Вы тут

Як «Звязда» пісала гісторыю (1976—1986)


Будаўніцтва і адкрыццё Мінскага метрапалітэна, увядзенне абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у Афганістан, рэкорды ў спаборніцтвах Алімпіяды-80 і ў пакарэнні космасу, трагічная гібель Пятра Машэрава, балет «Лебядзінае возера» як сімвал смерці ў найвышэйшых партыйных эшалонах, антыалкагольная кампанія, паскарэнне і іншыя заклікі перабудовы, ідэалагічныя віткі «халоднай вайны» і пратэсты супраць гонкі ўзбраенняў, а яшчэ катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, попел якой накрыў краіну на многія дзесяцігоддзі... І гэта толькі частка знакавых падзей 1970—80-х гадоў, якія журналісты «Звязды» пражылі разам з героямі сваіх публікацый і чытачамі. Што і як пісала газета пра жыццё сучаснікаў?


Пакарэнне космасу — адна з цэнтральных тэм у 80-я.

Лічбы і літары

«Ударныя тэмпы, высокая якасць работы — пад такім дэвізам пачалі дзясятую пяцігодку працоўныя нашай рэспублікі», — паведамляе «Звязда» ў першыя дні 1976-га.

Як і ў мінулым дзесяцігоддзі, круглыя даты і прыгожыя лічбы ў газеце сустракаюцца з зайздроснай рэгулярнасцю. Заклікі ўзняць вышэй сцягі сацспаборніцтва да ХХV з'езда КПСС змяняюцца рэпартажамі з мерапрыемстваў да 60-годдзя Кастрычніка, а тыя — справаздачамі аб шырокамаштабнай падрыхтоўцы да 60-годдзя БССР, тэматычнымі падборкамі да 60-годдзя Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту, святочна-аналітычнымі артыкуламі да юбілеяў беларускіх пісьменнікаў — 100-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, 80-годдзя Кандрата Крапівы, 90-годдзя Змітрака Бядулі і Максіма Багдановіча і г. д.

Дарэчы, напярэдадні 60-годдзя БССР здзейснілася знакавая для рэспублікі падзея: летам 1978-га генсек ЦК КПСС Леанід Брэжнеў прыбыў у Мінск і ўласнаручна прымацаваў да сцяга горада-героя дзве ўзнагароды — ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка». Тое, што кіраўніку кампартыі БССР Пятру Машэраву і яго паплечнікам дабівацца гэтых узнагарод давялося некалькі гадоў, у газетных перадавіцах не адлюстравана — наадварот, у прамове, якую цытуе «Звязда», Машэраў ад імя беларускага народа выказаў выключную ўдзячнасць і гарачае імкненне «ісці абавязкова далей, дабівацца большага, усё рабіць лепш, усё рабіць больш якасна». Але факт застаецца фактам: сваю Зорку Героя на юбілейнай хвалі ўрачыстасцяў Мінск-такі атрымаў!

«Афіцыйныя» даты накшталт 60-годдзя ўтварэння БССР і адзначаліся афіцыйна — з прыёмам у Мінску вялікіх дэлегацый з Масквы, Ленінграда і ўсіх саюзных рэспублік, з пафаснымі пасяджэннямі і прамовамі, якія цэлымі «прасцінамі» друкавала «Звязда». Але разам з тым газета знаходзіла час і месца, каб ладзіць іншыя, значна менш фармальныя святы. Так, карыстаўся папулярнасцю 30-кіламетровы прабег Курган Славы—Плошча Перамогі, які рэдакцыя «Звязды» ладзіла штогод сумесна з цэнтральным саветам ДСТ «Чырвоны Сцяг». У 1978 годзе «ўдзел у спаборніцтве ўзяла рэкордная на той час колькасць удзельнікаў — 164 чалавекі, якія прадстаўлялі ўсю краіну». Нагадаем, на ўвазе мелася савецкая краіна, таму адрасы лёгкаатлетаў — Масква, Мінск, Барнаул, Ерэван, Калуга, Тула, Кіеў, Калінінград, Даўгаўпілс, Смаленск, Мурманск... Дарэчы, у тым забегу перамог мінчанін, Барыс Адамовіч, які пераадолеў 30 кіламетраў за 1 гадзіну 37 хвілін і 35 секунд. А ўсяго праз некалькі гадоў, у 1985-м, колькасць удзельнікаў прабегу склала 11 тысяч чалавек!

