Вы тут

У Цэнтра бяспекі МНС шчыльны графік работы ў час летніх канікулаў


У Цэнтра бяспекі МНС, што нядаўна адкрыўся ў Лідзе, вельмі шчыльны графік работы ў час летніх канікулаў.


Новы аб'ект адкрыўся 1 чэрвеня. За гэты час тут пабывала каля дзвюх тысяч наведвальнікаў, у асноўным дзеці, якіх прывозяць групамі з аздараўленчых летнікаў. Колькасць ахвотных пабываць тут толькі расце, паведамляе інспектар прапаганды Лідскага аддзялення МНС Вадзім Бартэль. Ужо прынята каля ста груп. Гэта сапраўдная навінка для рэгіёна, ды і ў цэлым па краіне такіх устаноў толькі тры.

У Лідзе пад Цэнтр бяспекі прыстасавалі пустуючы аб'ект, але напоўнілі яго сучасным інтэрактыўным абсталяваннем. У ходзе экскурсіі можна праверыць уласныя веды па правілах бяспекі і атрымаць навыкі выратавання сябе і сваіх блізкіх. Інспектар з дапамогай манекена дэманструе дапамогу чалавеку, які папярхнуўся ежай.

— Ні ў якім разе не трэба біць чалавека па спіне, бо кавалачак ежы можа пайсці яшчэ глыбей, — папярэджвае Вадзім Бартэль. — Спачатку трэба накіраваць яго на тое, каб ён пакашляў. Калі гэта не дапамагло і чалавек пасінеў, трэба абхапіць яго ззаду дзвюма рукамі за сцёгны, нахіліць уперад і зрабіць некалькі рэзкіх рыўкоў, — кавалачак ежы павінен выскачыць.

У Цэнтры каля дзясятка розных пакояў, дзе можна даведацца, як выклікаць службу выратавання, патушыць агонь, выйсці з задымленага пакоя, аказаць дапамогу пры няшчасных выпадках і іншыя рэчы.

Зусім нядаўна пачаў функцыянаваць пакой памылак. Дзякуючы камп'ютарным тэхналогіям змадэляваны выпадкі ўзнікнення надзвычайных сітуацый. Пры навядзенні планшэта на вызначаныя дэкарацыі можна ўбачыць, што адбудзецца пры парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, эксплуатацыі газавага абсталявання, электрычных прыбораў, пячнога ацяплення, неасцярожнасці пры курэнні.

У будучым плануецца абсталяваць Цэнтр бяспекі новымі трэнажорамі, на якіх будуць адпрацоўвацца паводзіны падчас навальніцы, пры паражэнні токам, антыкрымінальныя выпадкі, інтэрнэт-бяспека.

Маргарыта УШКЕВІЧ

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: «Усё распісана наперад...»

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.