Вы тут

Як Манголія «нарошчвае мускулы»?


Ліпень насамрэч стаў вызначальным перыядам у найноўшай гісторыі Манголіі. У гэтай дзяржаве выбралі і прывялі да прысягі новага прэзідэнта — Халтмаагійна Батулгу, які, дарэчы, з'яўляецца адным з найбагацейшых людзей краіны. Гэта кандыдат ад апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі. Паводле афіцыйных вынікаў галасавання, ён набраў 50,61 працэнта галасоў, а яго сапернік Міеэгомбын Энхболд з кіруючай Мангольскай народнай партыі — 41,16 працэнта. Выбары ўнеслі пэўную інтрыгу наконт далейшых шляхоў развіцця заўважнай у геапалітычным раскладзе азіяцкага макрарэгіёна краіны. Батулгу празвалі «мангольскім Дональдам Трампам» за яго лозунгі, у прыватнасці крытыку гандлю з Кітаем. Таксама мангольскі прэзідэнт настроены на ўмацаванне сувязяў з Масквой. Так што «пасьянс» тут складваецца цікавы. Ці здолее Манголія ў такой сітуацыі нарэшце «нарасціць мускулы»?


Ад «тыгра» да «ніндзя»

У 1987 годзе Манголія абвясціла ўслед за СССР курс на перабудову. І ў краіне адбыліся рэальныя перамены. У 1992-м была прынята новая канстытуцыя, праведзены рынкавыя рэформы, у прыватнасці прыватызацыя, бізнес атрымаў доступ да распрацоўкі карысных выкапняў. Гэта падсцёбнула развіццё эканомікі краіны, і ў 2011 годзе Манголія паказала самы высокі тэмп росту ВУП у свеце — 17,3% — і атрымала званне «азіяцкага тыгра». Сусветны банк прадказваў працяг такой тэндэнцыі як мінімум да 2020 года за кошт распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў. Але неўзабаве рост запаволіўся, замежныя інвестары, якія ўкладвалі сродкі ў радовішчы, пакінулі краіну, былы прэзідэнт Энхбаяр быў асуджаны за карупцыю.

Дасюль прыкметная частка насельніцтва жыве ў юртах. Там няма водаправода, асноўнай крыніцай электрычнасці служаць сонечныя батарэі. Манголія — 11-я па плошчы краіна ў свеце. Пры гэтым яна застаецца тэрыторыяй, дзе адна з самых нізкіх шчыльнасцяў насельніцтва. Летась колькасць жыхароў склала каля 3,1 млн чалавек. Прычым Манголія — адна з самых «маладых» краін свету: больш за чвэрць насельніцтва не дасягнулі 14-гадовага ўзросту.

Адыход інвестараў з краіны прывёў да росквіту нелегальнай здабычы мінеральных рэсурсаў. Брыгада такіх «шахцёраў» можа зарабіць за месяц каля $1 тыс. Часта на нелегальных шахтах працуюць сем'і, якія адмовіліся ад качавога жыцця і перабраліся ў гарады. Не ўсе здолелі прызвычаіцца, але вярнуцца да гаспадаркі ўжо не маглі.

Між тым сярэдні заробак сёлета ў першым квартале склаў 959 тыс. тугрыкаў (каля $388). Самая высокааплатная праца — у горназдабыўной прамысловасці (2,4 млн тугрыкаў — каля $970), менш за ўсё атрымліваюць занятыя ў сферы забаў і адпачынку (600 тыс. тугрыкаў, або каля $240). Летась узровень беспрацоўя ў краіне вырас да 10%. Вядучыя галіны эканомікі Манголіі звязаныя са здабычай карысных выкапняў. У 2016-м у краіне налічвалася каля 3 тыс. радовішчаў, дзе здабываліся (не заўсёды легальна) каля 50 розных відаў мінеральных карысных выкапняў, сярод якіх — золата, медна-малібдэнавыя, уранавыя, свінцова-цынкавыя і жалезныя руды, вугаль.

Эканамічны дабрабыт Манголіі напрамую залежыць ад экспарту карысных выкапняў. На яго прыпадае амаль 88% экспартнай выручкі краіны. Калі ў 2011 годзе цэны на медзь у свеце выраслі, то і ВУП узняўся да рэкордных 17,3%, але пасля падзення цаны на медзь рост запаволіўся да 2,3% у 2015-м і каля 1% летась.

