Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Пасля «...базару»

Чыстая праўда, але расказваць буду, як казку. Ну хоць бы пачну.

Жыў-быў адзін дырэктар. Гадкоў з дваццаць ужо пасаду займаў. Добры заробак меў і аўтарытэт, кватэру, машыну, жонку, дзяцей, нават дзвюх унучак прыждаў.

Падрасла, карацей, сям'я, цеснаю стала дача, і надумаў ён новую ставіць — вядома ж, «па сродках», з размахам.

А побач з ім суседка будавалася. Яна трохі меншы дамок сабе ўзводзіла, але ж таксама не шпакоўню, бо ўжо іншыя часы наступалі — не савецкія. Ды і маладзіца не з тых была, не з савецкіх: зграбная, увішная, да кожнага патрэбнае слоўца знаходзіла, да многіх — падыход...

Ну яно ж сапраўды: шчыруе экскаватаршчык на ўчастку дырэктара, капае катлаван пад два гаражы. А суседцы толькі траншэю пад падмурак трэба... Дык чаму б за адным «скрыпам» не выкапаць?

Тое ж з бульдозерам: дзе адзін участак, там і два... З пад'ёмным кранам — таксама: навошта яго двойчы ганяць?

І матэрыялы яны з розумам вазілі: першы рэйс цэглы — на будоўлю дырэктара, другі — на суседчыну. Гэта ж лёгка, а тым больш, калі ведаеш, што за ёй не заржавее, як той казаў, што яна, дзе быўшы, дырэктарскім унучкам гасцінцаў прывязе, з жонкай рэцэптамі падзеліцца, дзецям нешта параіць... Ідылія! Хоць і рухнула яна адным добрым летнім вечарам, на вачах.

А ўсё з-за чаго? З-за... «базару» — «Славянскага», самага першага.

Па тэлевізары, значыць, сталі яго адкрыццё паказваць. Сям'я дырэктара села глядзець, шкадуючы ўголас, што не ў поўным складзе, што гаспадар не дома, на жаль, што яго ў Варонеж у камандзіроўку адправілі.

А на экране тым часам то сцэну паказваюць, то публіку ў зале. Бывае — агулам, а бывае — асобнымі тварамі: аператары выбіраюць — найбольш каларытныя, нечым адметныя...

І раптам на пары спыняюцца: мужчына сталы такі, мажны, твар з лысінай чырвоныя (ці то з гарачыні, ці то ад хвалявання)... Бо побач з ім — маладзіца (у дочкі гадзіцца), прыгожая, прыбраная. І туліцца да яго, і лашчыцца... Ну нібы тая котачка, калі смятанкі просіць...

Карацей — карціна алеем, на ўвесь экран!

Першым яе згледзеў зяць дырэктара.

— Во... Дык гэта ж..., — сказаў ён, бо пры дзецях ніколі не мацюкаўся.

А зрэшты, хто там што сказаў, хай кожны ўявіць сам. Факт, што канцэрт той глядзелі многія дачнікі, многія знаёмыя таго дырэктара. У тым ліку — непасрэднае начальства. І гэта сёння ў яго, так бы мовіць, мухі асобна, катлеты асобна (гэта значыць, асабістым жыццём падначаленых ніхто не цікавіцца), а тады яшчэ з моды не выйшла адпаведныя «меры прымаць».

Вось яно і прыняло: папрасіла дырэктара ціха сысці на пенсію.

Такім чынам не паспеў ён дачу дабудаваць — ні сабе, ні ўлюбёнай суседцы...

Але ж яна і сама неяк справілася. Ва ўсякім разе пра агароджу клопату не мела: суседзі — з усіх трох бакоў — самі яе паставілі, адгарадзіліся — хто дошкамі, хто бетонам...

Яе толькі плоцік быў — ад вуліцы, драўляны, нізенькі, бо што там хаваць, калі ўсе ўсё бачылі.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск


Не рабі дурнога...

