Вы тут

Чаму ліхаманіць каралеўства Марока?


Кароль Марока Мухамед VІ памілаваў амаль 1200 чалавек, змешчаных пад арышт за ўдзел у пратэстах на поўначы краіны. Падчас выступленняў у гэтай афрыканскай краіне каля 80 паліцэйскіх атрымалі раненні. Як адзначаецца ў заяве міністэрства юстыцыі, частка памілаваных удзельнічала ў дэманстрацыях у партовым горадзе Эль-Хасейма і яго акругах. Прабачэнне караля атрымалі тыя, «хто не здзяйсняў злачынстваў і не быў замяшаны ў сур'ёзных інцыдэнтах». Чаму ліхаманіць каралеўства, якое дагэтуль было сімвалам стабільнасці на «чорным кантыненце»?


Смачны кавалак

Марока знаходзіцца зусім непадалёк ад Старога Свету — Гібралтарскі праліў аддзяляе гэтую афрыканскую краіну ад Еўропы ўсяго на 16 кіламетраў. Кажуць, што стоячы на ўзбярэжжы каралеўства, можна назіраць за рухам машын у Іспаніі. А два іспанскія анклавы — Сеута і Мелілья — размясціліся на тэрыторыі самога каралеўства. Марока — адна з найстаражытнейшых дзяржаў «чорнага кантынента». Менавіта тут, у раёне Касабланкі, выяўлены першыя сляды знаходжання чалавека ў Паўночнай Афрыцы.

Гэтыя мясціны насамрэч стратэгічныя, таму спрадвек прыцягвалі заваёўнікаў. На міжземнаморскім узбярэжжы Марока заснавалі свае гандлёвыя калоніі спачатку фінікійцы, затым тут атабарыліся карфагеняне. З ІІ стагоддзя да н. э., пасля заваявання Карфагена рымлянамі, пачалося рымскае валадарства ў Паўночнай Афрыцы. У 429 годзе тэрыторыю сучаснага Марока (рымскую правінцыю Маўрытанія Тынгітана) захапілі вандалы, але праз сто гадоў яе вярнулі ў склад імперыі візантыйцы. У 682 годзе пачалося арабскае заваяванне Паўночнай Афрыкі. Першую арабскую дзяржаву на тэрыторыі Марока заснаваў у 784 годзе ўцякач з Аравіі імам Ідрыс ібн Абдалах. Найбольшага росквіту яна дасягнула пры дынастыях Альмаравідаў і Альмахадаў у ХІ—ХІІ стагоддзях.

У ХVІІ—ХІХ стагоддзях гэтая тэрыторыя лічылася пірацкай дзяржавай, паколькі ў многіх гарадах фактычная ўлада знаходзілася ў руках карсараў. Аднак гэта не перашкаджала ажыццяўляць дыпламатычныя функцыі, у 1777 годзе Марока аказалася першай дзяржавай у свеце, якая прызнала незалежнасць ЗША. У 1859—1860 гадах Іспанія заняла частку земляў султаната. У канцы ХІХ стагоддзя Марока стала аб'ектам саперніцтва Іспаніі, Францыі, Англіі, а ў ХХ стагоддзі — таксама і Германіі. У выніку мараканскіх крызісаў 1906—1911 гадоў Францыя здабыла большую частку гэтай тэрыторыі.

Пасля трохгадовага перыяду масавых выступленняў, якія ў шэрагу мясцовасцяў краіны перайшлі ў антыфранцузскае паўстанне, і палітычнага крызісу, выкліканага спробамі змены караля, у сакавіку 1956 года Францыя прызнала незалежнасць Марока, а ў красавіку незалежнасць атрымала і Іспанскае Марока, хоць некалькі гарадоў засталося за іспанцамі. Цяпер гэтая краіна (дарэчы, трэцяя ў свеце па колькасці насельніцтва арабскамоўная дзяржава пасля Егіпта і Судана) лічыцца традыцыйным саюзнікам ЗША і Францыі ў макрарэгіёне.