У рэйтынгу 63 найбольш канкурэнтаздольных эканомік свету ад швейцарскай бізнес-школы ІMD, складзеным сёлета ў чэрвені, Манголія заняла перадапошняе месца, апярэдзіўшы толькі Венесуэлу. У 2016 годзе даход краіны ад выдачы ліцэнзій на разведку і здабычу карысных выкапняў склаў 34,3 млрд тугрыкаў (каля $16 млн). Ліцэнзаваныя кампаніі заплацілі ў 2016 годзе падаткаў на 638 млрд тугрыкаў (каля $298 млн у сярэднім курсе за год). Каля 34% выдадзеных у 2016 годзе ліцэнзій на распрацоўку радовішчаў прыйшлося на здабычу золата. Пры гэтым колькі «жоўтага д'ябла» здабываецца нелегальна, дакладна невядома. Нелегальных «капальнікаў» называюць «ніндзя» — за зялёныя тазікі для прамывання золата, якія тыя носяць на спіне.

Асаблівыя выбары

Манголія з мінулага года перажывае магутны эканамічны крызіс. Курс мангольскага тугрыка (нацыянальнай валюты) знізіўся да мінімальнага значэння за апошнія 20 гадоў. З-за скарачэння аб'ёму замежных інвестыцый і росту дзярждоўгу Улан-Батар быў вымушаны прыцягнуць крэдыт МВФ у 5,5 млрд долараў сёлета ў маі на ўмовах скарачэння дзяржвыдаткаў і павышэння падаткаў. Гэта разам з ростам беспрацоўя, беднасці насельніцтва, а таксама карупцыйнымі скандаламі ў кіруючых элітах прывяло да росту расчаравання ў электарату. У сувязі з гэтым яўка на цяперашнім галасаванні была рэкордна нізкай — крыху большая за 60 працэнтаў.

Акрамя таго, упершыню за сучасную гісторыю краіны першы тур прэзідэнцкіх выбараў не выявіў пераможцу і давялося праводзіць другі. Аднак нават пасля гэтага Манголія была на мяжы арганізацыі паўторнага галасавання — бо для перамогі было неабходна не проста набраць больш галасоў, чым сапернік, а пераадолець бар'ер у 50 працэнтаў, што пераможцу ўдалося з прыкметнай натугай.

Аб пратэстным настроі мангольскага электарату сведчыць і ўласна асоба кандыдата-пераможцы. Хто ён, пяты прэзідэнт Манголіі? Батулга нарадзіўся ў сакавіку 1963 года ва Улан-Батары. У 1982-м скончыў вучылішча выяўленчых мастацтваў па спецыяльнасці «мастак». Пасля працаваў па спецыяльнасці ў камітэце выяўленчых мастацтваў. Потым на працягу трох гадоў быў членам зборных Манголіі па самба і дзюдо. У гэтай якасці Батулга стаў пераможцам, сярэбраным і бронзавым прызёрам чэмпіянатаў свету, уладальнікам Кубка планеты па самба. Ён заслужаны спартсмен Манголіі і прэзідэнт Мангольскай асацыяцыі дзюдо. Акрамя роднай мовы, валодае рускай і англійскай. Жанаты другім шлюбам. Яго жонка — ураджэнка Расіі Анжаліка Даваін.

Батулга мае палітычны досвед. У 2004 годзе ён стаў членам Вялікага дзяржаўнага хурала. З 2008 па 2012 год займаў пасаду міністра транспарту, будаўніцтва і горадабудаўніцтва. У ходзе парламенцкіх выбараў 2012-га зноў перамог і працаваў членам парламента да мінулага года, разам з гэтым з 2012 па 2014 гады займаў пасаду міністра вытворчасці і сельскай гаспадаркі.

Справа для супергероя

Абраны кіраўнік дзяржавы пазіцыянуе сябе ў якасці антыалігархічнага кандыдата, аднак сам з'яўляецца бізнес-магнатам (з 1990 года займаецца прыватным бізнесам). Сферамі яго інтарэсаў у асноўным з'яўляюцца сельская гаспадарка і турызм. Батулга вядомы тым, што пабудаваў 40-метровую конную статую Чынгісхана. Што ж абяцаў выбаршчыкам новы прэзідэнт? Батулга запазычыў у свайго амерыканскага калегі перадвыбарчую платформу «Манголія ялна» («Манголія перш за ўсё») — яўная адаптацыя трампаўскага «Amerіca Fіrst» («Амерыка перш за ўсё»), лічаць у амерыканскіх СМІ. Ён абяцаў стаць прэзідэнтам-патрыётам, аднавіць нацыянальную эканоміку і дабіцца роўных эканамічных адносін з суседзямі. Батулга таксама падкрэслівае свой антыкарупцыйны настрой, а таксама намер знізіць разрыў у дабрабыце грамадзян краіны.

