Вы тут

Хто будзе ўвасабляць Еўрапейскія гульні ў Мінску?


Здаецца, яшчэ нядаўна наша краіна атрымала права на правядзенне гэтага вялікага спартыўнага турніру, а сёння падрыхтоўка да яго ідзе ўжо поўным ходам. Распрацаваны лагатып, прадумваецца праграма спаборніцтваў, набіраюцца валанцёры і... аб'яўлены конкурс на стварэнне талісмана Еўрагульняў, у якім можа прыняць удзел любы ахвотны. Для гэтага трэба прыдумаць ідэю талісмана, яго малюнак і імя.
Заяўкі прымаюцца да 15 лістапада 2017 года (на электронную пошту іnfо@mіnіnfоrm.gоv.bу, у тэме ліста неабходна пазначыць «Конкурс»). Уладальнікі першых трох прызавых месцаў атрымаюць запрашальныя білеты на мерапрыемствы ІІ Еўрапейскіх гульняў, а таксама камплекты парадна-спартыўнай экіпіроўкі беларускай зборнай.


Лагатып турніру ўжо прадстаўлены, ідэяй да яго стварэння стаў лозунг «Ідзі за марай», у аснову пакладзена легенда пра папараць-кветку, якая квітнее ў летнюю ноч на Івана Купалу. Афіцыйны дэвіз Гульняў: «Brіght Yеаr, Brіght Yоu» («Яркі год, яркі ты»). Руская варыяцыя лозунгу — «Время ярких побед» і беларуская — «Час яскравых перамог».

Што датычыцца талісманаў Еўрагульняў, то ў Баку-2015, на першым турніры, публіку весялілі Джэйран (газель) і Нара (гранат), яны сталі вобразамі, якія адлюстравалі гісторыю Азербайджана і яго перспектыўную будучыню. Газель Джэйран стала сімвалам грацыі, прыроднай прыгажосці, вытанчанасці і чысціні ў краіне, гранат Нара — фрукт, які любіць сонечнае святло і з'яўляецца сімвалам жыцця і энергіі.

Як правіла, талісманам спартыўных спаборніцтваў можа стаць чалавек, жывёла або казачная істота, якая адлюстроўвае асаблівасці культуры народа — гаспадара турніру — і якая сімвалізуе каштоўнасці сучаснага алімпійскага руху. Лічыцца, што місія талісмана — прынесці поспех спартсменам і падтрымаць святочную атмасферу.

Успомнім, як развівалася гісторыя талісманаў на Алімпіядах, аналагам якіх і з'яўляюцца Еўрагульні.

Самы першы талісман з'явіўся на зімовых Алімпійскіх гульнях 1968 года ў французскім Грэноблі — калабок-лыжнік Шчус. Аднак ён лічыцца неафіцыйным, бо толькі праз некалькі гадоў на сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта было зацверджана паняцце «алімпійскі талісман». Таму першым афіцыйным сімвалам летніх Гульняў стала такса Вальдзі ў Мюнхене-1972, а зімовых — снегавік Алімпіямандл у Інсбруку-1976.

Талісманы адразу здабылі вялікі поспех у аматараў спорту і саміх атлетаў, іх выпускалі ў выглядзе разнастайных сувеніраў — ад значкоў да плюшавых цацак, малявалі на адзенні, посудзе, плакатах.

Арыгінальнасць ідэі з'яўляецца адным з асноўных крытэрыяў у ацэнцы талісмана, па першым часе дызайнеры ўсё часцей надавалі ім зааморфныя рысы. Летнія Гульні 1976 года ў Манрэалі (Канада) сімвалізаваў традыцыйны жыхар мясцовых лясоў бабёр Амік. У 1980 годзе сімвалам зімовых Гульняў у Лэйк-Плэсідзе (ЗША) стаў янот Роні, сімвалам летняй Алімпіяды ў Маскве — Міша (афіцыйна — Міхаіл Патапыч Таптыгін). Многія і сёння памятаюць, як падчас цырымоніі закрыцця Алімпіяды-80 гіганцкая гумавая лялька Міхаіла Патапыча на паветраных шарах пад песню Аляксандры Пахмутавай павольна паплыла ў маскоўскае неба. Відовішча было настолькі кранальным, што і гледачы, і ўдзельнікі Алімпіяды не маглі ўтрымацца ад слёз. Дарэчы, праз гадзіну Мішка прызямліўся на ўскраіне Масквы.