Да юбілейных дат прымяркоўваліся шматлікія працоўныя рэкорды.

Рукі на пульсе

Адна з пастаянных тэм у гэты час — рэйды і праверкі, якія карэспандэнты ладзяць для прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. «Звязда» пачынае выдаваць дадатак «Народны кантроль». Акрамя таго, у 80-я з'яўляецца рубрыка «Селектар «Звязды» — аналаг сучаснага «гарачага тэлефона» для сельскай гаспадаркі, якая інфармуе аб ходзе веснавой сяўбы, уборкі ўраджаю, нарыхтоўкі кармоў і іншых важных тэмах. Пастаянна выходзяць і спецвыпускі «Прысяга» («Клуб абаронна-патрыятычнага выхавання») і «Крылы» (падборка артыкулаў на тэмы выхавання падлеткаў і моладзі).

Пад увагай і працяг асваення космасу. У 1978—79 гадах практычна штодня друкуюцца звесткі аб рабоце савецка-польскага пілатуемага комплексу «Салют-6»—«Саюз-29», аўтаматычнага грузавога транспартнага карабля «Прагрэс-2», штучнага спадарожніка «Космас-1027» і іншых даследчых касмічных апаратаў. З асаблівым гонарам журналісты сачылі за палётам нашага земляка, ураджэнца вёскі Белае Крупскага раёна Уладзіміра Кавалёнка, які правёў на касмічнай арбіце 140 сутак — гэта быў самы доўгі палёт на той час!

У 1978-м карэспандэнт «Звязды» А. Калеснік завітаў у госці да матуляў беларускіх касманаўтаў — Марфы Паўлаўны Клімук і Вольгі Іванаўны Кавалёнак, — і апошняя прыгадала ўражальны выпадак: «У падлеткавым узросце Валодзя, які хадзіў у школу за 6 кіламетраў, вярнуўся ледзь не з абмарожанымі нагамі — згубіў разарваную абкрутку, якая замяняла боты. Мы з маці ўсю ноч плялі з вяровак лапці, а раніцой зноў выправілі: «Ідзі, вучыся, сынок!»

1980-ы праходзіць пад знакам Алімпійскіх гульняў, якія прымала не толькі Масква, але і таксама Ленінград, Мінск і Кіеў, дзе праходзіла частка футбольных матчаў. Беларуская сталіца, у прыватнасці, прымала 4 каманды футбольнага турніру: ГДР, Іспанію, Алжыр і Сірыю. Праўда, спартыўнае свята было азмрочана палітычнымі гульнямі: шэраг краін байкатаваў Алімпіяду ў СССР. Вось як публікацыя ад 17 ліпеня 1980 года апісвае «недарэчны антыалімпійскі фарс»: «Міжнародныя лёгкаатлетычныя спаборніцтвы ў Філадэльфіі (ЗША) прадстаўленыя як «буйнейшая міжнародная спартыўная падзея», хоць удзел у ёй прыме толькі нязначная колькасць спартсменаў з 9 краін, уключаючы Барбадос. Задуманы гэтыя сурагатныя спаборніцтвы з яўнай мэтай паспрабаваць супакоіць абурэнне тых амерыканскіх спартсменаў, якіх Белы дом пазбавіў магчымасці ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях у Маскве».

Вялікія будоўлі...

31 снежня 1976 года Мінскі аэрапорт адправіў у палёт мільённага пасажыра — паводле «Звязды», шчаслівы нумар выпаў на настаўніцу Ратамскай сярэдняй школы Н. В. Фірсаву, якая накіроўвалася на Новы год у Маскву і атрымала ў якасці падарунка бясплатны білет і авіясувенір. А ўжо праз два гады за 35 км ад сталіцы пачалося будаўніцтва міжнароднага аэрапорта «Мінск-2», які планавалася адкрыць у 1982-м. «Узлётна-пасадачная паласа зможа прымаць самыя сучасныя самалёты — звышгукавыя лайнеры «ТУ-144», аэробус «ІЛ-86» на 350 пасажыраў», — анансуе газета.

