Вы тут

Па якую працу дзяўчаты зараз едуць за мяжу?


30 ліпеня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з гандлем людзьмі. Нягледзячы на тое, што цяпер прафілактыцы гэтай праблемы ўдзяляецца вельмі шмат увагі, усё роўна знаходзяцца тыя, хто вядзецца на прывабныя прапановы «аб працы за мяжой». Праўда, з 2001 года, калі ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь з'явіўся артыкул, які рэгулюе пакаранне за гэты тып злачынстваў, «тэндэнцыі» ў дадзенай сферы крыху змяніліся.


Па словах начальніка аддзела галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Дзмітрыя ЦАЮНА, псіха-ўзроставы партрэт ахвяры гандлю людзьмі не змяніўся. Часцей за ўсё гэта дзяўчына ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў з вышэйшай альбо сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, якая не знаходзіцца ў шлюбе, але, магчыма, самастойна выхоўвае аднаго або некалькіх дзяцей. І галоўны фактар — яна мае патрэбу ў паляпшэнні свайго дабрабыту.

А вось спосабы вярбоўкі за апошнія 15 гадоў сталі іншымі. Па-першае, галоўным каналам стаў інтэрнэт. Па-другое, дзяўчат больш не спрабуюць прывабіць на заробкі падманным шляхам, расказваючы, што яны будуць збіраць клубніцы ў Швейцарыі ці цюльпаны ў Егіпце, дзе яны нават не растуць. Усё ж такі сродкі масавай інфармацыі і прапаганда зрабілі сваю справу — нават самыя наіўныя больш не вядуцца на такі «развод». Цяпер вярбоўшчыкі шукаюць юных асоб менавіта для заняцця прастытуцыяй. Падманваюць яны іх у іншым — умовах пражывання і працы, велічыні аплаты, тэрміне знаходжання за мяжой і гэтак далей.

— Дзяўчаты, якія адважыліся на такі крок, не разумеюць, што іх не ўспрымаюць як асоб, яны — жывы тавар, які павінен прынесці велізарны прыбытак. Дабрачынцаў, як і добрых умоў, у гэтай справе не бывае, — адзначыў Дзмітрый Цаюн.

Летась было выяўлена 152 выпадкі трафікінгу і ўстаноўлена 62 яго ахвяры, за шэсць месяцаў гэтага года — 69 і 22 адпаведна. З пачатку 2017 года на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь спынена дзевяць каналаў вывазу жанчын для прастытуцыі ў Расію, Кіпр, Турцыю, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, Германію.

Зусім нядаўна супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Віцебскага аблвыканкама раскрылі канал пастаўкі «жывога тавару» ў ФРГ. Арганізаваў «бізнес» 36-гадовы, раней не судзімы віцяблянін, дапамагаў яму 39-гадовы прыяцель. Складанасць выкрыцця злачынцаў была ў тым, што амаль увесь час яны знаходзіліся ў Германіі, асабіста кантралюючы справу.

Дзяўчаты, якіх падштурхнула на гэта цяжкае матэрыяльнае становішча, працавалі ў бардэлях у гарадах Лютцельбах і Хамінкельн. Устаноўлена, што яны прыносілі сваім «работадаўцам» каля 20 тысяч еўра штомесяц, самі ж, з-за сістэмы ўнутраных штрафаў «установы», атрымлівалі не больш за 200. Падчас праведзенага комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў было ўстаноўлена пяць ахвяр злачыннай дзейнасці сутэнёраў, якія цяпер знаходзяцца пад следствам.

Нярэдка ахвяры трафікінгу праз некаторы час і самі становяцца вярбоўшчыцамі. Так паступіла мінчанка, грамадзянская жонка гаспадара аднаго з бардэляў у паўночным Кіпры. Яна прыцягвала да заняткаў прастытуцыяй сваіх суайчынніц і жыхарак суседніх краін. Цяпер жанчына асуджаная на 13 гадоў, сярод артыкулаў абвінавачання ёсць і збыт наркотыкаў.

Злачынствамі, якія адносяцца да катэгорыі «гандаль людзьмі», акрамя трафікінгу лічаць таксама абарот парнаграфіі і злачынствы сексуальнага характару ў дачыненні да дзяцей. Усяго летась было выяўлена 1374 такія злачынствы, за шэсць месяцаў гэтага года — 1007. Расце колькасць выпадкаў, звязаных менавіта з педафіліяй. Таму МУС сумесна з парламентам краіны выступіла з прапановай дадаць у Крымінальны кодэкс асобны артыкул, які будзе рэгуляваць пакаранні за пcіхалагічную падрыхтоўку дзіцяці ў інтэрнэте дзеля сексуальных адносін з ім (так званы «грумінг»).

