Вы тут

«ІT-лагер» запускаюць Міністэрства адукацыі і мабільны аператар МТС


Новы адукацыйны праект для школьнікаў «ІT-лагер» запускаюць Міністэрства адукацыі і мабільны аператар МТС.


У рамках сумеснай ініцыятывы 7 жніўня на базе дзіцячага аздараўленчага летніка «На ростанях» стартуюць ІT-курсы «Праграмаванне гульняў на мове Sсrаtсh». Партнёрам праекта выступіў адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій.

Праграма навучання распрацавана работнікамі адукацыйнага цэнтра ПВТ і зацверджана Міністэрствам адукацыі. Падчас навучальнага курса школьнікі пазнаёмяцца з камп'ютарнай анімацыяй і графікай, навучацца працаваць у камандзе, думаць аналітычна і знаходзіць рашэнні няпростых задач. Праект разлічаны на дзяцей да 14 гадоў. Заняткі ў «ІT-лагеры» будуць бясплатныя.

— Міністэрства адукацыі ўдзяляе асаблівую ўвагу лічбавай трансфармацыі галіны. Адна з важных задач, якую мы ставім перад сабой сёння, — навучыць дзіця адаптавацца да дынамічнага развіцця тэхналогій, — тлумачыць дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел ЛІС. — Праграма навучання складзена такім чынам, каб вучні маглі раскрыць свой патэнцыял і ўвасобіць ідэі ў канкрэтных праектах.

Праводзіць заняткі для школьнікаў будуць супрацоўнікі адукацыйнага цэнтра ПВТ — спецыялісты, у якіх ужо ёсць вопыт работы з дзецьмі. У госці да дзяцей і падлеткаў прыйдуць са сваімі майстар-класамі і прадстаўнікі беларускіх геймстудый. У фінале школьнікі прадставяць журы і бацькам свае ўласныя праекты і атрымаюць пасведчанні аб заканчэнні курса.

Адукацыйны праект для школьнікаў «Праграмаванне гульняў на мове Sсrаtсh» рэалізуецца кампаніяй МТС і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у рамках заключанага ў чэрвені бягучага года пагаднення аб супрацоўніцтве.

— Мы працягваем разам рэалізоўваць праекты, якія дапамагаюць правільна выкарыстоўваць тэхналогіі ў жыцці і ў навучальным працэсе. «ІT-лагер» — гэта пілотны праект. Такія ж урокі праграмавання для школьнікаў мы плануем арганізоўваць і далей. Мэта ініцыятывы — не проста прапанаваць дзецям новыя веды, а навучыць іх думаць творча, — пракаментаваў падзею кіраўнік камерцыйнага дэпартамента МТС Яўген БРАНЦАЎ.

Што такое Sсrаtсh?

Гэта асяроддзе праграмавання для навучання школьнікаў малодшых і сярэдніх класаў. Яно дазваляе дзецям ствараць уласныя аніміраваныя і інтэрактыўныя гісторыі, прэзентацыі, мадэлі і гульні. Кожны дзень Sсrаtсh выкарыстоўваюць у 30 тысячах адукацыйных праектаў па ўсім свеце.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Лета з карысцю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».