Вы тут

Праекцыя душы


Эстэтыка анімацыі сёння перажывае складаны пераходны перыяд, звязаны са зменай свядомасці, светапоглядаў. Уплыў камп’ютарнай эпохі дае ўсвядоміць бязмежныя магчымасці анімацыі ў паказе розных часоў, у тым ліку будучыні; ідэальна-духоўных структур, міфалагічных і рэлігійных прастор і часу; мадэляў розных культурных інстытутаў — віртуальных музеяў, тэатраў, энцыклапедый і г. д. з выхадам за межы трохмернай рэальнасці ў новыя вымярэнні. Гэтыя пытанні стаяць і перад беларускім анімацыйным кіно.


Ад азбукі да зорак

 Наогул, за гады існавання анімацыйнай студыі «Беларусьфільма» было знята больш за 180 фільмаў для дзіцячай і дарослай аўдыторыі. Можна адзначыць, што беларуская анімацыя цалкам сфарміравалася як галіна экраннага мастацтва, але пакуль не стала часткай сучаснай нацыянальнай культуры ва ўзаемадзеянні з іншымі яе часткамі — педагогікай, адукацыяй, выхаваннем, асветай... Але студыя шчыльна працуе з Міністэрствам адукацыі, ствараюцца пазнавальна- навучальныя праекты «Беларуская азбука» (рэжысёр У. Пяткевіч) і «Азбука небяспек» (рэжысёр Т. Кубліцкая).

Галоўны плюс студыі — факт пастаяннай вытворчасці анімацыйных фільмаў. Зараз анімацыйная студыя «Беларусьфільма» цалкам фінансуецца дзяржавай, а гадавы метраж работ студыі ў цэлым складае каля дзевяноста хвілін. На сёння ў студыі анімацыйных фільмаў ёсць свая стратэгія: калі яшчэ некалькі гадоў таму студыя арыентавалася на аўтарскае кіно, то цяпер задача — ствараць мультфільмы для дзіцячай аўдыторыі, прычым шырокага ўзроставага дыяпазону. Але работы вядомых майстроў на пачатку новага тысячагоддзя сталі больш аднастайнымі па тэматыцы: рэпертуарная палітыка студыі скіравана на народныя і аўтарскія казкі з павучальнымі сюжэтамі і дыстыляванымі мастацкімі формамі. Нават майстар складанай жывапіснай анімацыі У. Пяткевіч звярнуўся таксама да казак для дзяцей, у тым ліку па заказе іншых краін.

На студыі здымаюцца фільмы ў рознай тэхніцы: маляваныя стужкі, лялечныя, перакладка (плоская марыянетка), пясок. Прайшоўшы ўсе этапы тэхнічнага прагрэсу, ад цэлулоіднага метаду да камп’ютарных тэхналогій, сёння студыя мае ўсё неабходнае камп’ютарнае ліцэнзійнае абсталяванне для здымак сямі 10 — 13-хвілінных фільмаў у год. Бывае, што адначасова працуе да дзесяці здымачных груп! Рэжысёр І. Воўчак рыхтуе дзіцячы фільм «Цуды ў дзень нараджэння», маладыя перспектыўныя рэжысёры Руслан Сінкевіч і Марына Лук’янава запусцілі праект «Незвычайны дзіцячы сад», а Н. Касцючэнка працягвае серыял «Пра дзяўчынку Жэню», пачаты вядомым рэжысёрам Т. Жыткоўскай. Т. Кубліцкая здымае фільм «Азбука небяспекі» паводле кнігі Андрэя Смятаніна, А. Турава працуе над праектам «Зоркі сёмага неба», аўтар якога — Генадзь Давыдзька. У. Пяткевіч і Д. Якутовіч рыхтуюць фільм «Беларуская азбука». Аднак часам мастакі працуюць на абсталяванні шасцігадовай даўніны, здымаюць фільмы ў няпростых умовах.

 Важнай праблемай галіны застаецца поўнаметражны фільм, які азначае шлях да індустрыялізацыі і масавага гледача, таму што менавіта ён запатрабаваны пракатам. Вядома, што сусветная анімацыя арыентуецца на поўнаметражныя фільмы, якія бліжэй камерцыйнаму кіно, а яно ставіць высокія тэхнічныя патрабаванні. На жаль, студыя не можа арганізоўваць здымкі поўнага метра, таму што са старым абсталяваннем і вялікай занятасцю спецыялістаў поўнаметражны фільм будзе здымацца больш за тры гады. Студыя пакуль не гатовая для вялікіх праектаў, таму такі фармат умяшчаецца ў некалькіх серый — так атрымалася з фільмам «Прыгоды Несцеркі».