Новы кіраўнік дзяржавы з асцярогай настроены ў адносінах да замежных інвестыцый. Пры гэтым сцвярджае, што ён падтрымлівае такія капіталаўкладанні, але пры ўмове іх выгаднасці для манголаў, а не толькі для інвестара. Таксама яго турбуюць гандлёвыя адносіны з Кітаем, якія ён хоча зрабіць больш справядлівымі. Цяпер 90 працэнтаў мангольскага экспарту, пераважную частку якога складаюць сыравінныя тавары, ідзе ў КНР, адтуль жа паступае трэць усяго імпарту ў краіну. У якасці мер карэкціроўкі сітуацыі абраны прэзідэнт бачыць дыверсіфікацыю рынкаў і стварэнне вытворчых магутнасцяў па перапрацоўцы сыравіны ў самой Манголіі, каб экспартаваць ужо гатовую прадукцыю. Батулга дакладна пралічыў, што менавіта цяпер, калі яго краіна атрымала $5,5 млрд ад МВФ, самы зручны час плаўна ліквідаваць аднанакіраванае арыентаванне Манголіі на КНР.

Новы прэзідэнт настроены на ўмацаванне сувязяў з Расіяй. Некаторыя заходнія СМІ ўжо паспелі ахрысціць новага мангольскага лідара прарасійскім палітыкам. Сапраўды, падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі ён выступаў за ўмацаванне адносін з Расійскай Федэрацыяй. У прыватнасці, ён лабіруе будаўніцтва чыгунак для лепшай сувязі транспартных сетак дзвюх краін. Характэрна, што, згодна з сацапытаннем, большасць манголаў лічыць найлепшым партнёрам для краіны менавіта Расію, а затым ідуць ЗША (з удвая меншай колькасцю галасоў), Японія і Кітай. Палітыка Батулгі больш арыентавана, асабліва ў нейкіх практычных пытаннях, на заходнія ўзоры. Але пры гэтым ён не з'яўляецца абсалютным заходнікам і спрабуе аб'яднаць свой вопыт міжнароднага бізнесу і супрацоўніцтва з замежнымі інвестарамі з мангольскім нацыянальным духам. Яго асоба — своеасаблівая ўнія двух гэтых пачаткаў. Ужо відавочна, што абранне такога палітыка, як Батулга, адкрывае для ўсіх гульцоў у рэгіёне новыя магчымасці. Індыя сур'ёзна распрацоўвае «мангольскую карту». Уплывовае ў індыйскіх дзелавых колах выданне «Інтэрнэшнл бізнес таймс» выйшла з матэрыялам на гэтую тэму. «Індыі неабходна распрацаваць палітыку, накіраваную на тое, каб ператварыць Манголію, паўночную суседку Пекіна, у свайго даверанага саюзніка», — гаворыцца ў публікацыі.

У сваёй інаўгурацыйнай прамове прэзідэнт Батулга паабяцаў «стаяць за аднолькава выгадныя знешнія адносіны» і выказаў імкненне да ўмацавання партнёрства Манголіі з ЗША, Японіяй, Германіяй і іншымі краінамі, «за межамі двух першых суседзяў (Расіі і Кітая. — Аўт.)». Адным словам, у рэгіёне відавочна абазначыўся і новы гулец, і новая стратэгічная пляцоўка для геапалітычных манеўраў вялікіх дзяржаў.

Шэраг замежных СМІ ўражаны фізічнай падрыхтоўкай мангольскага прэзідэнта. Батулга, магчыма, самы мускулісты лідар, якога мы калі-небудзь бачылі, піша брытанскае Metro. А інтэрнэт-партал іz.ru адзначае, што «новы прэзідэнт Манголіі больш падобны на супергероя, чым на палітыка». Напэўна, гэтыя якасці цяпер залішнімі для яго не стануць. Эксперты падкрэсліваюць: Батулгу трэба будзе займацца вырашэннем комплексу складаных праблем. І ўсяляк імкнуцца «нарошчваць мускулы» Манголіі. Ці ўдасца гэта зрабіць, пакажа час.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Трэці сусед

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі прадуктаў і адзення нам неабходна для нармальнага жыцця?

Колькі малака і яек беларус ужывае за месяц? 

Грамадства

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

Як мультымедыйныя тэхналогіі матывуюць вучняў?

29—30 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум «Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі» (ІTE-2017). 

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.