Вы тут

Як сіроты пераходзілі з рук у рукі


Нядаўна давялося прысутнічаць на судовым пасяджэнні, дзе вырашалася пытанне аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў. Аказалася, што маці ўжо праходзіла падобную працэдуру, але праз некаторы час змагла адстаяць свае правы і вярнуць сына. Гэтым разам справа датычыла ўжо дваіх дзетак.


З радзільні — на газон

Гледзячы на гэтую жанчыну, назавём яе Галіна*, і не паверыш адразу, што яна здольная адмовіцца ад дзяцей. Невысокая, стройная, добра апранутая. Акуратныя светлыя валасы сабраны ў прывабны «хвост», твар без макіяжу. Позірк спакойны, упэўнены. Не скажаш, што яна слабая жанчына. Хутчэй гэта можна аднесці да яе мужа, Васіля*. Перад пасяджэннем суда даведалася, што ён крыху маладзейшы за жонку, ёй споўнілася 40 гадоў. І на судзе паводзіў сябе як чалавек, які сам патрабуе апекі. Цягаўся за Ганнай з такім выглядам, быццам яму ўсё абыякава. Жанчына вяла сябе стрымана і маўкліва.

Акрамя бацькоў на судзе прысутнічала і родная бабуля дзяцей — маці Васіля, і яе сужыцель. У якасці сведак — прадстаўнікі органаў апекі, суседзі, выхавацелі, члены прафілактычнай камісіі, педагогі, прадстаўнікі мясцовай улады, працоўнага калектыву.

Першае ўражанне — нельга ад такой жанчыны дзяцей забіраць. Эмоцыі былі на яе баку і шукалі нагоды за што-небудзь зачапіцца.

Але ад аднаго да другога сведчання выяўлялася драма сям'і, у аснове якой аказалася банальнае п'янства.

...Пачалася гэтая гісторыя амаль тры гады таму, калі ў сям'і Васіля і Галіны нарадзіўся сын Антон*. Але праз два месяцы хлопчыка знайшлі літаральна на газоне ў цэнтры Гродна. У гэты час яго бацькі пілі-гулялі на кватэры сваёй знаёмай, да якой прыехалі з Гродзенскага раёна. Па іх версіі, дзіця выкралі. Міліцыя адправіла знайдыша спачатку ў бальніцу, адтуль хлопчык трапіў у Дом дзіцяці. Пасля доўгага працэсу суд вынес рашэнне пазбавіць бацькоў права выхоўваць дзіця. Васіль і Галіна вырашылі вярнуць сына...

Зноў у прытулак

— Узнавіцца ў бацькоўскіх правах няпроста, — адзначыла старшы памочнік пракурора Гродзенскага раёна Алена Дайліда. — Мала хто можа такі экзамен вытрымаць. У Гродзенскім раёне за апошнія пяць гадоў толькі двойчы вярталі дзяцей біялагічным бацькам, а штогод такіх спраў разглядаецца каля 30.

Малому Антону пашанцавала. Свой другі дзень нараджэння ён сустрэў не толькі з мамай і татам, але і з маленькім брацікам Паўлам*, які нарадзіўся, пакуль Антон быў у Доме дзіцяці. Здавалася б, усё павінна наладзіцца. У Васіля ёсць работа, жонка, сыны. Аб чым клапаціцца, як не аб дзецях?

Аднак не прайшло і года, як малых зноў прыйшлося адправіць у прытулак. Іх забралі на вуліцы, ад бацькоў, якія былі ў нецвярозым стане ў п'янай кампаніі.

— Чаму вы цягаецеся за мужам, замест таго, каб дзяцей даглядаць? — пацікавілася памочнік пракурора ў Галіны.

Аказалася, што Васіль паехаў у Гродна плаціць крэдыт за вокны, а Галіна перажывала, што ён можа грошы прапіць, вось і паехала за ім з дзецьмі. А чаму іх забралі, не памятае. Васіль сказаў, што быў у шокавым стане і нават хацеў сабе вены ўскрыць. Галіна ратавала мужа і забыла пра дзяцей. Толькі праз тыдзень ад бабулі яны даведаліся, што малыя зноў у прытулку.

