Вы тут

Прэзідэнт назваў перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва з Кітаем


Навіны пра адносіны з Паднябеснай з'яўляюцца на нашым інфармацыйным полі даволі часта. Вось толькі на днях паведамлялася, што сталічныя атэлі стануць больш зручнымі для кітайскіх падарожнікаў. Ну а ўчора ў Палацы Незалежнасці кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Камітэта па кантролі і кіраванні дзяржаўнай маёмасцю пры Дзяржаўным савеце Кітайскай Народнай Рэспублікі Сяа Яцынам. Тэма размовы — канкрэтная: умацаванне дзелавых, гандлёвых, інвестыцыйных, турыстычных сувязяў паміж дзяржавамі.


У актыўнай фазе

Беларускі лідар удзяляе супрацоўніцтву з Кітаем асаблівую ўвагу. У многім дзякуючы яго асабістаму ўнёску нашы адносіны падняліся, здавалася б, на недасягальны — яшчэ гадоў дзесяць таму — узровень.

— Я заўсёды імкнуся знаходзіць магчымасць для сустрэчы з нашымі кітайскімі сябрамі, — прызнаўся ён.

2017 год — асаблівы для двухбаковых сувязяў, Беларусь і Кітай адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін.

— «Жалезныя браты» і «ўсепагоднае сяброўства» — гэта ёмістыя паняцці, тэрміны, што шчыльна ўвайшлі ў лексікон нашых узаемаадносін. Кітай — стратэгічны партнёр Беларусі. Аснова нашага супрацоўніцтва — сяброўства і ўзаемаразуменне, падтрымка на двухбаковых і шматбаковых пляцоўках. На апошняй сустрэчы са Старшынёй Сі Цзіньпінам сёлета ў маі мы яшчэ раз пацвердзілі статус Рэспублікі Беларусь як найважнейшага партнёра ў рэалізацыі ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях». Сёння наступае актыўная фаза выканання нашых дамоўленасцяў. Прыклад гэтаму — ваш візіт разам з прадстаўнікамі найбуйнейшых кітайскіх карпарацый, якія з'яўляюцца гонарам і магутнасцю кітайскай эканамічнай мадэлі.

Еўропа, Амерыка, Азія...

Падчас візіту ў Беларусь у кітайскай дэлегацыі намечаны прадметныя сустрэчы і мерапрыемствы.

— Асаблівая ўвага на іх будзе ўдзелена найважнейшаму аспекту — умацаванню эканамічных сувязяў, вызначэнню партнёраў і праектаў для рэалізацыі ў нашай краіне, — канстатаваў беларускі лідар. — Я вельмі хацеў бы, каб нашы інтэнсіўныя і высокапрасунутыя палітычныя ўзаемаадносіны стаялі на фундаменце магутных гандлёва-эканамічных адносін. Калі гэта будзе, тады ўжо наша сяброўства не парушыць ніхто.

Сапраўды, сумесныя з кітайскімі кампаніямі праекты набіраюць абароты. Яркі прыклад таму — будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

— Разам з кітайскімі экспертамі, як і дамаўляліся з таварышам Сі, на тэрыторыі Парка мы стварылі адны з самых лепшых у свеце прававых умоў вядзення бізнесу, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Таму Парк становіцца міжнародным. Шырокі інтарэс да яго праяўляецца сёння з боку беларускіх, еўрапейскіх, амерыканскіх, расійскіх кампаній. Сёння гатовы ўдзельнічаць у кіраванні Паркам і прымяняць свой вопыт глабальны еўрапейскі аператар «Дуйспорт». Большасць прадстаўленых тут карпарацый — за гэтым сталом — акцыянеры і рэзідэнты Парка. Іх прыклад дэманструе на практыцы ўзаемную выгаду і патэнцыял супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сферы.

Надзённае і перспектывы

Нягледзячы на дасягнутае, узаемадзеянне трэба ўзмацніць — па многіх кірунках. На некаторыя з іх Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу.

Па-першае, гэта прамое інвеставанне ў Парк, будаўніцтва новых высокатэхналагічных прадпрыемстваў — прадпрыемстваў заўтрашняга дня.

