Вы тут

Ці можна выратаваць вясковага пенсіянера ад адзіноты?


«Пакуль малады — трэба працаваць, а вось на пенсіі адпачну». Колькі разоў даводзілася чуць такую фразу ад людзей руплівых, якія дакладна ведаюць, што булкі на дрэвах самі не растуць. І вось наступае момант, калі дзеці «выйшлі ў людзі» і праца закончылася. Добра, калі моладзь прыязджае ў адведзіны і ёсць сілы даглядаць падвор'е. Аднак для некаторых вясковых жыхароў чаканы «адпачынак» ператвараецца ў адзіноту. І справіцца з ёй дапамагаюць, па сутнасці, чужыя, але неабыякавыя людзі.


Самыя хуткія і трапныя

Баранавіцкі раён праводзіць спартыўнае свята «Крок да даўгалецця» шосты раз. У лесе непадалёк ад вёскі Казлякевічы, дзе знаходзіцца лыжаролерная траса, чуюцца музыка і галасы. 24 каманды са сваімі колерамі, дэвізамі і, вядома, рашучым настроем, выстраіліся на пляцоўцы. Усім іх удзельнікам больш за 60.

Ідэя спаборніцтваў з'явілася ў Баранавіцкага раённага аб'яднання ветэранаў і ў работнікаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Баранавіцкага раёна. Тры гады мерапрыемства праходзіла толькі з дапамогай спонсарскіх сродкаў — прафсаюзных арганізацый і ўласнікаў. Але да першапачатковых шасці камандаў з вёсак раёна пачалі далучацца іншыя ахвотныя, і цяпер спартакіяду падтрымлівае райвыканкам, мясцовыя сельгаспрадпрыемствы, БРСМ і «Белая Русь». Сярод зацікаўленых нават царква.

— Сёння пенсіянеры з Пінскага, Кобрынскага, Бярозаўскага, Івацэвіцкага, Ляхавіцкага, Камянецкага, Драгічынскага раёнаў гатовыя ехаць сюды, каб паўдзельнічаць у конкурсах. Можна сказаць, што спаборніцтвы ветэранаў выходзяць на абласны ўзровень, — мяркуе Сяргей Сліва, намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама.

Праграма спартландыі складаецца з улікам узросту ўдзельнікаў, але дазваляе выпрабаваць хуткасць, трапнасць і ўменне працаваць разам. Спартсмены прабягалі эстафету, збіралі кеглі, кідалі мяч і дартс, а потым журы выбірала трох пераможцаў і для ўсіх пачынаўся святочны канцэрт. Асаблівасць мерапрыемства — ніхто з удзельнікаў не пакідае яго без падарунка.

— Мы жартуем, што моладзь зарганізаваць на такія мерапрыемствы куды цяжэй, чым пенсіянераў, — усміхаецца Сняжана Мароз, дырэктар Баранавіцкага ТЦСАН. — Калі толькі складаем распараджэнне аб правядзенні спартакіяды, ужо тады пачынаюцца званкі з пытаннямі: на якой адлегласці будуць кеглі, якога дыяметру мішэні для дартса... Мы, магчыма, і ўвагі б не звярнулі на такую дробязь, а чуеш пытанні і разумееш, наколькі сур'ёзна ўдзельнікі ставяцца да конкурсаў.

Выхад за чатыры сцяны

Анатоль Іванавіч Кузьміч толькі што прайшоў усе этапы спартакіяды. Нягледзячы на сталы ўзрост, ужо 34-ы год ён працуе дырэктарам школы ў аграгарадку Перхавічы і адначасова ўдзельнічае ў мерапрыемстве, куды трапіў «па цікаўнасці» — і прапанове жонкі. За жыццё паспеў перамераць крокамі практычна ўвесь Савецкі Саюз: пабываў з вучнямі ў Карпатах, Паміры, Цянь-Шані, на Каўказе, Камчатцы, Камандорскіх астравах. Асабліва запомніўся знак з надпісам «Масква — 12 тысяч кіламетраў, Сан-Францыска — 800 кіламетраў». Цяпер падарожжы сталі не такімі працяглымі, але сіл хапае і на працу, і на спорт, і на краязнаўчыя даследаванні. Разам з групай школьнікаў Анатоль Іванавіч даследуе мясцовыя выдатныя мясціны. Напрыклад, апошнім разам выпраўляліся на адно з азёраў Гродзенскай вобласці.

Па словах Сняжаны Мароз, настаўнікі, бухгалтары, кіраўнікі калгасаў — усе, каго раней называлі «вясковай інтэлігенцыяй», — не губляюць стваральны патэнцыял з прыходам пенсіі. Такія людзі — лідары для аднавяскоўцаў, пастаянныя завадатары. Запіраць чалавека, які хоча дзейнічаць, у чатырох сценах — гэта заводзіць яго ў дэпрэсію і губляць добраахвотнага, ініцыятыўнага памочніка.

Цяпер на пляцоўцы збіваюць кеглі ў тым ліку і наведвальнікі аддзялення для дзённага знаходжання пажылых грамадзян і інвалідаў — гэта значыць адзінокія людзі і ўдзельнікі клубаў для пажылых людзей. У 2007 годзе работнікі тэрытарыяльнага цэнтра вырашылі паспрабаваць на той час новую ідэю работы з пенсіянерамі ў сельскай мясцовасці. Вынікам сталі сем клубаў, пасяджэнні якіх штомесяц аб'ядноўваюць жыхароў з суседніх вёсак.

