Вы тут

Ці ёсць будучыня ў даўгабудаў?


Згодна са звесткамі статыстыкі, на пачатак года ў рэгіёне налічваецца 790 незавершаных будынкаў. Пакуль работа па скарачэнні іх колькасці вядзецца нізкімі тэмпамі, адзначыла начальнік упраўлення кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сферы Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Наталля Жур. Так, за мінулы год удалося выканаць толькі 56% ад вызначанага плана. Уведзена ў абарот 122 будынкі замест 217.


Да 2020 года неабходна рэалізаваць каля 600 мерапрыемстваў па даўгабудах — альбо дабудаваць, альбо перапрафіляваць і прадаць, альбо знесці. Найбольшая колькасць незавершаных аб'ектаў знаходзіцца ў Ваўкавыскім, Слонімскім, Смаргонскім раёнах, а таксама ў Гродне. Рэкардсменам па даўгабудзе можна назваць будынак аэравакзала Гродзенскага аэрапорта, які прастойвае яшчэ з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Каля 20% незавершаных будынкаў стаяць не адно дзесяцігоддзе. Ужо сёлета выяўлена 34 новыя аб'екты, якія трапілі ў спіс звышнарматыўнага незавершанага будаўніцтва. Такая сітуацыя абумоўлена як недахопам сродкаў, так і пачаткам будаўніцтва без наяўнасці поўнага фінансавання, падкрэсліла Наталля Жур.

У ліку даўгабудаў абласнога цэнтра такія значныя аб'екты, як інтэрнат для студэнтаў-медыкаў на 1030 месцаў, паліклініка на 650 наведванняў, рэканструкцыя абласной філармоніі, пашырэнне станцыі абезжалезвання вады. Некаторыя аб'екты амаль поўнасцю завершаны, неабходна толькі належным чынам аформіць іх акты ўводу ў эксплуатацыю, канстатуюць спецыялісты дзяржкантролю. Замест гэтага заказчыкі нясуць дадатковыя расходы па ўплаце падаткаў на нерухомасць і зямлю, прычым па завышаных стаўках.

— У 2017 годзе плануецца скараціць звышнарматыўнае незавершанае будаўніцтва на 120 аб'ектаў. За першы квартал рэалізавана 36% плана, — паведаміў старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама Міхаіл Петух. — Будаўніцтва такіх важных для горада аб'ектаў, як студэнцкі інтэрнат і філармонія, было прадугледжана рэспубліканскай і абласной інвестпраграмамі, але выдаткаваных сродкаў не хапіла. Першы пускавы комплекс абласной філармоніі завершаны, але значных сродкаў патрабуе аздабленне памяшканняў, закупка абсталявання. Магчыма, завяршэнне філармоніі будзе закладзена ў бюджэт наступнага года. А вось доўгачаканую паліклініку ў мікрараёне Вішнявец мы плануем здаць у канцы гэтага года.

У вобласці больш за 160 аб'ектаў, якія пераходзяць у разрад даўгабудаў, праінфармаваў Міхаіл Петух. У асноўным гэта будынкі сельгаспрадпрыемстваў і сферы ЖКГ. «Лічу, што сёння немэтазгодна ўкладваць сродкі ў тыя аб'екты, якія наўрад ці запрацуюць. Калі, напрыклад, у райцэнтры ці аграгарадку дзесяць гадоў будуецца клуб, дык ён наўрад ці будзе запатрабаваны, — мяркуе чыноўнік. — Каб пазбегнуць у далейшым даўгабудаў, суб'ектам гаспадарання забаронена пачынаць будаўніцтва новых аб'ектаў, калі не будзе поўнага аб'ёму іх фінансавання».

Маргарыта УШКЕВІЧ

У тэму:

Самы вялікі будаўнічы патэнцыял рэгіёна асвойваецца ў Астраўцы. На развіццё інфраструктуры з рэспубліканскага бюджэту сёлета выдзелена 130 млн рублёў. Ужо ўведзены ў строй дзіцячы сад-яслі на 190 месцаў і жылы шматпавярховік на 84 кватэры. На чарзе — праектныя і будаўнічыя работы па забудове вуліц, аб'ектаў ваеннага гарадка па ахове АЭС, комплексу пагранічнай заставы ў Астравецкім раёне.

margo@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».