Вы тут

«Другое дыханне» Аршаншчыны


Карэспандэнт «МС» даведаўся, як рэалізуюцца даручэнні Прэзідэнта, накіраваныя на развіццё эканомікі і паляпшэнне жыцця людзей.


На вуліцах адноўленай Копысі.

Нерухомасць павінна выкарыстоўвацца

Пра неабходнасць асаблівай увагі рэгіёну кіраўнік дзяржавы казаў падчас традыцыйнага паслання да парламентарыяў і народа ў красавіку. На ўрадавым узроўні былі распрацаваны планы, даведзены заданні і даручэнні міністрам, Віцебскаму аблвыканкаму і Аршанскаму райвыканкаму. У ліку іншага пастаўлена задача вывесці вытворчасць на прыбытак пры захаванні працоўных месцаў і павышэнні зарплаты. У рэгіёне наспела неабходнасць навесці парадак у будаўнічай галіне, выкарыстанні нерухомасці і іншых сферах.

Планам прадугледжана ўцягненне каля 120 аб'ектаў нерухомасці ў гаспадарчы абарот, маецца на ўвазе продаж праз аўкцыён, здача ў арэнду, перадача ва ўласнасць раёну, дэмантаж... Сярод аб'ектаў на продаж — былая амбулаторыя ў Оршы, былая школа ў Барані, будынкі былых бальніцы, кухні, сталовай у Балбасаве. А таксама некалькі аб'ектаў у сельскай мясцовасці. Будынкі канторы, склад, дробнааптовую базу ў Оршы, а таксама некалькі крам сістэмы спажывецкай кааперацыі ў населеных пунктах, кацельні і іншыя аб'екты закансервавалі да лепшых часоў.

— Тыя капітальныя будынкі, якія немэтазгодна аднаўляць і рэалізоўваць, будуць знесены. У прыватнасці, група кацельных чыгункі ў Оршы, сельскі Дом культуры ў вёсцы Тумінічах, склад цэменту ў Оршы, як і некалькі вытворчых карпусоў завода «Легмаш»... Каб стымуляваць пакупнікоў, аж на 80% паніжаецца пачатковая цана некаторых аб'ектаў, — расказаў дырэктар фонду «Віцебскаблмаёмасць» Міхаіл Паўлючкоў.

Прапрацоўваецца пытанне аб адмене павышаючых каэфіцыентаў падаткаў на нерухомасць і зямлю.

Біз­нес­мен Дзміт­рый  Хал­ма­наў (зле­ва) і кі­раў­нік  «Ві­цеб­скабл­ма­ё­мас­ці»  Мі­ха­іл  Паў­люч­коў.

Умовы для рыўка

— Асаблівая ўвага аддаецца вытворчасці. І ўжо ёсць першыя станоўчыя вынікі. Напрыклад, Аршанскім інструментальным заводам атрыманы дадатковыя заказы на суму на 900 тысяч рублёў. Міністэрствам прамысловасці прапрацаваны пытанні рэструктурызацыі запазычанасці і паніжэння крэдытных ставак для падначаленых арганізацый, — паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Пац.

Плануецца мадэрнізаваць абсталяванне на малочным камбінаце і сырзаводзе, камбінаце хлебапрадуктаў, Аршанскім авіярамонтным заводзе.

Заробак у 500 долараў у эквіваленце ўжо дасягнуты на 10 прадпрыемствах і арганізацыях раёна. Сярэднямесячная намінальная аплата працы ў раёне ў студзені—чэрвені склала 620 рублёў.

Права на паслугу

— Асаблівая тэма — гандлёвае абслугоўванне маланаселеных вёсак. У 195 населеных пунктах свае паслугі прапаноўвае спажывецкая кааперацыя. «Еўрагандаль» дзейнічае для патрэб жыхароў 60 вёсак. Перыядычна пра намер прывозіць тавары на «аўталаўках» заяўляюць індывідуальныя прадпрымальнікі. Але яны хочуць абслугоўваць прыбытковыя маршруты. І дзе гарантыя, што не адмовяцца ад дзейнасці?
У любым выпадку, дзе б ні жыў чалавек, ён мае права на забеспячэнне харчовымі і іншымі таварамі, — разважае намеснік старшыні райвыканкама Алена Студзянцова.