Цеплыня, размовы і гарбата

У тэрытарыяльным цэнтры ёсць аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, у якім практыкуецца выязная форма работы з сельскімі жыхарамі. Сацыяльныя работнікі дамаўляюцца з сельскімі Саветамі, дамамі культуры на памяшканне і дапамогу ў арганізацыі. Спецыялісты тэлефануюць падапечным і папярэджваюць, на які дзень запланавана сустрэча, і потым праводзяць пасяджэнне клуба зыходзячы з запланаванай тэматыкі.

— Мы так гаворым — пасяджэнні, але насамрэч там няма нічога афіцыяльнага, — тлумачыць Сняжана Мароз. — Нашы падапечныя самі выбіраюць тэмы, якія яны хочуць абмеркаваць, і наступны раз на сустрэчу запрашаем спецыяліста. Гасцямі клубаў становяцца медыцынскія работнікі, урачы-валеолагі з занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў. Прыходзяць святары, бо часта ўзнікаюць пытанні рэлігійнага кшталту. Прычым сустрэча адбываецца не ў фармаце лекцыі, а падобная на дыялог: спецыялісту задаюць пытанні, той адказвае, удакладняе, можа нешта параіць.

Акрамя адукацыі, удзельнікаў клубаў аб'ядноўваюць звычайныя чалавечыя адносіны. Разам адзначаюць святы, дні нараджэння.

Абмежаванняў на ўдзел у клубе няма. Па вопыце працы баранавіцкія сацыяльныя работнікі кажуць, што збіраюцца разам ад 10 да 27 чалавек — усё залежыць ад таго, наколькі вялікая вёска.

Для ветэранаў клуб становіцца месцам стасункаў, маральнай падтрымкі адно аднаго. Калі летам прыязджаюць дзеці-ўнукі, трэба даглядаць агарод і кветнікі, то зімой пажылыя людзі практычна застаюцца самі з сабою.

— Вельмі важна трымаць сувязь хоць бы па тэлефоне, — дзеліцца назіраннямі Сняжана Мароз, — калі людзі пакінутыя, ад адзіноты яны пачынаюць сумаваць, сыходзіць у апатыю. А калі з імі камунікуюць, яны адчуваюць, што іх не кінулі і не забыліся. Нават калі на працы чалавек быў негаваркі, ён усё роўна не можа існаваць у ізаляцыі і рана ці позна захоча ў соцыум.

Дзяўчаты мінулага стагоддзя

Бадай ці не самая сталая ўдзельніца клуба для пажылых людзей Марыя Станіславаўна Шымановіч нарадзілася ў 1939 годзе. Сябе яна лічыць багатым чалавекам: дзеці ўжо падарылі восем унукаў і дзесяць праўнукаў.

Сама пенсіянерка выглядае хвацка: твар упрыгожвае ўсмешка, на плячах завязана хусцінка расфарбоўкі «божая кароўка» — гэта частка вобраза каманды, разам з якой Марыя Станіславаўна прыехала на спартакіяду. Сябе жанчыны называюць «дзяўчатамі мінулага стагоддзя», пры гэтым некаторыя сяброўкі выступаюць разам ужо 35 гадоў, толькі не на спартыўных спаборніцтвах, а ў складзе аматарскага хору пры Доме культуры ў пасёлку Мірны.

На ўсе мерапрыемствы клуба Марыя Станіславаўна пячэ пірог, на юбілеі і дні нараджэння гатуе сапраўдны каравай з «шышачкамі». Для сваіх аднаклубнікаў гасцінная бабуля адначасова і прыклад, і падтрымка.

— Як муж памёр, засталася адна, цэлы год нікуды не выходзіла, пастаянная дэпрэсія. А Марыя Станіславаўна цягне — пайшлі да нас, у цябе голас харошы, будзем спяваць! — дзеліцца ўспамінам Лідзія Міхайлаўна Шабанава. — Ранкам устаеш: там баліць, там коле. Цераз «не магу» ідзеш на аўтобусны прыпынак або ловіш «папутку». А калі на сапраўдным канцэрце выступаеш, то пасля нібы дзясятак гадоў адразу з плеч спадае. Дык як жа пасля такога можна адмовіцца ад клуба?!

Сняжана Мароз расказвае, што кожны клуб замацаваны за пэўным сацыяльным работнікам. Яго задача якраз дапамагаць зносінам пажылых людзей і грамадства. Акрамя гэтага, тэрытарыяльны цэнтр прапаноўвае і звычайныя для падобнай установы паслугі. Асноўны напрамак — гэта сацыяльная дапамога дома. Акрамя таго, цэнтр рыхтуе сядзелак, па прадпісанні забяспечвае сродкамі рэабілітацыі. Працуе салон міласэрнасці — малазабяспечаныя, пажылыя, адзінокія грамадзяне могуць там атрымаць гуманітарную дапамогу. Пры цэнтры існуе юрыдычная і псіхалагічная дапамога, ідзе падтрымка пры размяшчэнні падапечнага на медыка-сацыяльны ложак, у дамы сестрынскага догляду, дамы-інтэрнаты.

— Важна, каб любое мерапрыемства не проста праводзілася, — гаворыць Сняжана Мароз. — Па-сапраўднаму яны пачынаюць дзейнічаць, калі ветэраны маюць занятак. Гэта адначасова змяняе стаўленне да іх грамадства, разбурае стэрэатып, быццам людзі ў гадах нямоглыя, апатычныя...

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: І ў 60 з табою мы станцуем танга...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».