў», таму яго ацэнкі паводзін людзей даюцца «паводле гуманістычнай стваральнай этыкі» і «выключна брылёўскай “саборнасці”» ўспрымання свету. У сваіх даследаваннях аб творчасці сябра У. Калеснік паслядоўна і аргументавана прадставіў Я. Брыля ідэйным паслядоўнікам і вучнем вялікіх пісьменнікаў ХІХ ст. Л. Талстога і А. Чэхава. Адначасова даследчык выказаў, несумненна, слушнае меркаванне пра «еўрапейскасць» творчай постаці Я. Брыля, якая засведчана моцным гучаннем «агульначалавечых быційных праблем і глабальных пытанняў сучаснасці», таго, што грамадская думка назвала ў 80-я гг. мінулага стагоддзя «новым мысленнем».

Літаратары, даследчыкі творчасці Я. Брыля і ўсёй нацыянальнай літаратуры ў будучыні, як і ў нашы дні, абавязкова будуць пранікліва ўчытвацца ў глыбокія калеснікаўскія развагі аб сямейных і маральна-духоўных, светапоглядных вытоках творчасці народнага пісьменніка Беларусі, будуць захапляцца праніклівасцю, трапнасцю і афарыстычнасцю думак і выказванняў У. Калесніка аб творах Я. Брыля розных жанраў. Самыя дапытлівыя і ўдумлівыя знойдуць у высновах крытыка перспектыву да новых даследчыцкіх падыходаў, падказкі да абноўленага прачытання брылёўскай прозы — стылёва сінтэтычнай, філасофскай, лірыка-аналітычнай. Пісьменнік у творчай працы ўбачыў сэнс жыцця — жыць для людзей, быць «сувязным паміж сваім народам і чалавецтвам, яго духоўнай скарбніцай» (У. Калеснік).

Заўсёды будуць актуальныя маральна-філасофскія запаветы Я. Брыля пра неабходнасць памятаць, што жыццё дадзена толькі адзін раз, што нельга жыць як на вакзале — абы хутчэй прайшоў час; кожны з нас павінен ведаць, які цягнік твой і паспець на яго сесці; неабходна шанаваць і берагчы жыццё ва ўсіх яго праявах, жыць змястоўна… Разважаючы пра сэнс быцця, пісьменнік неаднойчы падкрэсліваў часовасць, абмежаванасць чалавечага жыцця на зямлі. Пры гэтым Я. Брыль заўважаў: «Часовасць гэтую разумеюць па-свойму і мудрасць і дурнота. Адна стараецца насыціць яе, часовасць, мудрым зместам, а другая — схапіць хоць што». А вось як інтэрпрэтуе і дапаўняе свайго сябра ў філасофскім дыялогу У. Калеснік.

Каб пражываць змястоўна ўласнае адзінкавае жыццё, чалавеку патрэбна далучыцца да жыцця зборнага, грамадскага, сваяцкага, сяброўскага, нацыянальнага, агульначалавечага. Менавіта ў кантэксце жыцця ўсяго чалавецтва, якому няма канца, асоба можа пазнаць самую сябе, знайсці сваю мэту… Жыць для людзей, дзеля іх шчасця, прыносіць радасць творамі — усе гэтыя ідэі свяцілі Я. Брылю з юнацтва».

Я. Брыль раіў сабе і ўсім, каму цікава прыслухацца да яго досведу: «Мітусіцца не трэба, трэба аберагаць свой час, заўсёды, штодня нацэльвацца на галоўнае, зноў і зноў вучыцца… Трэба ўмець радавацца чужому поспеху. Думаючы пра поспех роднай літаратуры. Трэба… увесь час вучыцца гэтай радасці… сціпласці, адчуванню абавязку».

Няма сумненняў, што неаднойчы Я. Брыль і У. Калеснік уступалі і ў вусны сяброўскі філасофскі дыялог пра сэнс жыцця, супастаўлялі меркаванні ідэалістаў і матэрыялістаў. І абодва пагаджаліся, што цалкам сэнс жыцця не спасцігнуты ні першымі, ні другімі і, думаецца, абодва адчувалі пэўную радасць ад яго неспазнавальнай глыбіні. Вось як пра гэта сведчыць У. Калеснік: «Я. Брыль ведае людзей, якія пэўныя, што маюць канчатковую формулу сэнсу жыцця. На жаль, чым больш самаўпэўненасці ў гэтых людзей, тым больш беднасці, банальнасці ў іх формулах. Найбольш цяжкія выпадкі зніжэння сэнсу жыцця — гэта бездухоўнасць, звядзенне жыцця да клопату пра сытасць, камфорт, кар’еру.

Я. Брыль вядзе зацятую барацьбу з бездухоўнасцю і вульгарнай апушчанасцю, трыбушною люмпенізацыяй, бо чалавеку ўласціва прага духоўнасці і патрэба сцвярджаць сябе добрымі справамі, дасягаць этычнай чысціні кожнага дня, кожнага кроку… Яго назіранні і роздумы — прыклад спажыткоўвання здабыткаў уласнага і агульналюдскога духу для пераўтварэння чалавека ў Чалавека».

Творчы дыялог гэтых сапраўды вялікіх, наймацнейшых сярод нас сваім духам людзей пераконвае, што былі яны носьбітамі ідэй аб людскім братэрстве і грамадскай гармоніі, «рыцарамі сумлення і свабоды» (У. Караткевіч).

І Я. Брыль, і У. Калеснік пакінулі нам мудрыя і мужныя парады, як годна жыць у маладым узросце і на апошнім этапе, калі чалавек набліжаецца да непазбежнага. Кожнаму варта павучыцца ў іх здольнасці парадкаваць уласную душу штодзень: не паддавацца плебейскай псіхалогіі самасуяў, пераадольваць у сабе зло. Маральны самакантроль і гуманістычная самаарыентацыя, як падказваюць сёння са старонак сваіх кніг Я. Брыль і У. Калеснік, дапамагаюць асобе знайсці месца ў агульначалавечай справе. Яны пакінулі нам веру, што гуманізм, маральнасць, краса свету і чалавека, ідэалы нацыянальнай дзяржавы і дэмакратызм з’яўляюцца трывалымі арыенцірамі для абнаўлення і самаразвіцця грамадства і чалавека, а значыць, і для кожнага з нас.

Зоя МЕЛЬНІКАВА, доктар філалагічных навук, прафесар, г. Брэст

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.