Пасля службы ў войску двое дружбакоў Пятро з Міколам разам паступілі ў сельскагаспадарчы тэхнікум, разам праз нейкі час трапілі на вытворчую практыку. Думалі, што яна ў майстэрнях пройдзе, бо вучыліся на механікаў, але ў калгасе захварэў адзін з трактарыстаў, замяніць яго не было кім, вось старшыня і папрасіў студэнтаў дапамагчы на пасяўной.

Тыя адмаўляцца, вядома ж, не сталі, бо які-ніякі досвед работы на тэхніцы ў абодвух быў, жаданне зарабіць трохі грошай — таксама. У выніку стварылі экіпаж: Пятро кіраваў трактарам, Мікола — «стаяў» на сеялцы, потым — мяняліся месцамі і выдавалі штодня па паўтары, а то і па дзве нормы.

Але ж вось яно апошняе поле, канец пасяўной. «Вечарам гэта можна «абмыць», — падумалі практыканты. А як, калі па ўсім відаць, што праца завершыцца позна, што крама тады будзе зачынена... Значыць, пра выпіўку трэба паклапаціцца загадзя?

Гэта ў студэнтаў лёгка: пакуль Мікола дасяваў апошнія гектары, Пятро зганяў у вёску, схадзіў у краму, прыдбаў там пару бутэлек віна і, заціснуўшы іх пад пахай, ужо паспеў вярнуцца да трактара... Адтуль пачуў гул машыны, убачыў, што да іх на «УАЗе» падрульвае старшыня. «Што ж рабіць, — падумаў Пятро, — куды схаваць віно, калі навокал голае поле?»

На ім поруч была толькі сеялка, таму хлопец не прыдумаў нічога лепшага, як засунуць бутэлькі ў зерне.

З машыны тым часам выйшлі старшыня і два мужчыны пры гальштуках. Ім (падобна, правяральшчыкам?) гаспадар расказваў пра ход пасяўной, нахвальваў практыкантаў, якіх у ягоную гаспадарку ці не сам бог паслаў, бо дужа ж добрыя хлопцы: і працуюць ад душы, і не кураць, не п'юць...

— А чым жа сеялі? — пацікавіўся нарэшце адзін з правяраючых. — Насенне ў іх ці пратраўленае?

— Ну вядома ж, — адказаў старшыня.

— Так, — дружна дадалі хлопцы.

Але правяральшчыку, мусіць, мала было пачуць, яму хацелася гэта ўбачыць. Таму ён ускочыў на падножку сеялкі, адкінуў вечка на скрынцы з зернем, засунуў у яго руку (як падалося Пятру, — у тым самым месцы, дзе ляжалі бутэлькі!).

«Ну ўсё, спаліліся», — з жахам падумалі студэнты, бо ведалі, што тады практыку іх ацэняць на двойкі, пра віно паведамяць у тэхнікум, і ўсё — пішы прапала: не бачыць ім дыпломаў, як сваіх вушэй!

Правяральшчык тым часам разглядаў на далоні зерне:

— Не падманулі, — загадкава прызнаў, — і сапраўды пратраўленае...

Абмацаў ён тыя бутэлькі ці не — засталося загадкай, але ж страху студэнты хапілі напоўніцу!

Яны ж — і на ўсё жыццё — запомнілі крылатае: не рабі дурнога — і не бойся нікога.

Аляксандр Матошка, в. Янкавічы, Расонскі раён


Дзе быў?

...Гадоў 50 таму запрасіў мяне сусед на бяседу, пасадзіў (так выпала) ля акна. Я міжволі азірнуўся на падаконнік — заўважыў, што там сцірка ляжыць і памада. Дзіўнае суседства, але ж няхай сабе, бо тут якраз чаркі паналівалі, тосты пайшлі. Госці сталі выпіваць і закусваць, гамонку весці ды песні пець...

Урэшце — мужчыны прытаміліся, заспяшаліся на перакур. Следам за імі, за кампанію, выйшлі на двор і жанчыны. Я ж не курыў, а таму застаўся на месцы.

Помню ад няма чаго рабіць яшчэ раз паглядзеў на падваконне, потым узяў адтуль сцірку, а са стала нож і неўпрыкмет для іншых выразаў... вусны, пафарбаваў іх памадай — зрабіў адбіткі на сваіх руках...