Акрамя таго, увесну 1977-га пачалося будаўніцтва першай лініі мінскага метро, за пракладкай 8600 метраў якога «Звязда» пільна сачыла на кожным этапе, а напярэдадні адкрыцця — 29 чэрвеня 1984 года, да 40-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — падрыхтавала вялікі рэпартаж. «Пасажырскі транспарт у Мінску пачынаўся з конкі, — успаміналі журналісты. — Конку замяніў трамвай, затым на вуліцах горада з'явіліся аўтобусы і тралейбусы. Многія мінчане памятаюць, што маршрут першага тралейбуса не так даўно заканчваўся прыпынкам «Абсерваторыя». А далей — поле, вёска Сцяпянка. Цяпер амаль на гэтым месцы станцыяй «Маскоўская» пачынаецца лінія мінскага метрапалітэна».

Чарга працоўных на развітанні з П. М. Машэравым.

Наогул «Звязда» старалася не выпускаць з-пад увагі ніводнага значнага аб'екта, падрабязна расказваючы і пра закладку ўнікальнай экспазіцыі пад адкрытым небам — Музея народнай архітэктуры і быту, ідэю стварэння якога агучыў газеце пісьменнік Уладзімір Караткевіч, і пра ўзвядзенне новага Палаца піянераў і школьнікаў (цяпер — дзяцей і моладзі), і пра будаўніцтва Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, 4-га Салігорскага калійнага завода, і, натуральна, пра аб'екты для Алімпійскіх гульняў 1980 года: узводзімы беларусамі гасцінічны комплекс у маскоўскім Ізмайлаве і рэканструяваны стадыён «Дынама» ў Мінску. На апошнім, піша «Звязда», павялічылася заходняя трыбуна, што дало 8 тысяч дадатковых глядацкіх месцаў, з'явіліся ложы для прэсы, ганаровых гасцей, каментатарскія кабіны, а таксама «чатыры ажурныя вышкі з батарэямі магутных пражэктараў, што дадуць магчымасць трансліраваць матчы па каляровым тэлебачанні ў вячэрні час».

...і вялікія страты

4 кастрычніка 1980 года Беларусь засталася без свайго «партызанскага кіраўніка»: у аўтакатастрофе загінуў Першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў. Безумоўна, яго гібель мела шырокі рэзананс, расследавалася на вышэйшым узроўні, і гэтак жа безумоўна ніякіх падрабязнасцяў аб ходзе следства СМІ таго часу не друкавалі. Некалькі тыдняў «Звязда» змяшчала спачуванні, якія дасылалі беларускаму ўраду кіраўнікі іншых сацыялістычных і капіталістычных краін, міжнародныя арганізацыі, а таксама працоўныя калектывы ўстаноў, прадпрыемстваў і сельскіх гаспадарак, грамадскія дзеячы і простыя людзі з усяго Савецкага Саюза. Камсамолка 20-х гадоў Э. Яцкевіч з Мінска, напрыклад, напісала ў газету: «Пётр Міронавіч Машэраў быў верным ленінцам і нястомна працаваў над задачамі партыі Леніна, якая праз цяжкасці, голад і холад прывяла нас да шчаслівага жыцця. Разам з усёй маёй Беларуссю, разам з пяццю дзецьмі, сямю ўнукамі і двума праўнукамі глыбока смуткую з прычыны заўчаснай смерці лепшага сябра людзей, Героя вайны і працы, дарагога ўсім нам Пятра Міронавіча».

Год 1976-ы. «Кожны дзень у строга вызначаны час канвеер Мінскага гадзіннікавага завода спыняе свой бег. Інструктары вытворчай гімнастыкі запрашаюць рабочых на фізкультурную пяцімінутку».

Напрыканцы 1980 года, згадвае «Звязда», у Віцебску быў адкрыты помнік Машэраву аўтарства З. Азгура, налета Паркавая магістраль Мінска была перайменавана ў праспект Машэрава, таксама яго імя атрымала марское судна і сталічны завод аўтаматычных ліній.

