Вы тут

Беларускі касмічны апарат рухае прамысловасць


Запуск першага айчыннага спадарожніка даў штуршок развіццю шэрагу адгалінаванняў прамысловасці. Апарат мае абсталяванне беларускай вытворчасці, і дзякуючы паспяховай пяцігадовай гісторыі яго эксплуатацыі кваліфікацыя нашых распрацоўшчыкаў і якасць тэхнікі былі пацверджаны. Так, ААТ «Пеленг» ужо цяпер мае неблагі партфель заказаў на мэтавую апаратуру, таксама дадатковы імпульс атрымаў завод «Інтэграл».


— Праект, які быў ініцыяваны ў 2003 годзе, даў моцны штуршок для развіцця новых адгалінаванняў нашай прамысловасці, — лічыць дырэктар УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» НАН Беларусі Сяргей Залаты. — Фактычна, у краіне створана новае касмічнае адгалінаванне. Мы захавалі патэнцыял, які застаўся ў нас з часоў СССР, і адначасова здолелі выйсці на новы ўзровень. Важна, што створана аснова для падрыхтоўкі кадраў — у шэрагу ВНУ адкрыты спецыяльнасці па аэракасмічнай адукацыі. Больш за тое, Белдзяржуніверсітэт ужо стварыў свой нанаспадарожнік, які плануецца запусціць налета.

Па сцвярджэнні спецыяліста, касмічнае адгалінаванне заўсёды было «рухавіком» народнай гаспадаркі — многія інавацыі першапачаткова з'яўляліся менавіта ў гэтай сферы. Захаванне гэтай тэндэнцыі для Беларусі вельмі важнае. Калі ацаніць сумарна эканамічныя дывідэнды ад работы БКА (продаж інфармацыі і тэхналогій, тыражаванне мэтавай апаратуры і іншае), то бюджэтныя затраты на стварэнне і эксплуатацыю беларускай касмічнай сістэмы не толькі акупіліся, але і прынеслі немалы прыбытак.

— Хочацца адзначыць, што ўсе пяць гадоў апарат працаваў бесперабойна, тое самае можна сказаць і пра наземную інфраструктуру, — падкрэсліў Сяргей Залаты. — БКА зняў больш за 120 мільёнаў квадратных кіламетраў зямной паверхні. Пры гэтым тэрыторыя Беларусі пакрыта шматразова. Уся інфармацыя для дзяржаўных органаў кіравання перадаецца бясплатна, камерцыйныя спажыўцы яе могуць купіць.

Вядома, што ўжо вядзецца работа над новым Беларускім касмічным апаратам. Гэта будзе прынцыпова новая прылада з больш высокім разрозненнем здымкаў і адначасова вельмі кампактная. Так, амерыканскія аналагі маюць вагу прыкладна ў 2,5 тоны, наш — каля 950 кг. Беларускіх элементаў у БКА-2 будзе каля 30 працэнтаў — гэта ўся карысная нагрузка апарата. Паводле слоў кіраўніка апарата НАН Пятра ВІЦЯЗЯ, запусціць спадарожнік плануецца ў 2020 ці 2021 годзе. Тэхнічныя параметры апарата ўжо ўзгодненыя, цяпер стаіць пытанне адкрыцця фінансавання.

— Па нашых папярэдніх разліках, БКА-2 будзе каштаваць каля 180 мільёнаў долараў, — сказаў спецыяліст. — Сюды ўваходзяць усе расходы, уключаючы страхоўку і запуск. Беларускі «Пеленг» ужо пачаў распрацоўку мэтавай апаратуры для новага спадарожніка за ўласныя сродкі. З расійскага боку карпарацыя «УНДІЭМ» таксама за ўласныя сродкі распрацоўвае платформу. Фінансавацца праект будзе як іншыя сумесная навуковыя праграмы Саюзнай дзяржавы: трэць грошай выдзеліць Беларусь, астатняе — Расія.

— Два нашы касмічныя апараты, якія працуюць у сумеснай групоўцы, адпрацавалі свой гарантыйны тэрмін — пяць гадоў, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Дзяржкарпарацыі «Раскосмас» па аўтаматычных касмічных апаратах і комплексах Міхаіл ХАЙЛОЎ. — Што самае прыемнае, яны працягваюць работу і будуць надалей пастаўляць інфармацыю на карысць абедзвюх дзяржаў. Не хачу рабіць ні пазітыўных, ні негатыўных прагнозаў, але, мяркуючы па існуючым досведзе, такія апараты часам працуюць і на працягу трох гарантыйных тэрмінаў. З увядзеннем у эксплуатацыю нашых спадарожнікаў мы набылі поўную імпартанезалежнасць па оптаэлектроннай апаратуры. Раней прыходзілася звяртацца да замежных касмічных апаратаў і плаціць дастаткова сур'ёзныя грошы, каб атрымліваць даныя. Падагульняючы, супрацоўніцтва з беларускімі калегамі ацэньваем дастаткова высока. Будучая работа па стварэнні новага пакалення спадарожнікаў стане вялікім крокам наперад. Яны будуць мець больш высокае разрозненне, змогуць працаваць у новых спектральных каналах — усё гэта дазволіць істотна пашырыць магчымасці спадарожнікавай здымкі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Першая пяцігодка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».