Палова з 14 асноўных відаў дзейнасці камбіната бытавога абслугоўвання райвыканкама — прыбытковыя: мыццё і хімчыстка (у горадзе), выраб і рамонт трыкатажу, шынамантаж, чыстка пуха-пер'евых вырабаў... Стратнымі застаюцца: стрыжка, рытуальныя і фотапаслугі, рамонт абутку.

Уклад ад бізнесу                                      

Мясцовыя ўлады чакаюць актыўнага ўдзелу малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў выкананні пастаўленых задач. У сваю чаргу гарантуюць прывабныя ўмовы для дзейнасці.

На сёння ў раёне каля 970 бізнес-арганізацый і больш за 2,9 тысячы ІП. Каб зразумець, шмат гэта або не, варта параўнаць шчыльнасць малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на 1000 чалавек насельніцтва. На Аршаншчыне гэты паказчык складае 25,3, у Віцебску — 25,7. У першым паўгоддзі створана ўжо 28 бізнес-структур пры гадавым заданні 54.

У райвыканкаме адзначылі, што сярод іншага для падтрымкі дзелавой ініцыятывы плануецца стварэнне спецыялізаваных індустрыяльных пляцовак з інфраструктурай — на плошчах, якія не выкарыстоўваюцца. Як і продаж добрасумленным суб'ектам прадпрымальніцтва памяшканняў, якія арандуюцца больш за 3 гады. У гарадах-спадарожніках Оршы: Барані, Арэхаўску, Балбасаве дзелавую ініцыятыву будуць падтрымліваць у цэнтры развіцця прадпрымальніцтва. Звароты бізнесменаў уважліва выслухваюцца. У тым ліку і тых, хто займаецца фермерствам. Апошнія прасілі ў карыстанне больш зямлі, іх просьбу задаволяць.

У раёне дзейнічаюць больш за 20 аграрных сядзіб для турыстаў.

Адзін з тых, хто ўкладвае грошы ў развіццё роднага краю, уладальнік некалькіх фірмаў Дзмітрый Халманаў.

— Я — тутэйшы. Як кажуць, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся. І гэта не проста прыгожыя словы. Пачаў займацца сваёй справай пасля тэрміновай службы ў арміі. У 2000 годзе купіў ПАЗ для маршруткі. Потым рамонтам аўто заняўся. Сам гайкі круціў, — расказвае бізнесмен.

Цяпер яго аўтасэрвіс уяўляе сабой вялікі комплекс: з боксамі для рамонту, шынамантажом, крамай запасных частак... Ёсць і кавярня з басейнам. Каб стварыць новы бізнес, спатрэбілася ўкласці каля 800 тысяч умоўных адзінак, якія бізнесмен узяў у крэдыт. З пазыкай ужо разлічыўся.

Уражвае і крама будаўнічых матэрыялаў, якую Дзмітрый адкрыў у будынку былога Дома культуры завода «Легмаш»: усё, што трэба для рамонту, можна набыць у адным месцы.

— Мы выкупілі гэты будынак. Гадоў 15 ён быў закінуты. Працу ў краме атрымалі каля 50 чалавек, — расказаў прадпрымальнік.

Яшчэ адзін аб'ект, які дзякуючы Дзмітрыю атрымаў новае жыццё, — былая фабрыка па вырабе канатнай ніткі. Каля 10 гадоў стаялі будынкі без эксплуатацыі. Цяпер маёмасць прыносіць карысць. У прыватнасці, тут знаходзіцца папулярны кафэ-клуб «КлубНіка».

У планах бізнесмена — будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага цэнтра, дзе будзе шмат месца для сямейнага адпачынку. Такога і ў Віцебску пакуль што няма.

Фірма, што належыць Халманаву, узвяла мясцовым ратавальнікам будынак, які адкрыўся ў дзень прафесійнага свята.

Чым улада можа дапамагчы бізнесменам?

— Памяншэнне зямельнага падатку неабходна для тых, у каго ёсць канкрэтныя планы дзейнасці. Падатак з'ядае шмат грошай, якія можна было б пусціць у абарот, і памяншае прывабнасць для інвестараў. Таму падатковыя льготы на зямлю на перыяд будаўніцтва былі б добрай падтрымкай. Трэба палегчыць працэдуру атрымання праектна-каштарыснай дакументацыі: па тэрмінах і экспертызе, — лічыць суразмоўнік.

Кіраўнік «Віцебскаблмаёмасці» згодны, што такім прадпрымальнікам трэба актыўна дапамагаць. Бо ў іх добрая рэпутацыя і ёсць канкрэтныя дасягненні.