Наступны «чорны» нумар выйшаў 11 лістапада 1982 года. Менавіта ў гэты дзень савецкія газеты (як і тэлебачанне, па якім напярэдадні замест святочнага канцэрта да Дня міліцыі транслявалі сімфанічную музыку і балет «Лебядзінае возера») паведамілі пра смерць генсека ЦК КПСС Леаніда Брэжнева — як адзначалася ў афіцыйным медыцынскім заключэнні, з прычыны «раптоўнага спынення сэрца». Наогул, у 80-я «Звяздзе» давялося друкаваць шмат партыйных некралогаў: напачатку 1983 года не стала кіраўніка БССР Ціхана Кісялёва, у 1984-ым — генсека ЦК КПСС Юрыя Андропава, у тым жа годзе — яго наступніка Канстанціна Чарненкі...

Рэпартаж з адкрыцця метро ў Мінску.

Газетныя публікацыі 1980-х сведчаць, як усё больш прэтэнзій прад'яўляюць адзін да аднаго Савецкі Саюз і ЗША. Градус «халоднай вайны» адчуваецца ўжо ў гнеўных патрабаваннях да прэзідэнта ЗША спыніць агрэсію на Блізкім Усходзе, а таксама ў з'едлівых загалоўках палітаглядаў: «Пра так званы свабодны свет», «Рэйгану не падабаецца слова «рэйганоміка», «Аб умяшанні ЗША ва ўнутраныя справы іншых краін», «Прапагандысцкая атрута», «НАТА — блок агрэсіі», «Антыкамуністычная істэрыя» і г.д. На гэтым фоне асаблівая ўвага ўдзяляецца «Маршу міру» 1982 года, удзельнікі якога з Даніі, Нарвегіі, Швецыі і Фінляндыі з заклікамі спыніць гонку ўзбраенняў пабывалі ў СССР, у тым ліку некалькі дзён правялі і ў Мінску.

З 1985 года асноўныя тэмы пакрысе мяняюцца, паколькі апошні генсек ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў абвясціў новы курс на паскарэнне і інтэнсіфікацыю прамысловасці, укараненне навукова-тэхнічнага прагрэсу, антыалкагольную кампанію, барацьбу з непрацоўнымі даходамі і г.д. Так, у 1986 годзе «Звязда» заклікае «Актыўней усталёўваць цвярозасць» — барацьбой з п'янствам займалася цэлая рэспубліканская камісія. «Не зжыта п'янства сярод навучэнцаў устаноў прафтэхадукацыі, інжынерна-педагагічнага персаналу, — адзначае газета. — Не ліквідаваны фармалізм у арганізацыі пазакласных мерапрыемстваў, няма належнай грамадска карыснай занятасці навучэнцаў у перыяд вытворчай практыкі і летніх канікулаў...».

Болевая кропка

29 снежня 1979 года «Звязда» суха паведаміла: «Урад Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан, прымаючы пад увагу няспыннае і мацнеючае ўмяшанне і правакацыі знешніх ворагаў Афганістана і з мэтай абароны заваёў красавіцкай рэвалюцыі, тэрытарыяльнай цэласнасці, нацыянальнай незалежнасці і падтрымкі міру і бяспекі, грунтуючыся на Дагаворы аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве ад 5 снежня 1978 г., звярнуўся да СССР з настойлівай просьбай аб аказанні тэрміновай палітычнай, маральнай, эканамічнай дапамогі, уключаючы ваенную дапамогу, аб якой урад ДРА раней неаднаразова звяртаўся да ўрада Савецкага Саюза. Урад Савецкага Саюза задаволіў просьбу афганскага боку». За гэтымі радкамі стаіць пачатак 10-гадовага ўмяшальніцтва СССР у грамадзянскую вайну ў Афганістане...

1978-ы. Рэпартаж з маштабных вучэняў «Бярэзіна».

