Вы тут

Байцы сіл спецыяльных аперацый адзначылі сваё свята


Побач з Палацам спорту купкамі збіраюцца людзі. Напярэдадні «прафесійнага свята» хлопцы ў паласатых цяльняшках і блакітных берэтах дэманструюць, з чым працуюць ваеннаслужачыя сіл спецыяльных аперацый і якім чынам ідзе падрыхтоўка будучага «рыцара неба». Сапраўды, як сярэднявечных рыцараў можна лічыць элітай войска мінулай эпохі, так і сучасны дэсантнік робіць тое, што не пад сілу іншым байцам. Нездарма іх дэвіз — «Ніхто, акрамя нас!»


«Волат» і «Лясун» у горадзе

Святочнае мерапрыемства на беразе Свіслачы доўжылася ўвесь дзень. Кожны з гасцей знаходзіў занятак і відовішча на свой густ. Адны выпрабоўвалі ўласную стойкасць падчас спартыўных конкурсаў з адцісканнем, падцягваннем, зборкай аўтамата. Дзяўчаты мелі шанц паказаць сябе ў конкурсе «Міс Дэсантура — 2017». Праўда, гэтым разам без дэфіле. Хлапчукі з цікаўнасцю слухалі пра ўзоры баявой зброі і тэхнікі, бо пабачыць і нават памацаць дазвалялася не толькі сучаснае ўзбраенне, але і мадэлі, якія выкарыстоўваліся, напрыклад, у 1930-х гадах. Байцы дазвалялі прымерыць экіпіроўку, пакарыстацца прыборамі разведкі, пасядзець у кабіне баявой машыны «Волат» — яна, дарэчы, упершыню ўдзельнічала ў сёлетнім парадзе на Дзень Незалежнасці.

З неба — праз агонь

Упрыгожыў мерапрыемства вальс БТР. У ваенных дзеяннях гэта вялізная машына вагою ў 13 тон прызначана для транспарціроўкі падраздзяленняў і іх агнявой падтрымкі пры вядзенні бою. Баявы разлік адной адзінкі ваеннай тэхнікі — 10 чалавек. Хуткасць машыны, узброенай двума кулямётамі, на зямлі складае 80 кіламетраў у гадзіну, пры гэтым тэхніка ўмела перамяшчацца і па воднай прасторы, пераадольвае роў у два метры шырынёй і ўзбіраецца на паўметровую сценку.

На адміністрацыйным будынку, які размешчаны насупраць пляцоўкі для гледачоў, ледзь бачныя чалавечыя фігуркі. Гэта ваеннаслужачыя сіл спецыяльных аперацый дэманструюць выкананне практычных дзеянняў з выкарыстаннем альпінісцкай амуніцыі. Выкананне заданняў на вышыні патрабуе высокага майстэрства, дакладных дзеянняў і дасканалай падрыхтоўкі. Нярэдка такія элементы салдаты выконваюць уніз галавой, пры гэтым яны павінны быць патэнцыяльна гатовымі весці баявыя дзеянні з магчымым праціўнікам, які засеў унутры будынка.

У свяце ўдзельнічаюць і выхаванцы ваенна-патрыятычнага цэнтра падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «Скіф», які больш як 20 гадоў дзейнічае ў Рэчыцы. Выхаванцы цэнтра, многім з якіх няма і 18 гадоў, вывучаюць змяшаныя адзінаборствы, вадалазную, агнявую, медыцынскую, інжынерную падрыхтоўкі і альпінізм. Сёння маладое пакаленне дэсантнікаў дэманструе элементы спартыўнай акрабатыкі, рукапашнага бою са зброяй і без, спосабы эвакуацыі параненых, прыёмы тактычных дзеянняў на полі бою.

Спецназавец — гэта ваенны прафесіянал, які валодае адразу некалькімі навыкамі і здольны вытрымліваць вялізныя фізічныя і псіхічныя нагрузкі, таму баявая падрыхтоўка — заўсёды на першым месцы. На дэманстрацыі яе элементаў ваеннаслужачымі 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння не абышлося і без найбольш знакамітага відовішча: воіны-дэсантнікі лёгка разбівалі галавой цагліны. А яшчэ з лёгкасцю рассякалі шабляй кавун, які ляжаў на целе іншага чалавека, пры гэтым нікога не параніўшы. Самі ж вайскоўцы ўладкоўваліся спінаю на цвіках з дадатковай нагрузкай зверху. Пасля такога пачынаеш верыць, што гэтыя людзі, якія перамаглі ўласны страх, не дазволяць яго адчуць нам, мірным жыхарам.

У тэму

Камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Вадзім ДЗЕНІСЕНКА:

— Сёння сілы спецыяльных аперацый як род войскаў найбольш актыўна развіваюцца ва Узброеных Сілах Беларусі. У сувязі з прымяненнем новых формаў і з улікам таго, што на ўзбраенне трапляе новая тэхніка, вучэнняў у сіл спецыяльных аперацый стала больш. Асноўны ўпор падчас баявой падрыхтоўкі мы робім на начныя дзеянні. У прыватнасці, сёлета адрадзілі здзяйсненне скачкоў з парашутам з самалёта Іл-76 у начных умовах. Акрамя таго, актыўна адпрацоўваем пытанні дэсантавання на ваду.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

уurgеl@zvіаzdа.bу

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Рыцары неба прызямліліся ў Мінску

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».