— Спадар старшыня, вы самі разумееце: калі мы пабудуем прадпрыемствы нават не ўчарашняга, а сённяшняга дня, то прадукцыю гэтых прадпрыемстваў мы не зможам рэалізаваць на рынках Еўрапейскага саюза і далей, — аргументаваў беларускі лідар. — Нам патрэбны высокатэхналагічныя прадпрыемствы, прадукцыю якіх мы б маглі прадаваць у любым кутку нашай планеты. Маштаб нашага агульнага праекта і яго велізарныя магчымасці дазваляюць разлічваць на больш важкую прысутнасць у Парку кітайскіх дзяржаўных карпарацый.

Па-другое, неабходна фарміраваць двухбаковыя праекты, займацца зліццём кампаній, спалучэннем іх патэнцыялу. Беларусь, па словах кіраўніка дзяржавы, гатова да гэтага.

Па-трэцяе, сумеснае з дзяржаўнымі карпарацыямі ўмацаванне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

— Думаю, спадар старшыня, цалкам магчыма і нядрэнна было б стварэнне высокатэхналагічных прадпрыемстваў у Парку сістэмы ваенна-прамысловага комплексу. Можна сумесных, можна кітайскіх. І трэба, каб кітайскія карпарацыі ВПК прыйшлі ў гэты парк, — упэўнены Прэзідэнт.

Па-чацвёртае, развіццё турыстычнага патэнцыялу дзвюх краін.

Наша супрацоўніцтва нікому не перашкаджае

Візіт у Беларусь чарговай высокай дэлегацыі з Паднябеснай — яшчэ адно пацвярджэнне намераў Кітая супрацоўнічаць з нашай краінай:

— Хачу асабліва падкрэсліць, што ваш візіт у Рэспубліку Беларусь з'яўляецца пацвярджэннем канкрэтных і мэтанакіраваных крокаў у сумесным развіцці і стварэнні «згуртавання адзінага лёсу» Беларусі і Кітая, — адзначыў беларускі лідар. — Упэўнены, што візіт ужо ў найбліжэйшы час прынясе істотныя вынікі. Фундамент, які мы будуем для будучых пакаленняў, будзем умацоўваць сумеснымі прадпрыемствамі, сумесным бізнесам і стварэннем неабходных умоў для прыходу Вялікага Кітая ў цэнтр Еўропы.

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, заўсёды выклікае насцярожанасць прасоўванне пэўнай краіны ў нейкім напрамку.

— Наша з вамі сяброўства даўняе. Яно ўзнікла тады, калі ніхто не казаў пра тое, што Кітай можа скарыстацца магчымасцямі Беларусі. Мы развіваем адносіны і зараз. Але галоўнае, што было тады і застаецца сёння: мы не сябруем супраць некага, мы нікому не перашкаджаем. Мы развіваем наша супрацоўніцтва на прынцыпах міжнароднага права. Ні адзін дагавор Кітая і Беларусі не супярэчыць гэтым прынцыпам.

Трэба сказаць, што нягледзячы на маштабы Кітая — ва ўсіх сэнсах — гэта дзяржава не забывае пра свае пагадненні з Беларуссю:

— Вы паабяцалі нам адкрыць рынак для прадуктаў харчавання — вы яго адкрылі. І па малочнай прадукцыі, і па мясной. Вы абяцалі нам падтрымку прамысловасці — вы рэалізоўваеце свае абяцанні. Вы абяцалі падтрымаць нашу абараназдольнасць і бяспеку нашай дзяржавы — вы гэта зрабілі. Вы павінны ведаць, што мы гэтым ганарымся і будзем памятаць гэта заўсёды.

Сяа Яцын расказаў, што прадпрыемствы, якія прадстаўлены ў складзе яго дэлегацыі, уваходзяць у топ-500 буйнейшых кампаній свету. Усе яны нацэленыя на тое, каб рэалізаваць дамоўленасці, дасягнутыя паміж Беларуссю і Кітаем.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: З разлікам на заўтрашні дзень

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.