Вы тут

Антось Звычайны: «Усе такія коцікі»


Антось Звычайны: «Усе такія коцікі»

Дзякуючы яму вершы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка і іншых класікаў загучалі як хіп-хоп трэкі. У інтэрв’ю «Бярозцы» Антось распавёў, навошта запісаў альбом «бел.літ. х змрок», падзяліўся марамі гісторыка і пісьменніка і адкрыў сакрэты беларускага музычнага асяроддзя.

— З чаго пачалося захапленне музыкай?

— Як ва ўсіх падлеткаў канца 2000-х: была хваля хіп-хопа, а мне хацелася выказаць увесь свой юнацкі пратэст у нейкай форме, і я пачаў пісаць вершаванкі — звязаныя адно з адным радкі, поўныя не вельмі добрых пачуццяў і слоў. Першапачаткова па-руску, а ў гадоў 16 нешта перакулілася ўва мне, і я паспрабаваў пісаць па-беларуску. З часам гэта ператварылася ў такую творчасць, як хіп-хоп. 

— На выбар хіп-хопа ўплывала асяроддзе?

— Мне проста хіп-хоп падабаўся. Пэўны час я ўвогуле слухаў толькі яго, быў артадаксальным прыхільнікам у шырокіх нагавіцах, слухаў Эмінэма. Гэта быў той час, калі адрозненні субкультур былі відавочныя: рэпер быў рэперам, панк —  панкам і ненавідзеў рэпераў… Зараз, мне здаецца, такога няма, распаўсюджана музычная талерантнасць.

— Калі ты зразумеў, што гэта сур’ёзна?

— Першы свой трэк я запісаў у 2010 годзе, гэта было штосьці кшталту хатняй студыі, мы не прапісвалі дэталі, проста як атрымалася, так і атрымалася. А першы трэк больш-менш добрай якасці  («Дзяўчынка з горада сноў») я запісаў гады праз два. Паступова, пераехаўшы ў Мінск, пачаў хадзіць на якасныя запісы, эксперыментаваць. Так прыйшоў да двух міні-альбомаў і спадзяюся, што гэта не кропка.

— Ці ёсць у цябе прыклад у хіп-хопе?

— У мяне ўвесь час змяняюцца музыкі, якіх я лічу ўзорнымі. Пэўны час гэта быў Эмінэм, зараз, напэўна, Кендрык Ламар. Для мяне асабіста ў творчасці важнае месца займае ідэя. Ламар з’яўляецца адным з ідэалагічных лідараў барацьбы цемнаскурага насельніцтва за свае правы. Яшчэ Фрэнк Оушэн — музыка ўзроўню, пра які я мару.

— Як наваколле паставілася да твайго захаплення, калі зразумела, што ўсё ўсур’ёз?

— Я не ведаю, мне і дагэтуль здаецца, што ўсё несур’ёзна. У мяне і быў адзін сольны канцэрт. Мяркую, блізкія падтрымліваюць, хаця, магчыма, я чагосьці не разумею. Нават бацькі слухаюць, і ім падабаецца. Прынамсі, яны так кажуць.

— Разглядаеш варыянт, што нагуляешся, апранеш  гальштук і пойдзеш працаваць у офіс?

— У нас музыкаў, якія зарабляюць музыкай, вельмі мала. Для мяне вельмі важна займацца творчасцю ўвогуле. Я шматвектарны: цікавіць гісторыя — па адукацыі гісторык, і для мяне вельмі важна нешта новае ствараць у гэтым накірунку. Крыху займаюся літаратурай і ў ёй таксама хачу працаваць.

— А што наконт мары літаратурнай і мары гісторыка?

—Хачу дапісаць кнігу-антыўтопію пра наш рэгіён праз 30 гадоў. Я ўсё саджуся, спрабую, праходзіць пэўны час, я чытаю і думаю: «Што гэта такое!» Я не перфекцыяніст, але ў творчасці сябе ўвесь час штурхаю, каб рабіць лепш.

Што тычыцца гісторыі, то ў мяне ёсць тэматыка, якую я вывучаю і па якой хачу абараніць усе навуковыя ступені. Займаюся Заходняй Беларуссю ў міжваенны перыяд. Гэты перыяд — у пэўнай ступені Атлантыда. Зараз я даследую нацыяналізацыю маёмасці, што адбылася за савецкім часам.

У кожным выпадку на першым месцы ў мяне творчасць, а яна можа быць розная. Нават калі займаешся гісторыяй, важна, каб гэта была творчасць: пошук новых дакументаў, новыя погляды, новая метадалогія, а не перапісванне прац папярэднікаў. Тое самае і ў іншых сферах — важна быць наватарам.