Цэнтр ста­рой Ор­шы.

Беларускі «чаркізон»

Недалёка ад былога ваеннага гарадка Балбасава у наступныя некалькі гадоў запланавана пабудаваць лагістычны цэнтр. Пад будучы шматфункцыянальны вытворча-лагістычны комплекс вылучана 226,1 га зямлі. У фінальнай стадыі рэалізацыі праекта агульная плошча забудовы складзе 123 тысячы «квадратаў», у тым ліку складская плошча — 103 тысячы.

Як паведамілі ў Віцебскім аблвыканкаме, спачатку плануецца будаўніцтва пункта мытнага афармлення, складскіх модуляў універсальнага прызначэння, вытворчых памяшканняў. У адміністрацыйным комплексе размесцяцца выставачныя плошчы, прадпрыемствы грамадскага харчавання, канферэнц-зала, гасцінічныя нумары, офісныя памяшканні... Комплекс будзе аб'ядноўваць вытворчую, складскую і тэхналагічную зоны.

Экалагічным пытанням пры гэтым аддаецца асаблівая ўвага. У будаўніцтве плануецца прымяняць цэлы шэраг сучасных рашэнняў, якія спрыяюць павышэнню энергаэфектыўнасці і максімальнаму зніжэнню нагрузкі на навакольнае асяроддзе. Узвядзенне ўласнага энергакомплексу на аснове тэхналогіі трыгенерацыі дазволіць эфектыўна выпрацоўваць электраэнергію, цяпло і холад.

Комплекс будзе функцыянаваць у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і аказваць вялікі спектр лагістычных паслуг.

Інвестыцыйныя выдаткі праекта — 100 мільёнаў долараў. Плануецца прыцягненне замежных інвестараў, у тым ліку з Кітая. Запланавана і рэканструкцыя ўзлётна-пасадачнай паласы для стварэння аэрадрома міжнароднага ўзроўню.

У перспектыве плануецца пачаць асваенне яшчэ 135 га зямлі. На іх з'явяцца: кантэйнерны тэрмінал, гандлёва-выставачны цэнтр, тэрміналы бізнес-авіяцыі, складскія комплексы, жылая забудова і іншае. Інвестарам гарантуюцца прывілеі як рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны.

На сёння атрымана дазвольная дакументацыя на праектаванне, сабраны тэхнічныя ўмовы, падрыхтавана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне праекта. Ужо распрацавана архітэктурная канцэпцыя праекта. Вядзецца падрыхтоўка да будаўніцтва першай чаргі, распрацоўка бізнес-плана і пошук інвестараў на наступныя стадыі будаўніцтва.

На думку спецыялістаў, унікальнасць комплексу ў наступным. Па-першае, ён знаходзіцца на скрыжаванні транс'еўрапейскіх калідораў. І гэта дазваляе ўдзельнічаць у лагістыцы патокаў «Захад — Усход» і «Поўнач — Поўдзень». Па-другое, ёсць магчымасць апрацоўваць грузы, якія будуць дастаўляцца авіяцыйным, чыгуначным і аўтамабільным транспартам.

Комплекс дасць магчымасць прыцягнуць інвестараў для стварэння вытворчасці па апрацоўцы сыравіны з Кітая, Туркменістана, Азербайджана, Эквадора і іншых дзяржаў — для экспарту ў Расію.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Фота Белта

Тым часам

Наконт даручэння па развіцці Аршанскага раёна Аляксандр Лукашэнка выказваўся не раз. Ён адзначаў, што многае ўжо было зроблена і для сталіцы, і для абласных цэнтраў, але засталіся такія даволі буйныя гарады, як Орша, Бабруйск і іншыя, якія неабходна прывесці ў парадак. «У Оршы вялікая праблема па беспрацоўі. Зразумела, што там і турма, і людзі вызваляюцца, не ўсе з'язджаюць... Іх абавязкова трэба задзейнічаць. Інакш мы атрымаем рэцыдывы — пасля вызвалення з месцаў зняволення», — адзначаў Прэзідэнт.

У маі Аршанскі раён наведаў і прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Там было праведзена выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў па пытаннях развіцця рэгіёна. На ім разглядалі дакумент, у якім былі адзначаны больш за 90 пунктаў прапаноў па розных напрамках. Па выніках пасяджэння Андрэй Кабякоў даручыў дапрацаваць комплексны план першачарговых мер па развіцці Аршанскага раёна.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?