Кадравае пытанне

 Складанай застаецца сітуацыя з кадравай палітыкай. У 2013 годзе на студыю прыйшлі шэсць выпускнікоў Беларускай акадэміі мастацтваў — маладыя рэжысёры, якія паказалі сябе ў цыкле «Аповесць мінулых гадоў». Цяпер на студыі засталося толькі двое — М. Лук’янава і Р. Сінкевіч, якія ад мікрафільмаў перайшлі да больш буйных праектаў. Але іншыя спецыяльнасці, на жаль, не папаўняюцца: напрыклад, мультыплікатара і мастака-прамалёўшчыка дагэтуль няма. Моладзі ў гэтай прафесіі мала, а Акадэмія мастацтваў прафесіяналаў з такімі спецыяльнасцямі не рыхтуе. Ёсць сфарміраваная група рэжысёраў, мастакоў, аператараў, аднак гэты падмурак не падмацаваны прафесіяналамі «другога звяна» — мастакамі, мастакамі-мультыплікатарамі, камп’ютарнымі дызайнерамі.

Сёння ў прадукцыі невялікай беларускай студыі можна знайсці разнастайныя анімацыйныя тэхнікі: класічны маляваны фільм, лялечную анімацыю, плоскую марыянетку і рэдкую ў свеце тэхніку «малюнка на пяску». У класічнай маляванай тэхніцы працуюць А. Ленкін і А. Турава. У тэхніцы класічнай перакладкі здымаюць У. Пяткевіч і І. Кадзюкова (якая, на жаль, зараз на студыі не працуе). Усе астатнія выкарыстоўваюць камп’ютарную перакладку. «Марк Ша- гал» А. Пяткевіч і «Ронда-капрычыёза» І. Воўчака — гэта змяшаная тэхналогія, але з вялікай доляй камп’ютарнай перакладкі. Ёсць і пясочная тэхналогія, складаная і багатая. У ёй створаныя фільмы «Жыло-было дрэва...» У. Пяткевіча, «Казкі лесу» і «Лафертаўская макаўніца» А. Пяткевіч. Зараз з пяском працуюць М. Тумеля і Г. Емяльянава ў цыкле «Аповесць мінулых гадоў», а таксама ў фільмах для замежных студый. Малады аніматар Р. Сянкевіч стварае стужкі ў тэхніцы пластыліну. Пасля заканчэння рэканструкцыі кінастудыі плануецца аднавіць вытворчасць лялечных анімацыйных фільмаў. Вядома, што многія аўтары замежных серыялаў, напрыклад, «Маша і Мядзведзь» і «Смяшарыкi», сышлі ў 3D-анімацыю. Гэтая анімацыя, вядома, больш складаная і дарагая па абсталяванні, праграмах, спецыялістах. А беларускія мультфільмы робяцца, галоўным чынам, з дапамогай рукатворных тэхналогій, якія, у адрозненне, напрыклад, ад тэхнікі флэш-анімацыі, больш багатыя і выразныя. Складанасць і ў тым, што анімацыю не здымаюць камерай, як у ігравым ці дакументальным кіно. Вядома, што секунда экраннага часу ўключае 25 маляваных карцін.

У апошнія гады з’яўляюцца прыкла- ды незалежнага анімацыйнага кіно, якое ствараецца на прыватных студыях. З лістапада 2010 года працуе анімацый- ная студыя пры Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры ў г. Мінску. За- раз невялікі калектыў з пяці чалавек майстэрні працуе над двума праекта- мі: «Алфавіціца» і «Мульцікі для самых маленькіх». Студыя «Digital light studio» ў тэхніцы 3D стварыла дзіцячы мульт- серыял «Сонечныя зайчыкі» (рэжысёр Андрэй Ледзянёў). У інтэрнэт-прасторы папулярнасць набыў серыял «Дамавічок Плюх» («Першая КінаВідэаКампанія», рэжысёр Сяргей Талыбаў). Анімацыйная студыя «CubinCup» працуе над серыя- лам «Робікі» пра жыццё робатаў (рэжы- сёр Анатоль Бародзіч). На самай справе дзяржаўная кінастудыя пакуль не мае канкурэнтаў у галіне анімацыйнага кіно, але імклівае развіццё камп’ютарных тэх- налогій і пашырэнне кола адукаваных спецыялістаў з веданнем камп’ютарнай графікі, напэўна, хутка прывядзе да з’яўлення канкурэнтаздольных незалеж- ных (прыватных) студый.