А далей болей, як той казаў: выйшаў на панадворак, дзе курылі бяседнікі, спытаў у аднаго з мужчын, у каго тут самая раўнівая жонка. Мне паказалі...

Я (жартаваць дык жартаваць) прыкінуўся п'яным, улукаткі падышоў да таго гаротніка, на вуха спытаў, чаму ён не курыць?

— Ды кінуў, — прызнаўся мужчына, — бо мая некалі сказала, што не пойдзе за мяне, калі буду курыць.

— Малайчына. Паважаю, — пахваліў чалавека я і з дапамогай той самаробнай «пячаткі» на шчацэ яго пакінуў досыць прыгожы «пацалунак».

Потым заўважыў, што ён нейкі дужа цвярозы, і папытаўся, ці напіваецца ён, калі ў гасцях?

— Не, бронь божа, ніколі... — пахваліўся мужчына.

Я зноў «адвесіў» «пацалунак».

Пра нешта мы гаварылі яшчэ. Але ж гаспадар тым часам ужо клікаў усіх за стол.

Госці няспешна рушылі ў кватэру, паселі. Мы з маім суразмоўцам падцягнуліся таксама, хоць і апошнімі: я яго (у пацалунках) спецыяльна наперад прапусціў. Застольнікі згледзелі — і адразу ў рогат, а жонка адпаведна ў крык:

— Дзе ты быў? — пытаецца.

Мужчына ў адказ толькі вачыма лыпае:

— Дзе-дзе? Дзе ўсе, там і я...

— Але ж людзі як людзі ў хату прыйшлі, а ты... Паглядзі на сябе!

Зрабіць гэта зусім проста было — побач у вітальні вісела люстэрка. Мужчына паглядзеўся ў яго, «пагладзіў» шчокі і рушыў да мяне.

Шчыра кажучы, думаў, што надае кухталёў, але ж той хіба пагразіўся: дзякаваць богу, з гумарам чалавек быў: зразумеў, што я жартаваў.

Пакуль госці смяяліся, мы з ім разам адмывалі рукі і шчокі.

...З таго дня, з той бяседы ўга колькі часу прайшло: здавалася, што ўсё забылася, а, бач, малюнак са «Звязды» нагадаў.

Міхаіл Чарняўскі, к.п. Нарач


Падрыў аўтарытэту

У прыклад унуку Дзіму бабуля заўсёды ставіла ягонага тату. Маўляў ён, яе сын, хлопчыкам быў проста ідэальным: вучыўся толькі на «добра» ды «выдатна», паводзіў сябе ўзорна, ва ўсім дапамагаў, а ўжо слухаўся... «Таму і ў інстытут адразу паступіў, — рабіла высновы бабуля, — добрую прафесію атрымаў, пасаду займае...»

Дзіма таксама хлопчык нішто сабе: добрыя адзнакі са школы носіць. Але ж не заўсёды: бывае, што калі-нікалі «праскочыць» сямёрка. І ўжо тады бабуля не забудзецца, не прапусціць, абавязкова «завядзе» сваё ўлюбёнае: «А вось твой тата...»

Невядома, колькі б так цягнулася, калі б аднойчы Дзіма не знайшоў татаў дзённік за дзявяты клас, калі б на свае вочы не ўбачыў, што ўсе старонкі ў ім і сапраўды запоўнены прыгожым роўным почыркам, чацвёркамі ды пяцёркамі (найлепшымі тады адзнакамі), прычым па ўсіх без выключэння прадметах...

Але ж раптам — што гэта? — тлустая агідная... двойка і прыпіска да яе: «Не вывучыў верш «Кому на Руси жить хорошо?»

А далей — болей: яшчэ праз колькі старонак запіс класнага кіраўніка: «Паважаныя бацькі! Ваш сын біў аднакласнікаў венікам».

...Цяпер бабуля, што называецца, прыкусіла язык: ва ўсякім разе не так часта прыгадвае ранейшае «А вось твой тата...», бо Дзіма тады абавязкова прадоўжыць гэты сказ кароткім:
«...атрымліваў двойкі па рускай літаратуры і біў аднакласнікаў венікам».

Фаіна Касаткіна, г. Паставы

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.