Па слядах меч-рыбы

У 2011-м полымя рэвалюцыі, загарэўшыся ў Тунісе, хутка перакінулася на суседнія краіны. Аднак Марока, у адрозненне ад, напрыклад, Егіпта, «арабскую вясну» перажыло адносна спакойна, паколькі кароль Махамед VІ праявіў сябе кіраўніком больш мудрым, чым іншыя лідары рэгіёна, заўважае lеntа.ru. Адразу пасля пачатку масавых хваляванняў манарх выступіў з адмысловым зваротам да падданых. Ён паабяцаў працягнуць структурныя рэформы, пачатыя яго бацькам Хасанам ІІ, падкрэсліўшы, што галоўная мэта яго праўлення — забяспечыць годнае жыццё ўсім мараканцам, асабліва маламаёмным. Словы былі тут жа падмацаваныя справамі: на прадуктовыя датацыі накіравалі больш за 20 мільярдаў долараў, што дазволіла ўтрымаць цэны на асноўныя прадукты харчавання — малако, хлеб, алей і цукар. Акрамя таго, улады пайшлі на павышэнне заробкаў дзяржслужачым — галоўным чынам дробным чыноўнікам, многія з якіх былі актыўнымі ўдзельнікамі пратэстаў. У выніку колькасць незадаволеных моцна скарацілася.

Неўзабаве кароль абвясціў і аб палітычных пераўтварэннях. Летам таго ж года ў краіне быў праведзены рэферэндум аб унясенні змяненняў у канстытуцыю. Папраўкі ў асноўны закон краіны падтрымалі практычна ўсе мараканцы. У прыватнасці, з тых часоў прэм'ер-міністр вылучаецца партыяй, якая перамагла на парламенцкіх выбарах. Прэм'ер атрымаў права распускаць парламент і прызначаць міністраў. Але манарх застаўся галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, а таксама быў афіцыйна абвешчаны «вышэйшым рэлігійным аўтарытэтам» краіны. Акрамя таго, кароль захаваў за сабой кантроль над спецслужбамі і права прызначаць кіраўнікоў рэгіёнаў.

Увогуле, напал у мараканскім грамадстве ўдалося пагасіць, але, як высветлілася, толькі на час. Рэформы аказаліся чыста касметычнымі. Грошай у казне на харчовыя датацыі і павышэнне заробкаў чыноўнікаў не хапала, а пакрыць дэфіцыт з іншых крыніц не ўдавалася. Уся ўлада па-ранейшаму была засяроджана ў руках караля, які кантраляваў рэгіёны пры дапамозе лаяльных палітычных партый. Многія падданыя адчулі сябе падманутымі. Асаблівае напружанне ўзнікла ў дэпрэсіўным паўночным рэгіёне Марока Аль-Хасейме. Новую хвалю пратэстаў запусціла трагічная смерць гандляра рыбай Мухрына Фікры 28 кастрычніка мінулага года. Паліцэйскія канфіскавалі яго тавар (гэта была меч-рыба, лоўля якой у той перыяд была забаронена) і выкінулі рыбу ў кантэйнер смеццявоза. Гаспадар у адчаі кінуўся ратаваць сваё дабро, залез у кузаў і быў раздушаны механізмам, які прасаваў адходы. Адзін з відавочцаў зняў гэта на мабільны тэлефон і выклаў відэа ў інтэрнэт. Грамадскаму абурэнню не было мяжы. На пахаванне гандляра прыйшлі тысячы чалавек. Увечары ў Аль-Хасейме і шэрагу іншых гарадоў, уключаючы сталіцу краіны Рабат, адбыліся масавыя мітынгі пратэсту.

Усё могуць каралі?

З таго часу Марока рэгулярна скаланаюць маніфестацыі. Грамадзяне патрабуюць ад уладаў сацыяльна-эканамічных рэформаў, актывізацыі барацьбы з карупцыяй. Цэнтрам пратэстнай актыўнасці стала гістарычная мясцовасць Рыф (правінцыя Аль-Хасейма) на поўначы каралеўства. Улады з апазыцыянерамі не цырымоняцца. Адзін з мітынгаў і ўвогуле скончыўся пабоішчам — 72 паліцэйскія і 11 дэманстрантаў атрымалі раненні. Такога напалу краіна не бачыла з 2011-га, калі ў Паўночнай Афрыцы бушавала «арабская вясна».