 Эфект люстэрка

Наогул, беларуская анімацыйная творчасць выступае як самастойны культурны пласт са сваім нядоўгім, але значным гістарычным досведам, сваімі нацыянальнымі рысамі, як своеасаблівы рэтранслятар духоўных каштоўнасцей беларускага этнасу. Сёння можна казаць пра тое, што беларуская анімацыя прысутнічае ў айчыннай і еўрапейскай культурах як сацыяльна-мастацкі феномен. Пра гэта сведчаць прызы аўтарытэтных форумаў у Анэсі, Брусэлі, Клермон-Фера, Лейпцыгу, Мангейме, Нью-Ёрку, Чыкага, Штутгарце і г. д. Беларускія майстры пастаянна ўдзельнічаюць у конкурсных праграмах Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Крок» у Кіеве, які ўваходзіць у пяцёрку лепшых сусветных анімацыйных фестываляў, ладзіцца пад патранатам АСІФ (Міжнароднай асацыяцыі работнікаў анімацыйнага кіно) і з’яўляецца адзіным фестывалем такога ўзроўню ў краінах СНД; у Адкрытым расійскім фестывалі анімацыйнага кіно (Таруса, Суздаль). На фестывалях наша анімацыя заўсёды атрымлівае высокія адзнакі: напрыклад, фільм «Піліпка» прынёс шэраг станоўчых водгукаў з Германіі, Балгарыі, Чэхіі, Расіі.

Прызнаннем нашага кіно стаў паказ аўтарскай праграмы А. Пяткевіч у межах 35-га Міжнароднага кінафестывалю «Жанчыны ў кіно» ў 2013 годзе ў Фларэнцыі. Сярод апошніх узнагарод нашых аніматараў — прыз XI Сусветнага фестывалю анімацыйных фільмаў у Варне (Балгарыя) мультфільма «Казкі старога піяніна. Шапэн», дыплом міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Крок» анімацыйнаму фільму «Аповесць мінулых гадоў. Ліда», узнагарода міжнароднага фестывалю анімацыйнага кіно для дзяцей і юнацтва Constantine’s Gold Coin у Сербіі фільму «Песня Жаўрука». На XXIV Міжнародным славянскім кінафоруме «Залаты Віцязь» «Лыжка для салдата» і «Ронда- капрычыёза» атрымалі залатую і сярэбраную ўзнагароды.

Развіццё сучаснай нацыянальнай анімацыі нагадвае павольную, мяккую рэакцыю на сітуацыю ў сучаснай сусветнай анімацыйнай культуры, свайго роду «люстэрка», у якім своеасабліва адлюстроўваюцца навацыі і дасягненні сусветнага кінапрацэсу. Прытым у айчынным мастацтве захавалася генетычная схільнасць да рэфлексіі, псіхалагізму, сцвярджэння гуманізму. Анімацыя звяртаецца да нематэрыяльнай спадчыны беларусаў, казак, прымавак, гісторыі краіны. Галоўная ментальная якасць сучаснай беларускай анімацыі — адкрытасць і шырыня мастацкіх кантактаў і ўздзеянняў, апора на культурныя вытокі і адначасова вернасць традыцыі. У гэтым сэнсе важная рыса беларускай экраннай творчасці — устойлівасць гуманістычнага пачатку, які заўсёды быў стабільнай маральна-этычнай канстантай этнасу і застаецца актуальным для сучаснай эпохі.

Вядомы беларускі аніматар А. Белавусаў казаў, што анімацыя на беларускай зямлі зараджалася тройчы і двойчы згасала. Першы раз гэта здарылася ў Вільні на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў і было звязана з імем Уладзіслава Старэвіча — стваральніка аб’ёмнай анімацыі; другі раз нараджэнне і згасанне анімацыйнага кіно ў Беларусі адбылося ў канцы 1920-х гадоў як эпізод у прапагандысцкім кінематографе; трэці раз яно нарадзілася ў 1970-х гадах, паспяхова перажыло мяжу стагоддзяў і сягнула ў XXI стагоддзе. Варта заўважыць, што сваёй жыццяздольнасцю ў «трэцяй спробе», уменнем выжываць і пераадольваць цяжкія часы беларускае анімацыйнае кіно абавязана не толькі аніматарам. Да анімацыйнага кіно прыкіпелі душой шматлікія выдатныя беларускія творцы — мастакі, архітэктары, музыканты, якія сталі мультыплікатарамі і рэжысёрамі, а таксама літаратары — Віталь і Артур Вольскія, Валянцін Тарас і Сяргей Булыга, кампазітары — Леанід Захлеўны, Эдуард Зарыцкі, Эдуард Ханок і многія іншыя. Нездарма знакаміты рэжысёр і тэарэтык кіно Сяргей Эйзенштэйн казаў, што «лепшая форма кіно — гэта мультыплікацыя, таму што мы маем над ёю поўную ўладу».

Антаніна КАРПІЛАВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.