Вы тут

Мастацкі космас Аляксея і Анастасіі Урублеўскіх


Ці задумваліся вы калі-небудзь, што хаваюць сны і як яны ўплываюць на рэальнае жыццё чалавека? Псіхолагі кажуць, што сны — гэта нашы жаданні і ўнутраныя перажыванні альбо чароўныя мары, якія не даюць спакою. Беларускія мастакі Аляксей і Анастасія Урублеўскія захоўваюць свае сны ў мастацкіх творах.


Аляксей Урублеўскі, «Мелодыя», 2014 г.

Большасць людзей бачаць чорна-белыя сны, а часам так хочацца каляровых! Маладыя мастакі ўвасобілі вобразы ўнутранага свету ў жывапісе і скульптуры, дадалі да іх колеру і аб'ёму, тым самым ператварыўшы свае сны ў цікавую гісторыю.

— Выстаўка «Каляровыя сны» дэманструе ўласцівы мастакам стан гармоніі і дабрыні, — падкрэсліла на адкрыцці праекта дырэктар Музея гісторыі горада Мінска Галіна ЛАДЗІСАВА. — Унутраны падсвядомы свет мастака развіты больш, чым у звычайнага чалавека, а калі гэта сям'я мастакоў — яшчэ больш высокі ўзровень адчувальнасці. Мы ведаем шмат сем'яў артыстаў, музыкаў, якія злучаюцца разам. Сем'і мастакоў — асобная катэгорыя: гэтыя людзі павінны ўмець прымаць творчасць адно аднаго. Вельмі цікава, калі кожны член сям'і захапляецца асобным жанрам мастацтва, гэта вучыць іх больш глыбока акунацца ў працэс, іх злучаюць агульныя эмоцыі. Так атрымалася і ў творчасці Аляксея і Анастасіі, яны гарманічныя і яркія, іх творчасць натхнёная, насычаная глыбокімі філасофскімі думкамі. У свеце мастацтва няпроста, таму гэтыя творцы імкнуцца падтрымаць адно аднаго. Калі ёсць плячо, паразуменне і парада, мастакам лягчэй, яны ведаюць, што іх творчасць не засталася па-за ўвагай, што яна цэніцца любімым чалавекам.

Аляксей і Анастасія Урублеўскія жывуць і працуюць у Лідзе, там жа і развіваюць мастацкае жыццё. Іх выстаўкі перыядычна адкрываюцца ў розных гарадах Беларусі, таму недахопу ўвагі да ўласнай творчасці мастакі не адчуваюць. Абодвум аўтарам падабаюцца тэмы кахання і чалавечай сілы. Што цікава, мастакі не паўтараюцца, у кожнага сваё разуменне чалавечых адносін. Можна нават сказаць, што ў творчасці Аляксей і Анастасія дапаўняюць адно аднаго, але самі яны падкрэсліваюць, што робяць гэта не спецыяльна.

Анастасія Урублеўская, «Наста», 2013 г.

— Мы наогул ніколі не задумваемся, што мы сям'я мастакоў, мы ў першую чаргу проста сям'я, — адзначае Аляксей Урублеўскі. — Ведаем, што ёсць праблема суіснавання творчых людзей, але тут трэба зрабіць выбар — будзеш ты падтрымліваць любімага чалавека альбо канкурыраваць з ім. Мы зрабілі выбар даўно. Я і Насця па-свойму касманаўты, у нас у кожнага асабісты творчы свет, у якім мы не перасякаемся, таму што я займаюся скульптурай, а яна жывапісам. Я часам бяруся за пэндзаль, але Насця не вучыць мяне, як правільна. Яна можа даць параду, падтрымаць, нават імкнецца мяне матываваць развівацца шматгранна ў мастацтве. Хоць крытыка каштоўная ў разумных маштабах, але мы неяк больш радуемся поспехам адно аднаго. Я не хачу спаборнічаць, бо спаборніцтва ў сям'і не прывядзе да добрага. У кожнага з нас ёсць патэнцыял і ўласныя мэты, якія не з'яўляюцца шкодай для сям'і.

Мастакоў аб'яднала творчасць, менавіта яна стала першым крокам да кахання і павагі. Цяпер жа каханне натхняе аўтараў і падштурхоўвае развівацца ў мастацтве, атрымліваць ад яго асалоду.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».