Вы тут

Пакуль жывём, будзем памятаць


На Востраве Мужнасці і Смутку ў Мінску адкрылі памятны камень, прысвечаны зніклым без вестак у Афганістане.

Вялікая колькасць блакітных берэтаў і паласатых цяльняшак, якія ўчора арганічна ўпісаліся ў гарадскі ландшафт, сведчыла — у дэсантнікаў свята! Але перш чым сустрэцца з саслужыўцамі і адзначыць Дзень дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый, армейская эліта ўсіх пакаленняў пакланілася памяці тых, каго служба дамоў не адпусціла.


— З афганскай вайны дамоў не вярнулася больш як 770 беларусаў, 12 нашых землякоў дагэтуль лічацца зніклымі без вестак, — нагадаў старшыня савета Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане «Памяць» Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімір ШОКАЎ. — Усяго падчас тых падзей знікла без вестак 417 чалавек. Але калі мы яшчэ гаворым пра іх, гэтыя людзі не загінулі. Пакуль мы жывыя — жыве і памяць.

Па традыцыі на Востраве Мужнасці і Смутку таксама сабраліся маці і ўдовы загінулых у Афганістане салдат і афіцэраў. У тым ліку дзякуючы іх намаганням сёлета на «Востраве слёз», як у народзе ахрысцілі гэтае месца, якое знаходзіцца ў цэнтры сталіцы, адкрылі памятны камень, прысвечаны зніклым без вестак у Афганістане.

Сын Людмілы Адамавай дэсантнікам не быў. Але менавіта тая далёкая краіна адабрала ў жанчыны на той момант адзінае дзіця. У якасці перакладчыка ваеннага саветніка ў Афганістане Ігар Адамаў правёў 195 дзён і начэй. Выходзячы на чарговае баявое заданне, разам з ваенным саветнікам і радыстам студэнт 3-га курса Інстытута краін Азіі і Афрыкі трапіў у засаду, якая ў адно імгненне абарвала тры жыцці...

— Калі здарылася бяда, я на ўсіх узроўнях задавалася пытаннем: як студэнт, які ніколі не служыў у войску і нават не прымаў прысягу, апынуўся ў афганскім батальёне спецназа? — успамінае мінулыя падзеі Людміла Адамава, якая ўзначальвае Рэспубліканскую асацыяцыю членаў сем'яў ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане «Памяць і доўг». — Мае шматлікія паходы па інстанцыях прынеслі плён: астатніх 18 юнакоў, якія былі накіраваны ў Афганістан разам з маім сынам, адклікалі дамоў. На той момант здавалася, што жыццё скончылася, але з гэтым трэба было навучыцца жыць.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.