У мінулым годзе быў затрыманы кіраўнік фірмы, які паўтара года прыцягваў непаўналетніх дзяўчатак ад 13 да 16 гадоў да заняцця прастытуцыяй на тэрыторыі Беларусі. Ён абяцаў дзяўчатам пакрыццё іх дзейнасці высокапастаўленымі кліентамі. Устаноўлена 38 ахвяр і 42 эпізоды. Злачынец асуджаны да 11 гадоў зняволення.

Становяцца ахвярамі міжнародных злачынных арганізацый і мужчыны, але калі жанчынам часцей за ўсё пагражае сексуальнае рабства, то мужчынам — працоўнае. Літаральна на гэтым тыдні быў выяўлены выпадак выкрадання грамадзяніна Беларусі на тэрыторыі Польшчы. Мужчына накіроўваўся да свайго работадаўца, аднак на вакзале быў схоплены злачынцамі. Дзякуючы суладнай працы беларускіх і польскіх праваахоўнікаў ён быў знойдзены на працягу некалькіх дзён. Увогуле, у нашага Міністэрства ўнутраных спраў наладжаны цесныя сувязі з калегамі з многіх замежных краін, напрыклад Расійскай Федэрацыі, Украіны, Кітая, Бельгіі, Германіі.

Начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС нагадаў, што рэальнасць існавання і род заняткаў замежнага работадаўцы абавязкова неабходна праверыць, у выпадку ўзнікнення праблем на гэтым этапе трэба звярнуцца ў міліцыю. Калі вы апынуліся ў складанай сітуацыі ў іншай краіне, то ў першую чаргу неабходна звязацца з пасольствам або консульствам Рэспублікі Беларусь. Не варта баяцца звяртацца з заявай у міліцыю па вяртанні на радзіму: ахвяры трафікінгу праходзяць па справе ў якасці пацярпелых, за заняцце прастытуцыяй у іншай краіне пад пераслед яны не падпадаюць.


«Вывучай. Дзейнічай. Падзяліся»

Маладзёжны лагер супраць трафікінгу быў арганізаваны ў Беларусі.

18 актыўных маладых людзей з усёй Беларусі ва ўзросце ад 18 да 25 гадоў на працягу пяці дзён вывучалі пытанні бяспечнай міграцыі і процідзеяння гандлю людзьмі. Ініцыятарам правядзення форуму пры падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства замежных спраў выступіла Міжнародная арганізацыя па міграцыі.

Год таму Рэспубліка Беларусь далучылася да глабальнай кампаніі «МАМ-ІКС: Спынім гандаль людзьмі», стаўшы першай краінай, якая падтрымала кампанію за межамі Ціхаакіянскага рэгіёна, адкуль пачаўся рух. Адна з асноўных задач кампаніі — прыцягнуць да тэмы маладых актывістаў і натхніць іх зрабіць свой унёсак у барацьбу з гэтай глабальнай праблемай. Удзельнікамі лагера сталі валанцёры, сацыяльныя работнікі, педагогі і проста неабыякавыя да тэмы маладыя людзі, якія былі адабраны журы на аснове заявак і матывацыйных лістоў.

Праграма лагера вельмі насычаная: пяць дзён падчас заняткаў удзельнікі разам з экспертамі ў гульнявой і інтэрактыўнай форме абмяркоўвалі не толькі супрацьдзеянне трафікінгу, але і сумежныя тэмы — гендарную роўнасць, праблему дамашняга гвалту, ВІЧ і СНІД, а таксама грамадзянскую адказнасць, здаровы лад жыцця і многае іншае. Акрамя таго, у актывістаў была магчымасць развіць свае камунікатыўныя і лідарскія навыкі, прайсці курс у «Школе відэаблогера» і «Майстэрні сацыяльнага кіно», падвысіць кампетэнтнасць у сферы інтэрнэт-бяспекі. Мяркуецца, што пасля навучання ўдзельнікі далучацца да дзейнасці грамадскіх арганізацый і будуць займацца прапагандай тэмы сярод аднагодкаў. Дарэчы, у Беларусі на цяперашні момант акрамя грамадскіх арганізацый больш за 15 ведамстваў займаюцца пытаннямі процідзеяння гандлю людзьмі.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На вуду — добраахвотна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.