У першыя некалькі гадоў афганскія падзеі асвятляліся хоць і рэгулярна, але дазіравана і відавочна цэнзуравана — зазвычай гэта былі некалькі радкоў пра Кабул у міжнародным аглядзе альбо афіцыйныя справаздачы з чарговых перамоў кіраўніцтва дзвюх краін. «Працягваюцца паспяховыя аперацыі па ліквідацыі контррэвалюцыйных банд у розных правінцыях Афганістана. У бандытаў адабрана зброя амерыканскай і кітайскай вытворчасці, боепрыпасы, падрыўная літаратура, надрукаваная за мяжой», — інфармуе газета ў 1980-м. «Што датычыць абмежаванага савецкага воінскага кантынгента, які знаходзіцца на тэрыторыі ДРА па просьбе афганскага ўрада ў адпаведнасці з Савецка-афганскім дагаворам 1978 г. і Статутам ААН, то пытанне аб тэрмінах яго вываду можа быць разгледжана ў кантэксце палітычнага ўрэгулявання і не раней, чым будзе поўнасцю спынена агрэсія супраць ДРА», — перадрукоўвае «Звязда» крыху пазней афіцыйныя заявы ТАСС. «Савецкі Саюз да канца выканае свой інтэрнацыянальны абавязак па абароне Афганістана ад іншаземнай ваеннай інтэрвенцыі», — зноў жа з заявы ТАСС, але ўжо 1983 года. І толькі ў 1986-м пад эпізадычнай рубрыкай «Месца службы — Афганістан» змешчаны ўспаміны саміх вайскоўцаў, у прыватнасці, лейтэнанта Аляксея Астапенкі, пра некаторыя моманты службы: «як стралялі прамой наводкай па душманах, якія спрабавалі непрыкметна пераправіцца цераз раку і ўдарыць па батарэі з тылу; як выручылі агнём афганскіх пехацінцаў, што трапілі пад душманскія кулямёты, як дапамагалі дэкханам бліжэйшага кішлака ў будаўніцтве школы...»

Таксама ў кастрычніку 1986-га быў надрукаваны зварот ЦК КПСС «Воінам-інтэрнацыяналістам, якія вяртаюцца з Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан»: «Штодзённа рызыкуючы жыццём, вы, байцы-інтэрнацыяналісты, выратавалі тысячы афганскіх дзяцей, старых і жанчын ад крывавай расправы наёмных забойцаў і тэрарыстаў, далі магчымасць дзецям хадзіць у школу, сялянам збіраць ураджай, рабочым працаваць ля станка. Гэты подзвіг назаўсёды застанецца сімвалам савецка-афганскай дружбы... Савецкія людзі схіляюць галаву перад памяццю загінулых у баях мужных сыноў нашай Радзімы, смуткуюць разам з іх блізкімі, роднымі, сябрамі. Акружыць іх сем'і ўвагай і клопатамі, зменшыць для іх боль і горыч страты — абавязак кожнай партыйнай, прафсаюзнай, камсамольскай арганізацыі, Саветаў народных дэпутатаў». Да пачатку арганізаванага вываду савецкіх войскаў з Афганістана застаецца яшчэ 1,5 года.

19 ліпеня 1980 года ў Мінск прыбыў Алімпійскі агонь, які з эстафетай спартсменаў рушыў да стадыёна «Дынама», дзе трохразовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў Аляксандр Мядзведзь і запаліў сімфалічны факел.

Чорнае рэха

27 красавіка 1986 года, нядзеля. У нумары «Звязды» — вялікі фотарэпартаж з «Гомсельмаша», міжнародны тэлетайп навін з Нью-Ёрка, Гаваны, Багаты, Манагуа, Буэнас-Айрэса; праблемны круглы стол з Дзяржаграпрамам БССР, агляд пошты, спартыўных і культурных падзей. Ані слова пра Чарнобыльскую АЭС. Як, зрэшты, і ў наступным нумары, і ў чарговым. Толькі ў святочным першамайскім выпуску знаходзім кароткае паведамленне ад Саўміна СССР: «Як паведамлялася ўжо ў друку (?), на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, размешчанай за 130 кіламетраў на поўнач ад Кіева, адбылася аварыя. На месцы працуе ўрадавая камісія пад кіраўніцтвам намесніка Старшыні Савета Міністраў СССР т. Шчарбіны Б. Е. ...Паводле папярэдніх даных, аварыя адбылася ў адным з памяшканняў 4-га энергаблока і прывяла да разбурэння часткі будаўнічых канструкцый будынка рэактара, яго пашкоджання і некаторай уцечкі радыеактыўных рэчываў.

