Вы тут

Кабякоў адзначыў, што ў эканоміцы Беларусі захоўваецца тэндэнцыя росту


Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў падчас пашыранага пасяджэння Савета Міністраў адзначыў, што ў эканоміцы краіны захоўваецца тэндэнцыя росту. З сямі найважнейшых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця цяпер выконваецца шэсць.


Апярэджваючы план

На пасяджэнні былі разгледжаны вынікі работы эканомікі краіны за першае паўгоддзе і дадатковыя меры па выкананні пастаўленых сёлета задач. Прэм'ер-міністр адзначыў, што існуючы паказчык ВУП у 101% да студзеня—чэрвеня 2016 года вышэй, чым першапачаткова планавалася. «Больш высокімі тэмпамі, чым ВУП, расце прадукцыйнасць працы — 102,7% за пяць месяцаў. Забяспечаны баланс у знешнім гандлі. Сальда за пяць месяцаў склала больш за 265 млн долараў — плюс 1,3% да ВУП», — паведаміў ён. Прэм'ер-міністр таксама падкрэсліў, што зніжаецца ўплыў манетарных фактараў на інфляцыю, якая за шэсць месяцаў склала 3,4% пры прагнозе — не больш за 6,7%. Гэта самая мінімальная інфляцыя за апошнія 10 гадоў.

«Не выконваецца толькі адзін паказчык — па рэальна існуючых даходах насельніцтва, пры тым, што яны таксама маюць тэндэнцыю да росту. Заработная плата ў студзені—маі вырасла на 2%, і гэты рост цалкам забяспечаны ростам прадукцыйнасці працы. Варта адзначыць, што на паказчык па даходах насельніцтва ўплывае не толькі ўзровень заробкаў і пенсій, але і зніжэнне ставак па банкаўскіх дэпазітах, дзе раней фізічныя асобы «зараблялі» на высокіх стаўках, а эканоміка пры гэтым не мела прымальных па кошце рэсурсаў. Цяпер крэдытна-дэпазітны рынак балансуецца і паступова пераходзіць у нармальны стан», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Для выхаду да канца года на ўзровень сярэдняга па краіне заробку ў 1 тысячу рублёў у Мінпрацы распрацавалі графік. У чэрвені намінальная заработная плата склала 819,3 рубля, а адхіленне ад графіка складае 1%.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, рэспубліканскі бюджэт таксама выконваецца. «Прафіцыт у студзені—чэрвені склаў 1,3 млрд рублёў, або 2,7% да ВУП, і ў поўным аб'ёме накіраваны на пагашэнне валютнага доўгу краіны. Агульныя фінансавыя паказчыкі работы эканомікі паляпшаюцца. Чысты прыбытак у студзені—маі перавысіў 4 млрд рублёў з ростам да ўзроўню мінулага года ў 2,4 раза. Такая тэндэнцыя назіраецца амаль ва ўсіх галінах. Выключэннем з'яўляюцца Мінбудархітэктуры і Белкаапсаюз», — праінфармаваў прэм'ер-міністр.

Грошы ёсць, а арганізаванасці няма?

Як адзначыў Андрэй Кабякоў, дасягнуты ўзровень ВУП мог быць яшчэ вышэйшы.

«На 2017 год зацверджаны план фінансавання мерапрыемстваў дзяржпраграм у аб'ёме 1,9 млрд рублёў. Акрамя таго, за ліміты фінплана выведзена пяць інфраструктурных аб'ектаў. Гэта плюс яшчэ 464 млн рублёў ільготных рэсурсаў. За паўгода асвоена ўсяго 32,7%. Паводле разлікаў Мінэканомікі, толькі з прычыны недаасваення прадугледжаных планам рэсурсаў недабралі 0,5% ВУП. Гэта рэальная цана неарганізаванасці асобных кіраўнікоў», — упэўнены прэм'ер-міністр.

Так, на інвестпраекты ў АПК па дзяржпраграме развіцця аграрнага бізнесу было прадугледжана 369 млн рублёў. «Грошы ёсць, але для іх выкарыстання трэба, каб праекты адпавядалі патрабаванням праграм — эфектыўнасць, акупнасць, гарантыя вяртання ўкладзеных сродкаў. Гэтага пакуль няма. Мінсельгасхарч неабгрунтавана зацягнуў карэкціроўку дзяржпраграмы Аграбізнес-2020. З запланаваных 369 млн рублёў банкамі выдадзена толькі 82 млн, або 22%», — адзначыў ён.

Таксама кіраўнік урада згадаў будаўніцтва ўзлётна-пасадачнай паласы. «Прадугледжана рэсурсаў — 263 млн рублёў, выбрана 28 млн, ці 10,8%. Усе рашэнні прынятыя, рэсурсы даступныя, работа — не рухаецца. Такая ж карціна і па будаўніцтве аб'ектаў да другіх Еўрапейскіх гульняў. Ліміт — 92 млн рублёў, асваенне ўсяго 4%», — паведаміў ён.

Спіс прыкладаў можна працягваць. Прэм'ер-міністр зрабіў выснову, што ў краіне не грошай не хапае, а вельмі слабая арганізацыйна-распарадчая работа міністэрстваў, якія адказваюць за рэалізацыю гэтых праектаў. «Усе запланаваныя сродкі безумоўна павінны быць выкарыстаны. У сувязі з гэтым Мінэканомікі мной даручана аператыўна пераразмеркаваць неасвоеныя рэсурсы на іншыя аб'екты, дзе іх не хапае. Кіраўнікоў папярэджваю аб персанальнай адказнасці за эфектыўнае і поўнае асваенне крэдытных сродкаў», — рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Рэальны прагноз

Члены ўрада таксама абмеркавалі планы па росце ВУП на 1,7% да канца года. Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў, што гэтага ўзроўню цалкам рэальна дасягнуць. «Ёсць матрыца, дзе мы павялічылі заданні, якія былі да гэтага ў некаторых міністэрстваў, у прыватнасці ў Мінбудархітэктуры, а таксама ў аблвыканкамаў. І не толькі па будаўніцтве, але і па сельскай гаспадарцы. Мы цалкам здольныя нават, магчыма, палепшыць гэты паказчык», — заявіў ён.

Паводле слоў міністра, сёння беларуская эканоміка паступальна выходзіць з рэцэсіі, якая доўжылася некалькі гадоў. «Мы зрабілі добры зачын для таго, каб усе прагнозныя паказчыкі па выніках года, а галоўны з іх — гэта ВУП, былі выкананы да 1 студзеня», — лічыць Уладзімір Зіноўскі. Ён таксама запэўніў, што рост ВУП быў забяспечаны за кошт росту прамысловай вытворчасці і транспарту. Не менш важным фактарам, на яго думку, стаў і досыць нізкі ўзровень інфляцыі. «Расце прыбытак прадпрыемстваў, эфектыўная стаўка для рэальнага сектара эканомікі цяпер 13—14%, а ў недалёкім мінулым яна даходзіла да 40%. Стаўка рэфінансавання Нацбанка зніжана да 12%. І далейшая работа над інфляцыяй прывядзе да таго, што стаўка рэфінансавання можа быць зніжана да 7—9%», — рэзюмаваў Уладзімір Зіноўскі.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Эканоміка на шляху росту

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».