Вы тут

Экзістэнцыя жаху и чыстыя кроплі дажджу


«Гэты свет, якім ён ёсць, вытрываць нельга. Вось чаму мне патрэбна поўня, ці шчасце, ці неўміручнасць, ці нешта вар’яцкае, але толькі не адсюль, не з гэтай рэальнасці». (А.Камю)



Дзень акрэсліў мяжу. Мяжа выцягнулася сцяной і ўтрымлівалася спыненым часам. Пырснулі гукі. Каляровыя фантанчыкі неба: гукавая жменя для знаёмства, яшчэ адна — для здзіўлення, астатняя — для асалоды. Зайграла думка, бліскавіцамі замігцелі і разляцеліся ідэі, зернем рассыпаліся тэмы-характары. Самаарганізавалася, згарманізавалася гукавая плынь, гатовая зрушыць наваколле. На падножжы спыненага часу не здзейснены першы крок. Наперадзе — бязмежжа, багацце варыянтаў, хвалі разнастайнасці.

Сёння неба васямнаццатага стагоддзя і дзень разбудзіў устойлівасць, сцвярджэнне, радасць і бадзёрасць. Трыццаць два такты Моцарта. Трыццаць два такты маладой энергіі, даверлівасці, адкрытасці. Трыццаць два такты вясёлага падарожжа: «Нібы ляціць, плыве ў паветры на нейкім дзіўным караблі…» — з неба дваццатага стагоддзя — Якуб Колас.

«Інша-жыццё» творцы не скінеш як прашыты золатам камзол, як белыя шаўковыя панчохі і пыльныя пантофлі на чырвоных абцасах з бліскучай спражкай. Музыкай можна пашыраць межы, а лёгкім фізічным і эфірным целам прасцей дасягаць мэты. Другая сустрэча з Венай навучыла зазямляцца. Пуншам. Дома. На прыёмах — лёгкімі стравамі перад дэсертам. У кавярні — славутым венскім печывам пасля ранішніх канцэртаў у аранжарэі Аўгартэна — імпрэзы не столькі для эстэтычнай асалоды, колькі для стварэння добрага настрою гараджан. Дзённыя сустрэчы, знаёмствы, візіты да выдаўца Тратнера і батаніка Жакена. Шпацыр, музыка і танцы — час «смажанай курыцы» гурманаў-венцаў.

Рэальнасць зрушвалася з 6 да 9 раніцы. Музыкай. Вярталася забытае супакаенне. Запісаць «інша-рэальнасць»— асноўны занятак. Самы марудны і пакутны. Пераход плыннай матэрыі ў графічны каркас нотнай партытуры. Пераход — пераступіць парог. Пераход — шнар. І гэта — найлепшае ў тым венскім жыцці — суцэльным ланцугу расчараванняў і засмучэнняў.

Музыку «шукаць» няма патрэбы. Яна гучыць заўсёды. Цяжэй знайсці зямную адпаведнасць. Пакуты мастака тут. Для Анёлаў — гульня, для чалавека — работа. Ад гэтага ўмельства (з цягам часу майстэрства) залежыць рэальнасць: яна крышталізуецца і застаецца такой надоўга. Кветка на зямлі — і тая створана не са святла, як ёсць на іншых планетах (сны — надзейныя праваднікі), а з тонкай расліннай матэрыі. Інфармацыя, трансляцыя, дасланне, спосаб камунікацыі. Кожны фрагмент музычнай матэрыі сам за сябе сведчыць, з чаго ён зроблены і як яго чытаць. Мана, калі яна ёсць, відаць адразу. Вы яе «чытаеце» нават тады, калі пра гэта не думаеце. Гэта як успрымаць інфармацыю ад з’едзенага яблыка ці бульбы. І ў музыцы трэба быць пераборлівым. Думай, што паглынаеш… Карл Барт сумняваецца, ці граюць анёлы Баха ў прысутнасці Бога, але ўпэўнены, што ў сяброўскім сваім атачэнні яны граюць Моцарта.