Тры астатнія энергаблокі спынены, спраўныя і знаходзяцца ў эксплуатацыйным рэзерве. Пры аварыі загінулі два чалавекі». Паводле гэтай інфармацыі, першапачаткова былі шпіталізаваны 197 чалавек, з якіх 49 пакінулі бальніцы пасля абследавання, пры тым «работа прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў і ўстаноў ідзе нармальна». І толькі з 4 мая, калі савецкая краіна адгуляла першамайскія дэманстрацыі, а ігнараваць хваляванне і нападкі замежнай прэсы стала немагчыма, ТАСС пачаў рабіць штодзённыя справаздачы аб ходзе работ «па ліквідацыі аварыі і яе вынікаў» і эвакуацыі людзей з 30-кіламетровай зоны АЭС, а таксама агрызацца ў бок ЗША: «Высокапастаўленыя асобы ў Вашынгтоне выкарыстоўваюць першую ў гісторыі савецкай ядзернай энергетыкі аварыю для палітычнага шантажу СССР, імкнуцца раздуць з яе палітычную праблему ў міжнародных адносінах, прычым у Вашынгтоне праяўляюць дзіўную забыўчывасць, быццам бы ў ЗША нічога падобнага не здаралася» («Звязда», 5 мая).

Першамайскае свята 1986-га ў Мінску. Абсалютная большасць беларусаў яшчэ нічога не ведае пра аварыю на ЧАЭС...

З іншага боку, усякае садзейнічанне і дапамогу краіна прымае з удзячнасцю. «У Савецкі Саюз для кансультацый ужо прыбыў вядомы амерыканскі спецыя-
ліст па радыялогіі доктар Р. Гейл. У Маскву па запрашэнні Савецкага ўрада прыязджае генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Х. Блікс», — піша «Звязда». А пакуль партыйныя кіраўнікі, дыпламаты МЗС і навукоўцы спрабавалі адэкватна ацаніць наступствы і маштабы аварыі, журналісты таксама не заставаліся ўбаку.

Ужо з 5—6 мая карэспандэнты «Звязды» Уладзімір Пернікаў, Анатоль Мясніковіч і Мікалай Амельчанка ці не кожныя некалькі дзён выязджаюць у камандзіроўкі ў прылеглыя да ЧАЭС раёны — Хойнікі, Брагін, Нароўля. Яны шукаюць — і, што адметна, знаходзяць — для сваіх рэпартажаў пазітыўныя моманты: як простыя вяскоўцы і кіраўнікі гаспадарак дапамагаюць вымушаным перасяленцам на новых месцах, жанчын з малымі дзецьмі адпраўляюць у санаторыі, а школьнікаў — у піянерскія лагеры на аздараўленне, як простыя будаўнікі па ўласнай ініцыятыве падаўжаюць працоўны дзень, каб хутчэй здаць у эксплуатацыю жылыя дамы для «чарнобыльцаў», як вайскоўцы праводзяць санітарную апрацоўку тэрыторыі і тэхнікі, а маладыя работнікі ўнівермага «Беларусь» ахвяруюць квартальную прэмію ў памеры 5960 рублёў у фонд дапамогі пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС...

Ужо ўвосень 1986-га гучаць шматлікія заявы пра тое, што небяспека адступіла. У прыватнасці, «Звязда» цытуе інтэрв'ю дырэктара БелНДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Ігара Жакава: «Абстаноўка на ЧАЭС і вакол яе стабілізуецца з кожным днём, надышоў завяршальны перыяд работ. Сёння рэактар выдзяляе радыеактыўных рэчываў менш, чым звычайная атамная станцыя. Паветра над ім чыстае. ...Намі было ўстаноўлена, што доза абпраменьвання дзяцей горада Хойнікі ізатопамі, якія трапілі ў арганізм, не перавышае 0,1 бэра. Гэта значыць, яна ў 6—7 разоў меншая, чым доза пры флюараграфіі грудной клеткі». Аб тым, што сітуацыя стабілізуецца, паўтараюць на прэс-канферэнцыях і прадстаўнікі МЗС Савецкага Саюза, хоць на той час памерлых ад прамянёвай хваробы супрацоўнікаў АЭС і ратавальнікаў налічвалася ўжо больш як 20...

Натуральна, праз тры з лішнім дзесяцігоддзі, ведаючы, што нічога добра не скончылася, лёгка крытыкаваць папярэднікаў. Але мы гэтага рабіць не будзем — лепш пагартаем далей старыя падшыўкі і паглядзім, як змяніўся настрой і тэматыка публікацый у 90-я.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.