— Ці прыходзілі вы да іх? — задае пытанне прадстаўнік пракуратуры.

Галіна ў адказ толькі вочы апусціла.

Дзеці — абуза?

А між іншым, наведваць дзяцей у прытулку не забаронена, паведамілі ў Гродзенскім доме дзіцяці. Наадварот. Калі бацькі будуць прыходзіць, прыносіць падарункі, прадметы гігіены, праяўляць клопат, то праз паўгода могуць падаць заяву на ўзнаўленне бацькоўскіх правоў.

Трэба сказаць, што Галіну і Васіля спачатку падтрымлівалі — і сельскі Савет, і мясцовыя жыхары. Дапамаглі ўладкавацца на работу ў мясцовую гаспадарку. Камісія па прафілактыцы неаднаразова адзначала, што яны наладзілі сямейны быт. Тыя, у сваю чаргу, запэўнілі, што змянілі свае адносіны да дзяцей. Васіль закадзіраваўся ад алкагольнай залежнасці. Яны спяшаліся, бо Антон ужо стаяў у спісах на ўсынаўленне.

— Першы раз іх усе падтрымалі, на судзе выступілі за тое, каб ім вярнулі сына. Мы бачылі, што малодшы іх сын дагледжаны, палічылі, што так будзе і надалей. Лаяльна паставіліся, — расказалі ў сельскім Савеце. — Аднак хутка Васіля зноў сталі бачыць п'яным. Кінуў работу.

Мне гэта сітуацыя нагадвае арэлі. З аднаго боку — бацькі, з другога — прававыя і сацыяльныя службы. Дзеці на іх гойсаюць туды-сюды. Так адбылося з Антонам, які ў свае тры гады некалькі разоў пераходзіў, што называецца, з рук у рукі. І нарэшце, рашэннем суда гэтыя арэлі спынілі. Толькі дзеці аказаліся не з бацькамі, а па іншы бок. Антон зноў атрымаў статус сацыяльнага сіраты. Такі ж лёс напаткаў і яго малодшага браціка, якому няма яшчэ і двух гадкоў.

Шанц на дзяцінства

Падчас судовай справы патэлефанавала ў Дом дзіцяці, дзе знаходзіліся хлапчукі. Але выхавацелі не ўтойваюць, што кожнае дзіця праходзіць перыяд адаптацыі. Многія хаваюцца ў сябе, плачуць, крычаць. Стрэсавая сітуацыя не абышла і нашых малых. Патрэбны не адзін месяц, каб яны «адагрэліся».

У Гродзенскім доме дзіцяці знаходзіцца звыш 80-ці дзяцей да трох гадоў. Усе яны альбо адказнікі, альбо адабраны ў нядбайных бацькоў. Вяртаецца ў біялагічную сям'ю працэнтаў дваццаць. Затое ёсць шанц сустрэць новых бацькоў. Па словах выхавацеля, чым раней забяруць у гора-бацькоў дзяцей, тым лягчэй яны прывыкнуць да новай сям'і. Як сведчыць статыстыка, усынаўляюць 50% дзетак. Зараз у Гродзенскім раённым судзе разглядаецца звыш дзесяці спраў па ўсынаўленні.

Цяпер у Антона і яго браціка іншыя мама і тата. Магчыма, дзеці атрымалі шанц на дзяцінства, якога былі пазбаўлены...

А што з Галінай і Васілём? Каб атрымаць адказ на гэтае пытанне, разам з прадстаўніком сельскага Савета едзем у вёску, дзе яны жывуць. Іх дом бачны здалёк. Гэта двухпавярховы цагляны будынак каля дарогі. Кватэра нядбайных бацькоў на другім паверсе, на першым жыве маці Васіля. Але ні ў першай кватэры, ні ў другой, не адгукнуліся. Кружыла па двары, і мяне не пакідала пачуццё пустаты. Магчыма, ад выгляду дзіцячых цацак, зваленых у кучу каля плота...

*Імёны зменены па этычных меркаваннях.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хто спыніць арэлі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».