Рэальнасць шумела за мутным шклом. Жыццё самазахавалася тым, што выкацілася, самавыдалілася з агульнай «сістэмы». Засталіся сухія трэскі віртуознай камунікацыі: прывітацца пры сустрэчы, увайсці ў тралейбус, зачыніць шчыльна дзверы. Тоўстае, мутнае шкло стала мяжой паміж «тым», безаблічным, нецікавым, і «гэтым», здранцвелым, скамянелым, ледзь жывым. Здолеў выжыць толькі розум. Гэта ён, адчужана, нібы стары сабака з буды, назіраў за перамяшчэннем падзей.

З кароткіх гукаў, паўз і самотных даўгіх унісонаў паўстае цішыня і прастора. Нагрувашчаныя цагліны-акорды рознай шчытнасці, счэпленыя лаканічнай, лапідарнай скразной тэмай, акрэсліваюць замкнёную сферу…

Рэальнасць глуха шуміць за мутным шклом, а на парозе шкляных дзвярэй тупаюць кампазітары. Некаторыя з іх раз-пораз запрашаюцца за зачыненыя дзверы: у глухі, без ветру і птушак, апендыкс рэальнасці. Нешта распавядаюць. Душэўна шчыруюць. Граюць музыку — сваю, інтэрпрэтуюць — чужую. Жыццё ў боксе-апендыксе не мяняецца, застаецца бяздзейсным. Густая залацістая вадкасць, што струменіцца па празрыстых трубках, падключаных да агульнага цела, забяспечвае адсутнасць рэакцый і абсалютны пакой.

Праўда кампазітара пра сябе — у мінорных сімфоніях. У Гайдна іх адзінаццаць. Са ста сямі. У Моцарта — дзве з сарака адной (па Кёхелю). Мінорная сімфонія — рэдкая з’ява пад небам васямнаццатага стагоддзя. Мажорныя пісаліся пераважна па замове заможнай эліты. Мінорныя — для сябе.

Але чаму ты скуп, паэце?

Твае дзе творчыя шляхі?

Ці ты сляпы?

Ці ты глухі?

Ці ты жывеш у ліхалецці?

Ці ты што маеш на прымеце?

Ці тоіш намысел ліхі? (Якуб Колас)

Герметычная прастора, замкнёная на самой сабе, укаранёная ў сваё «нішто». Звонку — пошум постмадэрнісцкай абыякавасці, шумнае гукавое смецце. Размовы з нагоды апошняй зарплаты ці «зоркі героя» на лацкане служкі-дырыжора. Чуткі-плёткі ў сацыяльным павуцінні. Панылы тэлесерыял аднолькавых перамог аднолькавых людзей. Тонкія карункі гістарычных тэкстаў, народжаныя за халоднымі сценамі сумных аграгарадкоў. Тонкія сцены — важнае палітычнае рашэнне, здольнае забяспечыць пошукі неабходнай колькасці матэрыялу: заканапаціць шчыліны ў пазах. «Замест прагрэсу, развіцця ідзе жывое вынішчэнне жывой энергіі, дабра, грыміць крывавая ігра — псіхоз і мозгу атручэнне. Вар’яцтва, шалу спалучэнне, — пара задумацца, пара!..» (пісаў пра гэты стан Якуб Колас). Размаўляць — з самім сабою. Музыку пісаць — ні для кога.

Беларуская музыка маўчыць, бо прэтэндуе на большае, чым проста музыка. Перапоўненая пачуццямі, ад лішку іх пачынае заікацца. Камлі перажыванняў храснуць у гартані. Каб застацца жывой — вымушана праглынуць. Акт стварэння не адбываецца. Эпоха ўсеагульнай свабоды слова дыскрэдытавала само слова. Засталося карыстацца абсалютам. Як пінцэтам. Скальпелем. Але перавага — за бінтамі — перавязачным матэрыялам. Дэфіцыт. Змочаная ў цукрозе марля накладаецца на сэрца, вочы, рот… Губайдулінска-дзянісаўскашніткаўскае лёгканалежнае дысідэнцтва з творамі супраціўнай маніфестацыі не прыжываецца. Музычных падзей няма. Супрацьстаянне плёну не прыносіць. Стары досвед неактуальны. Вось тут усё і пачынаецца. Суцэльная цемра абяцае суцэльнае святло. Цемры трэба альбо дачакацца, альбо заслужыць…

Часты і дробны шум дажджу, яго танец на лісці найбліжэйшай бярозы запрашаў да сябе. Запрашаў ва ўтульную шапатлівую гукавую дружыну. Можна было лёгка нырнуць у тое шапаценне, разнастайнае гукавое крапаценне. І не засынаць. Наталяцца гаючым шумам, заглыбляцца ім, патанаць, разнявольвацца, вызваляцца слыхам ад гукаў пустаты і здранцвелай цішыні.

