Вы тут

10 фактаў пра «Звязду»


9 жніўня «Звязда» адзначыць вялікі юбілей – 100 год. За гэты прамежак часу ў газеце адбылося шмат пераўтварэнняў. Ужо з самага пачатку існавання выданне «Звязды» неаднаразова спрабавалі спыніць. У ваенныя гады газета стала баявым лістком народных мсціўцаў, які натхняў іх на новыя подзвігі. Гэтыя і іншыя факты з жыцця выдання – у нашым аглядзе.


1. Першы нумар «Звязды» выйшаў 9 жніўня 1917 года. За рэвалюцыйны характар публікацый Часовы ўрад неаднаразова спрабаваў спыніць выданне газеты, якая з'яўлялася органам Мінскага камітэта РСДРП(б). Рэдакцыя некалькі разоў пераязджала, газета вымушана была выходзіць пад іншымі назвамі – «Молат» і «Буравеснік».

2. Дзякуючы «Звяздзе» Максім Гарэцкі пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. У пачатку 1919 года адзін з рэдактараў «Звязды» Вільгельм Кнорын запрасіў Гарэцкага да сябе на работу. На той час газета выходзіла ў Мінску. Але неўзабаве рэдакцыя перабралася ў Вільню. З ёй пераехаў і пісьменнік... У Вільні ён застаўся і пасля раптоўнага захопу горада польскімі войскамі: не паспеў вярнуцца ў Мінск. Супрацоўнічаў з мясцовымі выданнямі. Калі 1 чэрвеня 1919 года там адкрылася першая Беларуская гімназія, у якой усе прадметы выкладаліся па-беларуску, вельмі ўзрадаваўся. І не толькі таму, што хацеў выкладаць. Аказваецца, што тамтэйшая настаўніца Леаніла Чарняўская складала чытанку для школьнікаў «Родны край». З ёй акурат і імкнуўся пазнаёміцца Гарэцкі...

Максім Гарэцкі з сям'ёй

3. 9 жніўня 1927 года газета ўпершыню выйшла цалкам на беларускай мове і з таго часу з'яўляецца найбуйнейшым беларускамоўным выданнем у Беларусі. 15 ліпеня таго ж года Бюро ЦК КП (б) Беларусі зацвердзіла наступнае рашэнне: «Пры пераводзе газеты «Звезда» на беларускую мову пакінуць назву газеты, ужываючы беларускую транскрыпцыю («Звязда»)».

4. Першы нумар падпольнай «Звязды» таемна набіраўся ў нямецкай тыпаграфіі! Ён выйшаў 18 мая 1942 года тыражом у 2 тысячы экзэмпляраў. Газета стала баявым лістком народных мсціўцаў, які натхняў іх на новыя подзвігі. Трапіла яна і ў рукі да ворагаў. Для пошуку тыпаграфіі з Берліна выклікалі дасведчаных разведчыкаў. Гітлераўцы ведалі: пагібель самай вядомай і аўтарытэтнай беларускай газеты – органа Мінскага гаркама КП(б)Б – нанясе непапраўны ўрон падпольнаму руху. Толькі падпольную рэдакцыю яны так і не знайшлі.

5. Першы каляровы нумар «Звязды» выйшаў 3 ліпеня 1945 года – акурат у першую гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

6. 16 чэрвеня 2005 года ў гонар газеты назвалі мінскі праспект – праспект газеты «Звязда».

7. За стагоддзе існавання газеты яе ўзначальвалі 34 рэдактары. Яна створана М.В. Фрунзе і А.Ф. Мясніковым — яны былі першымі рэдактарамі выдання. На сёння галоўным рэдактарам «Звязды» з'яўляецца Павел Сухарукаў.

А.Ф. Мяснікоў і М.В. Фрунзе

8. У дзень 100-годдзя газеты — 9 жніўня — у друк выйдзе 28515-ты нумар «Звязды».

9. «Звязда» — такую назву носіць хуткі фірмовы цягнік Мінск-Санкт-Пецярбург.

10. За вялікую патрыятычную дзейнасць у гады Вялікай Айчыннай вайны наша газета ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, за свае працоўныя дасягненні – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Помнікі, устаноўленыя ў гонар газеты або яе супрацоўнікаў знаходяцца ў Мінску (на вуліцах Кульман, Беламорскай, Караля; на Плошчы Незалежнасці, праспекце Незалежнасці, непадалёку ад праспекта Пераможцаў пахаваны і легендарны наборшчык падпольнай «Звязды» Хасан Мустафавіч Александровіч), а таксама на востраве Зыслаў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».