Вы тут

Ад тату да гепатыту?


Вірусны гепатыт А сустракаецца ў нас ужо надзвычай рэдка, чаго пакуль не скажаш пра В і С, якія перадаюцца значна лягчэй за ВІЧ і не толькі палавым шляхам

Барацьба з віруснымі гепатытамі застаецца актуальнай праблемай для свету. У меншай ступені, вядома, для развітых краін, у большай — для тых, дзе ўзровень жыцця вымушае жадаць лепшага. Аднак пагроза застаецца для ўсіх нас фактычна аднолькавай, бо вандроўкі па свеце — з дзелавой ці забаўляльнай мэтай — сталі справай звычайнай. Захворванне можна прывезці «з сабой».


Сусветная арганізацыя аховы здароўя надае барацьбе з віруснымі гепатытамі такое ж значэнне, як і барацьбе са СНІДам, сухотамі ды малярыяй, і звяртае ўвагу грамадскасці на неабходнасць дабіцца элімінацыі (вывядзення) вірусных гепатытаў да 2030 года. А пакуль 257 млн чалавек жывуць у свеце з вірусным гепатытам В і 71 млн — з гепатытам С. З ВІЧ, дарэчы, — каля 37 млн. Смяротнасць ад вірусных гепатытаў супастаўляльная са смяротнасцю ад сухотаў і перавышае смяротнасць ад СНІДу. Кожны дзень тысячы людзей працягваюць заражацца, таму што не ведаюць пра некаторыя рэчы або проста грэбуюць элементарнымі правіламі засцярогі. Толькі невялікая частка інфіцыраваных праходзіць тэсціраванне і лячэнне. А між тым і ў тэсціраванні, і ў лячэнні намеціўся за апошнія гады значны прарыў. Многім краінам сталі даступныя генерычныя прэпараты, таму ўвесь курс лячэння можа каштаваць ужо не больш за 200 долараў.

— Вірусныя гепатыты А і Е, якія перадаюцца фекальна-аральным шляхам, сталі для нашай краіны рэдкімі выпадкамі — менш за адзін выпадак на 100 тысяч насельніцтва, кожны пяты пры гэтым заразіўся за межамі краіны — у дзелавых і турыстычных паездках па Таджыкістане, Туркменістане, Турцыі, Егіпце і некаторых іншых краінах, — расказвае намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына ГЛІНСКАЯ. — У 1980—1990-я гады гаворка ішла пра некалькі тысяч выпадкаў віруснага гепатыту А ў год, вялікую колькасць успышак, а сёння хворых — менш за сотню. Таму што ў першую чаргу змяніўся ўзровень жыцця, палепшыліся бытавыя ўмовы, праводзяцца неабходныя санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы — бяспека водазабеспячэння, змяненне тэхналогіі ўпакоўкі харчовых прадуктаў і г. д. Аднак пра многае павінны клапаціцца і мы самі.

У першую чаргу гэта якасць пітной вады ў тых краінах, куды мы накіроўваемся (варта карыстацца бутыляванай вадой), дасканалая тэрмічная апрацоўка прадуктаў, у тым ліку морапрадуктаў, а таксама асабістая гігіена...

Такія складаныя інфекцыі, як вірусныя гепатыты В і С, перадаюцца праз кроў, сперму і вагінальную вадкасць і могуць працякаць у вельмі цяжкай форме. Дзесьці ў кожнага дзясятага дарослага і ў 50—90 працэнтаў дзяцей працэс становіцца хранічным. Апытанні інфіцыраваных і розныя даследаванні паказваюць, што галоўным чынам гепатыты В і С перадаюцца праз неабароненыя палавыя кантакты. 10 працэнтаў прыпадае на немедыцынскія маніпуляцыі, падчас якіх парушаецца цэласнасць скуры — манікюр, пірсінг, тату. Пры гэтым спецыялісты адзначаюць, што ва ўстановах, якія працуюць афіцыйна і маюць адпаведную сістэму кантролю, рызыка мінімальная. Яшчэ каля 10 працэнтаў выпадкаў звязваюцца з унутрывенным увядзеннем наркотыку. Аднак вірусы гэтыя вельмі ўстойлівыя ў навакольным асяроддзі, могуць захоўвацца на розных рэчах да шасці месяцаў, што таксама можа ўяўляць небяспеку, паколькі вядомы і бытавы шлях перадачы — найчасцей ад інфіцыраванага іншым членам сям'і. Апошнім у такіх выпадках рэкамендуецца прайсці вакцынацыю хоць бы ад віруснага гепатыту В. Гэта цалкам даступна ў дзяржаўных медустановах па месцы жыхарства, дастаткова толькі пацікавіцца. Зрабіць прышчэпку можа і любы ахвотны дарослы. А большасць тых, каму сёння да 25 гадоў, ужо абароненыя — яны атрымалі прышчэпкі пры нараджэнні. Такая практыка працягваецца і сёння. Спецыялісты не рэкамендуюць бацькам адмаўляцца ад гэтага: заражэнне ў дзіцячым узросце можа пагражаць хранічным працэсам, што ў выніку справакуе такое сур'ёзнае захворванне, як цыроз печані, а гэта — рэальная пагроза жыццю.

«З'явілася шмат новых прэпаратаў, якія валодаюць прамым супрацьвірусным дзеяннем, яны маюць большую эфектыўнасць у параўнанні з той тэрапіяй, што была дагэтуль і ўключала інтэрфероны, — тлумачыць дацэнт кафедры інфекцыйных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Святлана ЛУКАШЫК. — Такія прэпараты не працуюць як універсальныя імунамадулятары, яны ў большай ступені скіраваны на блакаду пэўных ферментаў, дзякуючы чаму іх эфектыўнасць дасягае 95—100 працэнтаў. Прэпараты прамога супрацьвіруснага дзеяння могуць прызначацца нават самым цяжкім пацыентам з цырозам печані, тым, хто рыхтуецца да трансплантацыі печані, пасля трансплантацыі... Лекі добра пераносяцца, маюць мінімум пабочных эфектаў і дазваляюць пры гэтым спыніць працэс прагрэсіравання захворвання, павялічыць выжывальнасць». Магчымасці выкарыстання такіх лекаў прадугледжаны ў новых пратаколах па хранічных вірусных гепатытах В і С.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».