— Вельмі часта сустракаю паблажлівае стаўленне да хіп-хопа…

— Хіп-хоп на беларускай мове не вельмі ўспрымаюць. Мне здаецца, што беларускамоўная тусоўка вельмі кансерватыўная, не гатовая да сучасных трэндаў. Ёй патрэбна, каб ты зайграў на гітарцы, праспяваў пра цяжкі лёс беларуса, беднага і брудам абмазанага. Калі выключыць рок, то на беларускай мове не развіты ні адзін накірунак: няма электронікі, хіп-хопа. І гэта датычыцца не толькі музыкі: няма ніводнага ютуб-блогера, у якога больш за 100 падпісчыкаў. Для мяне было б найвышэйшым дасягненнем прабіць гэты мур.

— І якія планы па прабіванні?

— Я зараз у пошуку. Сваім другім міні-альбомам хацеў зламаць стэрэатыпы, датычныя беларускай культуры. Паспрабаваў. Мне здаецца, што гэта стала крокам, на жаль, не такім вялікім, як хацелася б. Зараз хачу зрабіць нешта зусім вар’яцкае, хуліганскае. Трэба больш скандальнасці, каб расчухаць гэтую тусоўку.

— Чым быў матываваны выбар твораў у альбом «бел. літ. х змрок»?

— Па-першае, мне хацелася паказаць, што ў нас ёсць клёвая паэзія. Што яе шмат і яна актуальная, пасуе да сучаснага кантэнту. Хацелася пэўнай канцэптуальнасці, стаць рухавіком новага подыху ў культуры.

А выбар саміх вершаў  праходзіў у два этапы: спачатку я выбіраў творы, якія падабаюцца, і для мяне гэта стала сур’ёзным даследаваннем беларускай паэзіі. Прачытаў некалькі тысяч вершаў. З іх выбраў каля 60, потым з іх — што лепш кладзецца на біт, спалучаецца з музыкай.

— Шмат у каго з пачынаючых творцаў ёсць пытанне: «Навошта мне гэта?» Як ты адказваеш на яго?

— Мне проста трэба камусьці нешта распавесці. Я хачу выказацца, данесці свае думкі. Калі некаму будзе кепска, ён пачуе мой трэк і адчуе сябе лепш, то я ўжо працую недарэмна. А ўвогуле мне здаецца, што творца нікому нічым не абавязаны — ён можа ўсё рабіць для сябе.

— Ты ўпэўнены ў сабе чалавек?

— Я заўжды няўпэўнены. Запісваю альбом, раблю рассылку, кажу: «Напішыце, што думаеце пра гэта». Заўсёды ёсць сумневы, як лепш зрабіць. Заўсёды перажываю за сваю творчасць — не хочацца быць графаманам, якіх шмат, але, мабыць, я адзін з іх.

— Якія перашкоды для цябе былі самыя складаныя?

— Зараз я павінен рассесціся і расказаць пра цяжкае жыццё на вуліцы, андэграўнд. Я не лічу, што прайшоў праз нейкія перашкоды. Самае цяжкое, праз што я праходзіў, — гэта пераадольванне сябе. Нават зараз я адчуваю крызіс ідэй, а гэта вельмі цяжка: калі хочацца нешта напісаць, а нічога не пішацца. Стаіш, а сцяна высокая, і думаеш, як яе перасягнуць. Часам здаецца, што ніяк. А потым гэтая праблема вырашаецца праз усведамленне, што ты павінен рабіць тое, што робіш.

— Ёсць мяжа, якой ты вызначаеш, што можаш, а што не?

— Я ўсё магу. Лічу, што няма нічога немагчымага. Калісьці я быў чалавекам, які проста бубнеў у мікрафон, а зараз нечаму навучыўся, маю некалькі сур’ёзных выступаў.

— За што цябе крытыкуюць?

— Я не ведаю, усе такія коцікі: ніхто не хоча пісаць, што не так. Я хачу пабачыць разгромную крытыку, але не бачу. Сам лічу, што ў мяне слабыя вершы, шмат пустога. У новым альбоме падача стала лепшай, але некаторыя праблемы і да гэтага часу мяне засмучаюць. Гляджу на таго ж Ламара — і ён качае, а ўключаю штосьці сваё — не качае, сумна, здаецца, што людзі пад такое ў дэпрэсію ўпадаюць.

— А чые вершы ты лічыш моцнымі?

— З рускамоўнай паэзіі ў першую чаргу Бродскі — на маю думку, гэта лепшы рускамоўны паэт усіх часоў. Калі браць беларускамоўную паэзію, то гэта Сыс — у ім адчуваецца нерв, жыццё, смак. Таму я ў другі альбом уключыў два вершы Сыса. І Караткевіч, безумоўна. Чамусьці ўсе шануюць яго прозу, а на паэзію звяртаюць менш увагі.

Кацярына Захарэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».