Вы тут

Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!


Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!

(Аб  Мінскім абласным этапе творчага конкурса юных чытальнікаў «Жывая класіка»)

2017 год багаты на самыя  разнастайныя культурна-асветніцкія  мерапрыемствы, што нядзіўна, бо менавіта ў гэтым годзе наша краіна адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. І ўсё ж творчы конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка» не згубіўся сярод вялікага мноства мерапрыемстваў, больш за тое, ён арганічна звязаны з многімі з іх. А дэвіз конкурсу — «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!» — гучыць сёлета, у год скарынаўскага юбілею, актуальна, як ніколі.

Конкурс праходзіць не першы год, правілы вядомыя. Паўдзельнічаць у маштабным мерапрыемстве маглі вучні самага рознага ўзросту: ад першакласнікаў да выпускнікоў. На першым, самым масавым этапе, што традыцыйна праводзіўся ў навучальных установах, колькасць удзельнікаў не абмяжоўвалася, а пераможцы атрымлівалі права прыняць удзел у другім этапе — раённым. Пераможцы раённых потым запрашаліся на заключныя, абласныя этапы, дзе і выяўляліся канчатковыя пераможцы.

Асаблівасцю сёлетняга конкурсу юных чытальнікаў з’яўляецца тое, што ў Дзень беларускага пісьменства ў горадзе-сталіцы свята Полацку правядуць чацвёрты, заключны, этап (рэспубліканскі), у якім будуць удзельнічаць пераможцы ўсіх абласных (а таксама Мінскага гарадскога) этапаў конкурсу. І, па словах міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ліліі Ананіч, менавіта сёлетні конкурс юных чытальнікаў «Жывая класіка» павінен стаць добрай традыцыяй.

— Цікаўнасць да слова, да лепшых твораў нацыянальнай літаратуры — гэта клопат перш за ўсё дарослых, — адзначыла на прэс-канферэнцыі, якая праходзіла 21 лютага, якраз напярэдадні старту 1-га этапу конкурсу, Лілія Ананіч. — Трэба шукаць новыя формы працы з дзецьмі, каб яны мелі інтарэс да роднага слова, разумелі, як прыгожа гучыць беларуская мова. Не хацелася б, каб кнігі, якія кожны год у вялікай колькасці з’яўляюцца ў беларускіх выдавецтвах, ляжалі на паліцах.

Першы этап, як я ўжо адзначаў, праходзіў у саміх навучальных установах, і адбывалася гэта на працягу ўсяго сакавіка. Ён, на жаль, прайшоў без майго непасрэднага ўдзелу, а вось на адным з конкурсаў другога этапу, раённага, які праводзіўся ў горадзе Чэрвені, я меў гонар папрысутнічаць у якасці члена журы. І быў прыемна здзіўлены высокім узроўнем прафесіяналізму (не пабаюся гэтага слова) юных чытальнікаў, сярод якіх вельмі няпроста было выбраць пераможцаў.

Гэткім жа (і нават большым) быў прафесійны ўзровень удзельнікаў Мінскага абласнога творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», які прайшоў 26 мая на базе ДУА «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі». Тут сабраліся пераможцы другога этапу з усёй Мінскай вобласці, і я, хоць і планаваў спачатку проста асвятляць для чытачоў часопіса «Бярозка» гэтае цікавае мерапрыемства, нечакана нават для сябе самога зноў апынуўся сярод членаў журы.

Але спачатку ў актавай зале прайшло ўрачыстае адкрыццё конкурсу, пасля якога ўдзельнікі самай малодшай узроставай катэгорыі (пачатковыя класы) ў актавай зале і засталіся, астатнія ж юныя чытальнікі адправіліся ў суседнія з залай аўдыторыі. Я як член журы патрапіў на конкурснае праслухоўванне ва ўзроставую катэгорыю V—VI класы.

Скажу шчыра, вельмі хацелася ўсім юным удзельнікам паставіць вышэйшыя балы, настолькі спадабаліся мяне (ды і іншым) іх яркія пранікненыя выступленні. Але ў любым конкурсе павінны быць пераможцы, і таму сярод добрых і проста выдатных выступленняў прыйшлося выбіраць самыя адметныя.

Асабліва ўразіла мяне сваім выступленнем Міхальцова Вераніка з СШ № 9 г. Жодзіна, якая прачытала ўрывак з апавядання Кузьмы Чорнага «Маленькая жанчына» і пасля падвядзення вынікаў атрымала дыплом 2-й ступені. Але ад дыплома 1-й ступені, які дастаўся Дунчанка Эвеліне з Заскавіцкай базавай школы Маладзечанскага раёна, Міхальцову Вераніку, а таксама Батракову Мілану з Уздзенскай гімназіі, што падзяліла з Веранікай другое месца, аддзяліў усяго толькі адзін бал. Адзін з трыццаці магчымых, і гэта паказвае, наколькі моцнай была канкурэнцыя сярод удзельнікаў 3-га абласнога этапу конкурсу.

Потым вучням пачатковых класаў у бібліятэцы інстытута была прапанавана інтэлектуальная гульня «Літаратурны калейдаскоп», вучням V—VI i VII—VIII класаў — цікавая псіхагімнастыка для юных чытальнікаў, а навучэнцам ІХ—Х класаў — літаратурны квэст «Кніжная спадчына Беларусі».

Члены журы ў гэты час падводзілі канчатковыя вынікі конкурсу, арганізатары падпісвалі дыпломы і рыхтавалі для пераможцаў і прызёраў памятныя падарункі.

І вось нарэшце тое, чаго так чакалі ўвесь гэты час юныя ўдзельнікі — урачыстае закрыццё Мінскага абласнога этапу, на якім і былі аб’яўлены прозвішчы пераможцаў і прызёраў.

Ад імя часопіса «Бярозка» і ад сябе асабіста шчыра віншую пераможцаў і зычу ім поспехаў на радзіме Францыска Скарыны, у старажытным Полацку, дзе ў самым пачатку верасня і пройдзе заключны рэспубліканскі этап творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка»!

 

Генадзь Аўласенка,

намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.