Вы тут

Зялёныя дэтэктывы


Летась дачка рыхтавала для школы праект пра расліны. Набрала розных кніг у бібліятэцы, вычытала процьму цікавых фактаў і легендаў пра розныя зёлкі. А пасля мы ўсёй сям'ёй спрабавалі адшукаць згаданыя ў энцыклапедыях расліны на нашым лецішчы. І калі асобныя «фотамадэлі» для будучай прэзентацыі адразу трапіліся на вочы, каб сфатаграфаваць іншыя, давялося абысці не адзін луг, завітаць у лес, да ракі і возера. У выніку мы сабралі шыкоўны гербарый, а галоўнае, цікава правялі лета. Запрашаем вас далучыцца да такіх пошукаў.


Сакрэты пад нагамі

Каб даведацца нешта новае, зусім неабавязкова далёка выбірацца. Нават у горадзе вы зробіце багата адкрыццяў. Паспрабуйце адшукаць траву-мураву (яна ж спарыш), тую самую, з горада Мурама, які славіўся сваімі ўкосамі і адкуль родам знакаміты былінны багатыр Ілля. А яшчэ яе называлі «канатоп», бо затаптаць яе немагчыма. Вы самі не раз наступалі на яе нагамі. Яна выжывае там, дзе не прыжываюцца іншыя расліны. У горадзе прабіваецца паміж пліткамі, напаўзае на бардзюры, сцелецца нават па пяску на дзіцячых пляцоўках.

Нярэдка ў горадзе можна пабачыць блакітныя кветкі цыкорыі, — расліны з якой робяць папулярны напой.

А ці чулі калі-небудзь як страляе крапіва? У сухое надвор'е можна ўбачыць маленькія пыльныя воблачкі. Гэта страляюць пылком мужчынскія атожылкі. Так, у крапівы — на адных сцяблінах жаночыя кветкі, на другіх — мужчынскія. А вось вам і першае заданне: даведайцеся, як можна выкарыстоўваць расліну. Дадзім толькі адну падказку: яе можна было і есці і надзяваць.

Мар'яннік.

Позірк у мінулае

Хочаце даведацца, як прыкладна выглядалі першыя расліны? Дастаткова выбрацца да сажалкі ці нават да вялікай лужыны. Ціна на паверхні — гэта дробныя водарасці. Гэтак жа яны выглядалі і мільёны гадоў таму. А вось хвашчы і папараць, якія сёння туляцца ў цяні іншых раслін, некалі былі памерамі з дом.

Прыгледзьцеся ўважліва да папараці і вы зразумееце, што насамрэч яна ніколі не цвіце, на паверхні ліста ўбачыце споры. Хоць у Беларусі ёсць расліна, занесеная ў Чырвоную кнігу — каралеўская папараць — у яе споры, знаходзяцца на асобай мяцёлцы, якая ну вельмі нагадвае незвычайную кветку. Тыя споры свецяцца прычым якраз на пачатку ліпеня. Магчыма, з ёй і звязана купальская легенда.

Другое заданне на лета: знайдзіце паданні пра валошкі, званочкі, падбел і іншыя расліны. А калі вы тэксты надрукуеце, а кветкі засушыце, атрымаецца цудоўная кніжка.

Лічым з кветкамі

Паспрабуйце падлічыць лісты ў крываўніку, не збіліся? А хочаце яшчэ задачку — колькі насення дае дзьмухавец? Толькі на адной кветцы мы налічылі 634! А кожная расліна дае некалькі кветак. Вось вам законы выжывання ў дзеянні.

А як умее прыстасоўвацца пустазелле! Так, некалькі раслін бадзяку за год могуць захапіць да пяцідзесяці гектараў зямлі. Адна расліна выпускае дзясяткі тысяч семак-лятучак. А карэнне яе ідзе на глыбіню ў два-тры метры і пускае бакавыя парасткі, з якіх вырастаюць новыя бадзякі. Для нашага даследавання мы паспрабавалі адкапаць адзін такі карэньчык на суседскім полі. Здабылі толькі «кавалачак» даўжынёй у метр.

Між іншым, вось вам і трэцяе заданне на лета: паспрабуйце адшукаць, якія яшчэ расліны выпускаюць насенне «на парашуціках». А таксама прыгледзьцеся, якімі іншымі спосабамі яны могуць размнажацца. Дадзім падказку — вусамі, каранямі; насенне можа падарожнічаць па вадзе, на поўсці жывёл і нагах чалавека. А вось мар'яннік сеюць мурашы — якія любяць з'ядаць салодкія наросты з яго абалонкі. Не выпадкова мы такую кветку знайшлі побач з мурашнікам.

Гуслянка.

Жывы гадзінік

Расліны могуць падказаць, якая гадзіна. Прычым сачыць можна не толькі за тым, калі яны распускаюцца. Так, у 4—5 гадзін прачынаюцца кветкі цыкорыю, а ў 14—15 яны зачыняюцца. Між іншым, расліна можа нават сачыць за перамяшчэннем сонца па небе, за гэта і празвалі кветку «сонцавай нявестай». А вось шыпшына хоць і прачынаецца ў 4—5 гадзін, зварочвае пялёсткі ў 19—20. Калі адкрыліся кветкі дзьмухаўца і бульбы — значыць, зараз усяго 5—6 гадзін, а калі яны закрыты — ужо ёсць 14—15 гадзін. Апошнімі прачынаюцца наготкі — а 9-й раніцы.

А яшчэ расліны прадказваюць надвор'е. Паназірайце, як сябе паводзяць палявая бярозка, дзьмухавец, маргарытка.

Сярод вашых планаў на лета могуць быць і такія, як: насушыць святаянніку, заварыць скрыпеню, зрабіць напой з сухіх перамолатых карэньчыкаў дзьмухаўца, даведацца, як выглядаюць сон- і разрыў-трава, выпіць расінку з лісточка гусялапкі, праверыць, хто хаваецца ў званочку (дробныя насякомыя на ноч і непагадзь забіраюцца ў гэтую кветку), распытаць бабулю, якія зёлкі і для чаго раней збіралі ў яе вёсцы, даведацца, з якіх раслін робяць фарбы, адшукаць рамонак, на якім немагчыма паваражыць (бываюць такія без белых пялёсткаў). І не забудзьцеся зрабіць прыгожыя малюнкі і вырабы з сухіх раслін і нарыхтаваць розных кветак і лісточкаў, якія можна і ўзімку выкарыстаць для аплікацый.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Вікторыя ВАЙЦЯХОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?