Вы тут

Таццяна Міхайлоўская: “Усмешкі родных напаўняюць мяне энергіяй”


Быць паспяховым кіраўніком найстарэйшага і найбуйнейшага фінансава-крэдытнага інстытута краіны - справа, безумоўна, складаная. Але наша гераіня з гэтым цудоўна спраўляецца! У рэспубліканскім конкурсе "Жанчына года - 2016" намеснік старшыні праўлення АСБ "Беларусбанк" Таццяна МІХАЙЛОЎСКАЯ стала пераможцай у намінацыі "За лідэрства і паспяховае кіраўніцтва".


- Якія справы і ініцыятывы прывялі вас да перамогі?

- У банкаўскай сістэме я працую ўжо 30 гадоў, амаль палову з іх у “Беларусбанку”. Напрамкі маёй дзейнасці - дэпазіты, крэдыты, плацёжныя карткі. Ганаруся, што наш банк займае перадавыя пазіцыі на рынку паслуг па захоўванні зберажэнняў грамадзян. З году ў год больш прывабнай становіцца наша крэдытная палітыка, з'яўляецца мноства інавацыйных прадуктаў для бізнеса, цікавыя дэпазітарныя праграмы, крэдытныя партнёрскія лініі. У напрамку плацёжных картак шэраг нашых распрацовак атрымалі сусветнае прызнанне і былі адзначаныя дыпломамі міжнародных плацёжных сістэм MasterCard Worldwide і Visa International.

Мая асабістая праца грунтуецца на трох галоўных пазіцыях - адданасці, прафесіяналізме, неабыякавасці.

- Даволі цікавы і значны ваш праект "Карта навучэнца". Ноў-хаў ёсць ва ўсіх сталічных школах?

- "Карта навучэнца" - сумесны праект "Беларусбанка", Мінгарвыканкама, Нацыянальнай акадэміі навук і плацёжнай сістэмы "Белкарт".  Гэта картка спалучае ў сабе некалькі функцый. Дзеці прыкладваюць яе да счытвальніка на ўваходзе/выхадзе са школы. Калі дзіця спазнілася на заняткі альбо вырашыла іх прагуляць – бацькі адразу атрымліваюць смс-паведамленне. На асобных занятках, перш чым сесці за парту, школьнікі зноў-такі рэгістрыруюцца. Гэта дазваляе настаўніку праз камп'ютар кантраляваць працу кожнага з падапечных. У школьным буфеце з дапамогай карткі можна расплаціцца за абеды. Схема простая: бацькі пералічваюць на картку грошы, а потым праз інфакіёск могуць прасачыць, на што дзеці выдаткоўвалі выдзеленую ім суму. У планах - звязаць “Карту навучэнца” з праязным білетам. Ужо сёння дзеці прад'яўляюць яе ў гарадскім транспарце замест даведкі са школы.

Сёння ў сталіцы каля 20 школ і гімназій, дзе можна карыстацца нашай унікальнай карткай. На жаль, сучасныя электронныя прапускныя сістэмы ёсць не ва ўсіх установах адукацыі, але мы працуем над гэтым пытаннем.

- Ведаю, што "Беларусбанк" неабыякавы да праблем шматдзетных сем'яў.

- Так. У мінулым годзе за кошт ільготных крэдытаў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы амаль 12 тысяч беларускіх сем'яў, з якіх больш за 5 тысяч - шматдзетныя. Усяго за мінулы год з выкарыстаннем крэдытаў ААТ "АСБ Беларусбанк" было ўведзена ў эксплуатацыю больш за 1 мільён квадратных метраў жылля па ўсёй краіне.

Наш банк таксама ўдзельнічае ў рэалізацыі дзяржаўнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі па праграме "Сямейны капітал". У 2016 годзе было адкрыта амаль 20 тысяч рахункаў, на якія залічана 191 млн долараў ЗША.

- У вас ёсць кумір, якім вы захапляецеся, жанчына, на якую вы раўняецеся?

-  Памятаеце адну з дзесяці запаведзяў Хрыста, запісаных у Бібліі: “Не ствары сабе куміра”? Я па-добраму, шчыра захапляюся талентамі і працай многіх жанчын, радуюся іх дасягненням, але вось аднаго кагосьці выдзеліць не магу. Адныя мне падабаюцца як кіраўнікі, іншыя - як палітыкі, трэція – як клапатлівыя маці і гаспадыні. Гэта падштурхоўвае да самаўдасканалення. Жанчына павінна быць прывабнай, але як часта мы забываемся пра наш унутраны, духоўны свет, пра тое, што “ў чалавека павінна быць прыгожым усё: і твар, і адзенне, і душа, і думкі”...

- Якія якасці больш за ўсё шануеце ў мужчынах?

- Найперш надзейнасць, розум. Вядома, прыемна, калі побач з табой падцягнуты, спартыўны і прывабны мужчына. З мужам мне ў гэтым плане пашчасціла (усміхаецца). Але самае галоўнае, каб побач са сваім выбраннікам жанчына адчувала сябе як за мураванай сцяной.

- Высокая пасада не замінае вам выконваць “хатнія” ролі: гаспадыні, жонкі, маці?

- Сям'я, дзеці за парогам рабочага кабінета для мяне на першым месцы. Сёння шмат чуем пра тое, што паняцце "шлюб" сябе зжывае. Сумная статыстыка разводаў пацвярджае: адносіны ўсё часцей не вытрымліваюць выпрабавання часам. А сакрэт сямейнага шчасця, здавалася б, просты - у доме павінны жыць узаемная павага і любоў.  Гэта тыя цаглінкі, на якіх будуецца моцная сям’я, і гэта дапамагае пераадолець усе цяжкасці. Увогуле,  я шчаслівая жонка і маці, у мяне двое дзяцей і двое ўнукаў. Пасля дня напружанай працы самы надзейны сродак ад стомы – усмешкі родных, якія напаўняюць мяне энергіяй і здароўем лепш за самыя дарагія вітаміны.

 

 

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?