Свядомасць, зачапіўшыся краем слыху за сімфонію дажджу, утрымлівалася на хісткай жэрдцы да апошняй кроплі-ноты. Ветрык зрушыў вільготную сцяну, сцерусіў яшчэ жменю кропель на зялёнае лісце і сумныя лужыны. Жыццё ўсміхнулася, падзякавала за дажджыную радасць. Ляцець не было куды. Хмары разышліся. Дождж знік. Некалькі жывых, дрыготкіх кропель яшчэ можна было паспець зняць з зялёнага лістка, падчапіць на палец і павесіць завушніцамі на слых.

Слухаць.

Рэальнасць музычная. Туды можна патрапіць пры намаганні асаблівага кшталту. Быць там, адпачываць, страсаць ружовыя зоркі бэзу разам з кроплямі расы: наталяцца, здзіўляцца, прыжмурвацца ад асляпляльнай радасці. Сон? Нязведаная рэальнасць як умова будучага стварэння? Кожны новы раман, новая сімфонія — крок у «не ведаю куды». Стан пачаткоўца — няўпэўненага і нічым няўзброенага…

«Веды толькі ў юнацтве прыносяць радасць», — шэпча старонка з кніжкі кітайскага мудраца. — «У сталасці іх не заўважаеш, у старасці яно абцяжарвае. Абцяжарвае, калі не ператвараецца ў паэзію-музыку — як расплаўлены метал у дзевяць званоў на гары Фэньшань, якія звоняць, ледзь на іх асядзе шаць. Сэрца паэта — фэньшаньскія званы, яму дастаткова шаці». Звон набліжаецца, знікае. Калыхаецца мілагучным маятнікам. Слаіцца, распадаецца. Гукавыя атожылкі выдратоўваюць сабе новыя лапінкі зместу для чараўніцтва. Звон пераліваецца, гучыць, гуляе толькі што народжанымі абертонамі і, па законе музычнага прыцягнення, супадае са звонам струны скрыпкі.

Калі архітэктура — спыненая, скамянелая музыка (прыпісваюць Гётэ), то стварэнне музыкі — працэс узвядзення вялікага збудавання. Законы прапорцый, арганізацыі архітэктурнай прасторы — ледзь не адно і тое ж.

Што адбудзецца, калі раптам гучанне бетховенскай партытуры спыніць? У хуткім часе нехта абавязкова паспрабуе гэта зрабіць. Нехта, хто аднолькава будзе дасведчаным у сучасных тэхналогіях і сусветнай музыцы. Своеасаблівы тэхналагічны жарт. Бесцялеснае ўваходжанне ў найвышэйшы свет ведаў. Уваход у гучанне сімфоніі з любога такта, з любога абранага фокуса, які дазволіць «разгледзець» крыжовыя скляпенні, злучэнне ліній, аркатуру тэм, каларыстыку фрызаў і ўстойлівасць франтальных гарызанталей, дзе кожны новы абраны такт партытуры, змяніўшыся, застаецца ранейшым, а непаўторная гукавая галаграма нараджае новыя дзівосы, пра існаванне якіх ці здагадваўся сам Бетховен?

А Моцарт пачуў і прызнаўся: «Я не чую ў сваім уяўленні музычныя фрагменты, я чую ўсё адразу. І гэта асалода».

Мастацтва — сведчанне Бясконцасці. Фрагмент нетутэйшай рэальнасці. Праекцыя ў зямное жыццё. Ілюзія. Чысціня слязы. Крышталь, што зберагае вобраз. Крышталь, што бесперапынна мяняе аблічча.

«Я перакананы, што існуюць універсальныя плыні Боскай думкі, якія памнажаюць эфірныя вібрацыі, і кожны, хто мае здольнасць адчуваць гэтыя хістанні-ваганні, застаецца натхнёным». (Р. Вагнер)

Ларыса СІМАКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».