Адносіны паміж цэнтральнымі ўладамі краіны і насельніцтвам Рыфа заўсёды былі складанымі. Мясцовыя жыхары лічаць сябе калі і не асобнай народнасцю, то нейкай еднасцю, «рыфанцамі». Яны ваявалі супраць іспанскіх каланізатараў у пачатку ХХ стагоддзя, праводзілі акцыі пратэсту супраць уладаў у 1950-я і 1980-я, выхадцы з Рыфа былі галоўнымі актывістамі ў хваляваннях 2011 года. Падчас цяперашніх падзей разрозненыя групы пратэстуючых аб'ядналіся ў арганізацыю Hіrаk («Рух»), а ўзначаліў яе Насэр Зефзафі, чые продкі і сваякі таксама былі заўважнымі грамадскімі актывістамі.

Як ён заявіў, Hіrаk у Рыфе выказвае пратэст усяго мараканскага народа супраць знявагі, маргіналізацыі і галечы. Дасталося ад апазіцыянера і каралю. «Манарх не святы. Мы паважаем яго, але можам і абавязаныя крытыкаваць яго», — сказаў лідар пратэстнага руху. 29 мая Зефзафі быў затрыманы паліцэйскімі пасля таго, як уварваўся ў мячэць падчас пятнічнай малітвы і перапыніў прамову імама, які заклікаў да супрацоўніцтва з урадам і каралём. Яму былі прад'яўлены абвінавачванні ў спробе перашкодзіць правядзенню рэлігійнага абраду, а таксама ў падрыве дзяржаўнай бяспекі і дзяржздрадзе. Разам з Зефзафі пад варту былі ўзяты некалькі дзясяткаў актывістаў. Тыя апазіцыянеры, што засталіся на волі, тут жа заклікалі прыхільнікаў зноў выйсці на вуліцы. У Рыфе і іншых рэгіёнах прайшлі масавыя маніфестацыі з патрабаваннямі вызваліць Зефзафі і іншых палітычных вязняў.

Становішча напаліліся да такой ступені, што Аль-Хасейма была блакіравана сіламі правапарадку, сутычкі з актывістамі і мітынгоўцамі адбываліся практычна штодня, і супрацьстаянне пагражала перарасці ў сур'ёзныя сутыкненні. Аднак у пачатку ліпеня стала вядома, што ўлады вырашылі вывесці з горада большую частку паліцэйскіх, як адзначалася ў афіцыйным паведамленні, для «забеспячэння права падданых на свабоднае выказванне меркавання і забеспячэнне іншых свабодаў». Па чутках, так распарадзіўся асабіста Махамед VІ, які дагэтуль публічна не ўмешваўся. Жарсці трохі ўлягліся, хоць асобныя маніфестацыі і выступленні працягваліся.

Нягледзячы на востры характар барацьбы, апазіцыя і Hіrаk ні разу не выступілі адкрыта супраць караля. Нягледзячы на крызіс, манарх захоўвае аўтарытэт у Рыфе, жыхары якога дамагаюцца, каб ён непасрэдна ўмяшаўся ў сітуацыю, а не дзейнічаў праз міністраў і іншых чыноўнікаў. Гэта значыць выступіў у ролі суддзі.

30 ліпеня ў Марока адзначалася адно з галоўных дзяржаўных свят — Дзень трона, якое заснавана ў 1999 годзе ў гонар уступлення на прастол цяперашняга манарха. Па традыцыі кіраўнік дзяржавы звяртаецца да падданых са штогадовым пасланнем. Многія спадзяваліся, што кароль праявіць паблажлівасцю і памілуе асуджаных актывістаў. Што, дарэчы, і адбылося. І Марока, здаецца, урэшце адыходзіць ад небяспечнай мяжы. Відавочна, што новага вітка супрацьстаяння не хоча ніхто.

Захар БУРАК

burаk@zvіаzdа.bу

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: На вершаліне Афрыкі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.