Сімвалам зімовай Алімпіяды ў Сараеве (Югаславія) у 1984 годзе было абрана ваўчаня Вучка. Паводле задумы стваральнікаў, яно сімвалізавала чалавечае жаданне «пасябраваць з жывёламі і стаць бліжэй да прыроды». Югаслаўскі талісман прызнаны адным з самых абаяльных за ўсю гісторыю Гульняў.

Затым у алімпійскую моду ўвайшлі казачныя персанажы — напрыклад, снежны горны эльф Магік увасабляў Альбервіль (Францыя, 1992 год).

На Алімпіядзе-1994 у Лілехамеры (Нарвегія) упершыню талісманамі сталі людзі: хлопчык і дзяўчынка Хакон і Крысцін — брат і сястра з нарвежскіх народных казак.

У 1996 годзе на летніх Гульнях у Атланце (ЗША) упершыню сімвалам стаў згенерыраваны камп'ютарам персанаж Ізі (ад фразы «Whаt іs іt?» — «Што гэта такое?»).

Бліжэй да 2000-х з'явілася тэндэнцыя стварэння не аднаго, а адразу некалькіх сімвалаў Алімпійскіх гульняў. Напрыклад, у Нагана (Японія, 1998 год) талісманамі сталі чатыры белыя савяняці (Сукі, Нокі, Лекі і Цукі).

Талісманамі летніх Алімпійскіх гульняў у Сіднеі (Аўстралія, 2000 год) сталі рэдкія жывёлы кукабара (аўстралійскі зімародак-рагатуха), качканос і яхідна. Прычым кукабару назвалі Олі (у гонар Алімпіяды), качканоса — Сід (ад слова Сідней), а яхідну — Мілі (ад слова «міленіум»).

Талісманы Алімпіяды-2002 у Солт-Лэйк-Сіці (ЗША) — заяц, каёт і мядзведзь сімвалізавалі алімпійскі лозунг «Хутчэй, вышэй, мацней!».

Алімпійскія гульні 2004 года ў Афінах (Грэцыя) прадстаўлялі персанажы, створаныя на ўзор сапраўдных грэчаскіх лялек, знойдзеных пры раскопках, якія адносяцца да VІІ стагоддзя да нашай эры.

На летніх Гульнях-2008 у Пекіне (Кітай) талісманаў было пяць: рыбка («Бэй-Бэй»), панда («Цзін-Цзін»), тыбецкая антылопа («Хуань-Хуань»), ластаўка («Ін-Ін») , а таксама алімпійскі агонь («Ні-Ні»). Назва для талісманаў была абрана не выпадкова — аб'яднанне гэтых складоў утварае фразу «Бэйцзін хуаньін ні», што ў перакладзе з кітайскай азначае: «Сардэчна запрашаем у Пекін!»

Самым вядомым беларускім спартыўным талісман пакуль з'яўляецца зубр Волат, які сімвалізаваў чэмпіянат свету па хакеі 2014 года ў Мінску. Дарэчы, ён сам і яго імя было абрана таксама з дапамогай народнага галасавання. Хто прадставіць усяму свету беларускі народ, традыцыі і культуру ў 2019 годзе залежыць ад вас.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Да тэмы

Аб'яўлены конкурс песні цырымоніі адкрыцця і закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Конкурс на стварэнне глыбокіх па змесце і сучасных па сродках выразнасці песень для цырымоній адкрыцця і закрыцця Еўрагульняў-2019 пройдзе з 1 жніўня па 1 снежня 2017 года.

Песні павінны раскрываць тэмы яднання народаў, мірнага спартыўнага спаборніцтва, гасціннасці Беларусі, адлюстроўваць шчырасць і цеплыню краіны, якая прымае ІІ Еўрапейскія гульні.

Удзельнікам конкурсу неабходна падаць заяўку і матэрыялы (аўдыязапіс песні, нотны запіс песні, тэкст песні на рускай, беларускай і англійскай мовах) з 1 жніўня па 1 лістапада 2017 года на паштовы або электронны адрас Маладзёжнага тэатра эстрады (220007, г. Мінск, вул. Маскоўская, 18а, тэл. (017) 213 19 49; 213 15 66; е-mаіl: tеаtrеstrаdу@mаіl.ru).

Адзін канкурсант можа прадставіць не больш за дзве песні, кожная працягласцю ад 2,5 да 4 мінут, для сольнага або калектыўнага выканання. Пераможцам будуць уручаны спецыяльныя дыпломы і грашовыя прэміі памерам 100, 70 і 50 базавых велічынь.

Загаловак у газеце: Звярок, цацка ці чалавек?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».