Вы тут

Чаму неабходна абмяжоўваць продаж алкаголю?


Кожнае чацвёртае злачынства ўчыняецца асобамі ў стане алкагольнага ап'янення. Выпіў — страціў кантроль, а далей усё ў тумане... Празмернасць ужывання алкаголю вядзе да павышэння агрэсіўнасці і з'яўлення пачуцця «мне ўсё можна». І як вынік — бойкі, хуліганскія дзеянні, а нярэдка і забойствы.


Наогул каля 80% злачынстваў, як, напрыклад, забойствы, нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, рабаванні, разбоі, хуліганствы здзяйсняюцца злачынцамі ў нецвярозым стане. Дарэчы, апраўданне «я быў нападпітку, таму нічога не памятаю» пры вынясенні прысуду з'яўляецца не змякчальнай, а, наадварот, абцяжваючай акалічнасцю. Паступова колькасць такіх выпадкаў памяншаецца, аднак лічба па-ранейшаму застаецца жахліва вялікай: калі пяць гадоў таму было зарэгістравана больш за 21 тысячу злачынстваў, учыненых асобамі ў стане алкагольнага ап'янення, то летась — каля 17 тысяч.

— Эфектыўнасць паказваюць прафілактычныя меры, але ўсё ж самы дзейсны спосаб паўплываць на сітуацыю — розныя тыпы абмежаванняў рэалізацыі спіртных напояў, — расказала выконваючая абавязкі начальніка аддзела арганізацыі работы ўчастковых інспектараў міліцыі ўпраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Вольга САКАЛОЎСКАЯ. — Гэта не пустыя словы. У нас ёсць статыстычнае пацвярджэнне, што ў раёнах, дзе спіртное нельга было купіць пасля 22 гадзін, колькасць злачынстваў прыкметна зніжалася. Неабходна абмежаваць рэалізацыю алкаголю хоць бы з 23 да 6-й раніцы, у ідэале — з 22 да 9-й раніцы. Бо значная доля злачынстваў прыпадае на вячэрні і начны час, асабліва «актыўнай» у гэты час становіцца моладзь.

Менавіта з гэтай прычыны МУС падтрымлівае ініцыятыву змяніць узрост, з якога можна будзе набываць і ўжываць усе віды спіртных напояў, у тым ліку і слабаалкагольных: з 18 на 21 год. Прычынай стала тое, што ў гэты ўзроставы перыяд назіраецца «ўсплёск» здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў на глебе алкагольнага ап'янення. Наогул на іншых правах і абавязках гэта ніяк не адаб'ецца, паўналетнім па-ранейшаму будзе лічыцца той, хто дасягне васямнаццаці. Акрамя таго, гаворка пакуль не ідзе і пра тое, каб забараніць 18—20-гадовым маладым людзям знаходзіцца на тэрыторыі бараў і клубаў, як, напрыклад, гэта зроблена ў ЗША.

— Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб Адміністрацыйных правапарушэннях (артыкул 12.7, часткі 6,7), пакаранне за продаж алкаголю непаўналетнім даволі суровае: штраф у памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь, за паўторнае парушэнне — ад трыццаці да пяцідзесяці базавых, прычым у гэтым выпадку адказнасць нясе не толькі прадавец, але і юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік, на якога ён працуе. Як і ва ўсіх астатніх выпадках, няведанне не вызваляе ад адказнасці, так што просьба прад'явіць дакументы павінна гучаць нават пры мінімальным сумненні, — адзначыла Вольга Сакалоўская.

Пры гэтым пакаранне прадугледжана і для саміх непаўналетніх. Калі падлетку споўнілася 16 гадоў і яго затрымалі ў стане алкагольнага ап'янення, вынікам можа стаць улік у інспекцыі па справах непаўналетніх. Калі ж парушальнік не дасягнуў нават 16-гадовага ўзросту, адказнасць за яго правіннасць кладзецца на бацькоў. У выпадку наяўнасці доказаў, што гэта адбылося з-за таго, што бацькі або асобы, якія іх замяняюць, не выканалі свае абавязкі па выхаванні дзіцяці (артыкул 9.4 КоАП) іх чакае папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да дзесяці базавых велічынь. Падобнае паўтарылася на працягу года — накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да дваццаці базавых велічынь.

— Нягледзячы на тое, што цяпер спіртное можна купляць толькі з 18 гадоў, каля 15% усіх асоб, якія здзяйсняюць злачынствы ў стане алкагольнага ап'янення, з'яўляюцца непаўналетнімі. Нават калі б гэта быў 1%, лічбу можна было б назваць велізарнай, бо гэта датычыцца, па сутнасці, дзяцей. Таму мы і выступаем з ініцыятывамі, закліканымі ўсімі магчымымі спосабамі знізіць спакусу ўжыць алкаголь. У прыватнасці, распрацоўваецца праект, паводле якога аддзелы з алкагольнай прадукцыяй у крамах будуць ізаляванымі, каб дзіця ў пошуках цукерак не магло выпадкова туды зайсці. Тое ж самае датычыцца і масавых мерапрыемстваў. У органаў мясцовай улады ёсць магчымасць абмяжоўваць продаж спіртных напояў на пэўнай тэрыторыі падчас той ці іншай падзеі. І нярэдка яны карыстаюцца гэтым правам, — растлумачыла Вольга Сакалоўская.

Між тым міліцэйскія зводкі стракацяць апісаннямі злачынстваў з названнем выяўленых у крыві віноўніка праміле алкаголю. Напрыклад, на гэтым тыдні трыццацігадовы мужчына збіў сяброўку сваёй маці, якая прыйшла да іх у госці. Яны ўтраіх сабраліся за «святочным» сталом, але, мабыць, не змаглі дамовіцца аб агульнай тэме размовы. Ці магло такое адбыцца «на цвярозую галаву»? Хочацца верыць, што не. Алкаголь даводзіць да таго, што людзі падымаюць руку не толькі на знаёмых, але і на сваіх самых блізкіх. Выпадкі, калі нападпітку дзеці крыўдзяць сваіх пажылых бацькоў, ужо ні для каго не навіна. Але справа п'янага бацькі-забойцы з Гомельскай вобласці, які пазбавіў жыцця сваіх непаўналетніх сына і дачку, узбурыла ўсю краіну. А колькасць і жудасць ДТЗ, учыненых п'янымі кіроўцамі, і ўвогуле не паддаецца вымярэнню... Усё гэта наводзіць на думкі аб тым, што абмяжоўваць продаж алкаголю неабходна, магчыма, нават і больш строга.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Пасля 21 (года) і да 22 (гадзін)

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.