Вы тут

Унук казачніка


З хлопцам, якога вы бачыце на здымку, я пазнаёмілася сёлета ў Віцебску на «Славянскім базары». Праходзіла міма і заслухалася, як ён артыстычна расказваў матулям з дзеткамі казку пра маленькую пчолку, якой Бяроза ды Елка дапамаглі знайсці Ліпу.


Аказалася, што Аляксей Ільін з Санкт-Пецярбурга — унук віцебскага казачніка Рыгора Шакулава. Штогод хлопец разам са сваёй маці прыязджае на радзіму дзядулі з вялізным чамаданам яго казак. Штосьці прадаюць за сімвалічны кошт, штосьці дораць.

— Вось ужо 30 гадоў, як не стала дзядулі. І ўвесь гэты час мама нястомна выдае яго кнігі. Мы з братам Андрэем дапамагаем ёй чым можам. За ўласныя грошы выдаём і вялікія зборнікі, і асобныя тоненькія кніжачкі, каб казкі дзядулі былі даступныя кожнаму маленькаму чытачу. З жахам назіраю, як многія сучасныя амерыканскія мультфільмы схаваным чынам навязваюць дзеткам усялякае зло. Мамы і таты думаюць: «глядзяць малыя нешта, ну то і добра, галоўнае, каб не плакалі». Мы ж хочам, каб як мага больш хлопчыкаў і дзяўчынак выхоўваліся на добрых казках.

Аляксей расказаў, што Рыгора Шакулава называюць віцебскім Біянкі. Бо ён таксама з любоўю пісаў пра прыроду.

— Казкі майго дзядулі дзівосныя, добрыя, светлыя! Цяпер такія вялікая рэдкасць! Яны вучаць думаць, любіць, захапляцца, здзіўляцца, марыць, даражыць сяброўствам, адрозніваць дабро ад зла, шчырасць ад прытворства, праўду ад хлусні. Хочацца, каб іх праходзілі ў школах, дзіцячых садках. Каб дзеці раслі чулымі людзьмі.

Мой дзядуля пражыў нялёгкае, але, як ён сам казаў, шчаслівае жыццё. Не стамляўся паўтараць, што яму пашчасціла нарадзіцца ў такім прыгожым краі. Гадаваўся ён у вёсцы пад Віцебскам, у шматдзетнай беднай беларускай сям'і. Старэйшы брат навучыў яго чытаць у 6 гадоў. Тады ў вёсцы ні радыё, ні тэлевізараў не было, таму да Рыгоркі вечарамі прыходзілі хлопчыкі і дзяўчынкі з усёй вёскі, каб паслухаць казкі братоў Грым, Андэрсена, народныя.

Пасля школы Рыгор Шакулаў скончыў Віцебскі педагагічны тэхнікум, затым Лесатэхнічную акадэмію і Літаратурны ўніверсітэт імя Уладзіміра Маякоўскага ў Ленінградзе. Практычна ўсё сваё жыццё ён прысвяціў азеляненню гарадоў, у тым ліку і роднага Віцебска. А па вечарах і начах пісаў казкі ды вершы для дзяцей. Яго першыя вершы, дарэчы, былі на беларускай мове.

— Алёша, напэўна, ты натхняў дзядулю на новыя казкі?

— На познія, магчыма. Але галоўным яго натхняльнікам была сама прырода, якую ён называў сваім зялёным сябрам. А таксама яго дачушка Ніна — мая мама. Яна расказвала, што кожны вечар ён чытаў ёй свае новыя казкі. Тата вучыў яе заўважаць прыгажосць вакол сябе. Яны часта разам сустракалі світанкі ля мора, у лесе, у гарах. Ён вучыў сваю дачку, а потым і нас з братам, беражліва ставіцца да кожнага дрэўца, кветачкі, травінкі, да кожнага жучка-павучка. Дзядуля часта браў мяне з сабой у лес. Любіў пытацца «Якое гэта дрэва? Якая гэта птушка?» Так я пазнаваў прыроду, атрымліваў урокі казачнай дабрыні. У яго былі пласцінкі з галасамі птушак. Даваў нам з брацікам іх слухаць. Мы ездзілі з ім у Мазурына купацца, і дзядуля смехам называў нас мазурыкамі — гэта значыць гарэзнікі.

Я люблю прыязджаць у Віцебск, бо тут радзіма майго дзядулі. Заўсёды падыходжу да дома №14 па вуліцы Чапаева, дзе ён пражыў з сям'ёй 26 гадоў. Вельмі радасна, што там устанавілі мемарыяльную дошку ў гонар дзядулі.

У дзядулевых казках мала выдумкі. У іх больш убачанай і пачутай праўды. «Але ў жыцці заўсёды трэба быць крыху казачнікам!» — казаў дзядуля і быў такім усё жыццё, бо лічыў, што «без казак дзецям цяжка жыць».

Аднойчы, калі я быў маленькі, хтосьці з дарослых спытаў у мяне «ці люблю я дзядулю», я не раздумваючы адказаў: «Дзядуля, я цябе пяшчотна-пяшчотна люблю». Я вельмі шчаслівы, што мне дастаўся яго характар (Алёша таксама крыху піша вершы).

На развітанне я пацікавілася ў Аляксея, адкуль у яго вышыванка з беларускім арнаментам.

— Яшчэ летась купіў гэтую кашулю на «Славянскім базары». Яна мне дарагая, бо з радзімы дзядулі, нават у Санкт-Пецярбургу нагадвае мне пра яго.

Вось ужо 30 гадоў, як Рыгора Логінавіча няма з намі. Але памяць пра яго жыве. Прычым не толькі ў сэрцах дачкі і ўнукаў, але і ў хатніх бібліятэках многіх беларусаў. Аляксей і Ніна Рыгораўна штогод падчас свайго прыезду ў Віцебск праводзяць сустрэчы з маленькімі чытачамі і іх бацькамі. Адна з такіх сустрэч з казкамі Шакулава прайшла напрыканцы ліпеня ў бібліятэцы аграгарадка Акцябрскі.

— Мы з мамай паказалі дакументальны фільм пра жыццё і творчасць дзядулі, відэаспектакль па яго казцы «Фенік Ур і Рандачка». Дарэчы, гэтую казку (і не толькі гэтую) пераклала на беларускую мову і паставіла спектакль Юліяна Самсонаўна Сусед-Вілічынская — дацэнт кафедры музыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава, кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву «Зорачкі». Перакананы, дзядуля недзе там, на небе, вельмі цешыцца, што яго казкі загучалі з вуснаў акцёраў — дзетак з віцебскай гімназіі №1 — і па-беларуску.

Дарэчы, дарагія мамы і таты, спектаклі, пастаўленыя па кнігах дзядулі Аляксея ў Санкт-Пецярбургу і Віцебску можна паглядзець на сайтах (vk.com/skazochnik.zelenogo.tsarstva), vk.соm/k.dеtуаm). Там жа можна паслухаць і казкі Рыгора Шакулава ў выкананні яго дачкі Ніны Рыгораўны.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Мінск—Віцебск

Фота Надзеі ДРЫЛЫ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.