Вы тут

Імпульс для гледача


У межах беларускай арт-прасторы ў апошнія гады адбываюцца адметныя падзеі. Па-першае, у краіне ладзяцца разнастайныя канцэптуальныя выставачныя праекты (іх значна больш, чым было яшчэ тры гады таму). А гэта значыць, што народ мае магчымасць не толькі чуць пра мастакоў, але і бачыць іх творчасць, аналізаваць яе. Па-другое, творцы не толькі выстаўляюцца, але і выхоўваюць густ гледача, прапануючы для разваг шмат актуальных тэм. У сучасным грамадстве мастацтва з’яўляецца імпульсам да развіцця не толькі культуры, але і чалавека ў цэлым: глядач больш не ўспрымае мастацкі твор як прадмет інтэр’еру, а спрабуе даведацца яго гісторыю, зразумець аўтарскую думку. Адзін з мастацкіх трэндаў нашага часу — арганізоўваць на адной пляцоўцы выстаўкі розных мастакоў, каб адразу была магчымасць параўноўваць і выбіраць, што больш па душы. У Палацы мастацтваў зноў прадставілі праект, які складаецца з асобных выставак трох мастакоў. У ім узялі ўдзел аўтары Таццяна Малышава, Уладзімір Гладкоў і Ларыса Журавовіч. Кожны з творцаў сёлета святкуе юбілей.


Рух у шкле і графіцы

Таццяна Малышава «Святочныя вазы», 1979 г.

Таццяна Малышава прадстаўляе выстаўку мастацкага шкла і графічных кампазіцый «Impression». Аўтар зачароўвае ўменнем сумяшчаць розныя колеры і адценні. А гэта можна лічыць адным са складнікаў поспеху ў сучасным мастацтве. Шкляныя вырабы Таццяны Малышавай — вялікія кампазіцыі, праз якія яна не проста адлюстроўвае тэму, а выбудоўвае своеасаблівы нацюрморт з асобных элементаў, разыгрывае ідэю мікраі макрасвету, выкарыстоўваючы кантраст вялікіх шкляных формаў і зусім маленькіх «атамаў». Любімы выставачны прыём аўтара — размясціць экспазіцыю на люстраной плоскасці, як бы адарваць ад матэрыяльнай паверхні, дадаткова адлюстраваць для ўзмацнення дэкаратыўнага эфекту.

Графічныя творы мастачкі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, — вынік сумеснай працы з Музеем прыроды, падчас якой аўтар змагла добра вывучыць свет раслін, птушак, казурак, каштоўных камянёў і знайсці сваю тэхніку выканання — рамантычную і лірычную. Створаныя мастацкія вобразы выклікаюць багатыя гукавыя асацыяцыі за кошт перацякання колеру, «музычных» рытмаў, празрыстасці.

На пачатку творчага шляху Таццяна Малышава была закаханая ў шкло, з графікай пачала працаваць значна пазней. Але сёння мастачка задаволеная, што можа сумяшчаць кірункі.

— Больш за трынаццаць гадоў я адпрацавала на шклозаводзе «Нёман», — расказвае Таццяна Малышава. — Прыехала туды ўпершыню на другім курсе на практыку, убачыла, якія на заводзе ствараюць кампазіцыі са шкла, якія там працуюць унікальныя мастакі, і загарэлася. Я была першай выпускніцай Тэатральнамастацкага ўніверсітэта, якую ўзялі на завод. Разам са мной у Бярозаўку прыехаў мой муж. Ён быў інжынерам па метале, з ім мы прыдумалі ўнікальную фальгу, каэфіцыент пашырэння якой адпавядаў шклу. Менавіта гэтую фальгу я стала выкарыстоўваць у мастацкіх творах, і ў нас атрымаўся творчы тандэм. Прайшлі гады, і ніводная мая работа, якая была закуплена музеямі, не патрэскалася. На заводзе мне хацелася ўкараняць новыя ідэі, знаходзіць арыгінальныя падыходы, але кіраўніцтва наватарства не прымала. Ім падабалася тое, што я рабіла, але баяліся, што новыя прадукты не змогуць стаць папулярнымі. І ў выніку завод перайшоў на вытворчасць шклаваты. Таму я сышла адтуль і вярнулася ў Мінск. А паколькі ў Мінску шкларобства не развітое, пачала займацца графікай. І стала цікава. Бо на заводзе я выконвала даручэнні, а тут — сама сабе рэжысёр: сама прыдумляю эскіз, дэталі вобраза. Графіка мне заўсёды грэла душу. Памятаю, як днём любіла ехаць у электрычцы і маляваць эскізы нашых беларускіх знакавых аб’ектаў. Так атрымалася, што шмат маіх творчых задум нарадзіліся ў руху. Калі пачала займацца графікай прафесійна, стала выкарыстоўваць тэхніку манатыпіі, у якой выкарыстоўваецца туш і акварэль. Доўгі час маю графіку не прымалі, лічылі занадта вычварнай, але час усё расставіў па месцах, і творы пачалі нават купляць. Цяпер я спыніла выбар на сумяшчэнні шкла і графікі. На мой погляд, гэтыя напрамкі дапаўняюць адзін аднаго. Ёсць заканамернасць: бывае, рэалізую ідэю ў шкле, а потым працягваю яе развіваць у графіцы.

Усходні каларыт

Уладзімір Гладкоў «Аральскія рыбакі ў суровыя гады», 1984 г.

Паэтычныя палотны Уладзіміра Гладкова чапляюць пяшчотай і дабрынёй. Паколькі творчае станаўленне жывапісца адбывалася на зямлі Узбекістана, то ў аснове экспазіцыі мы можам убачыць краявіды багатага на гісторыю рэгіёна. Традыцыі еўрапейскай і беларускай мастацкіх школ, заснаваных на акадэмічных прынцыпах у малюнку і жывапісе, аўтар арганічна спалучае з філасофскімі абагульненнямі і знакавасцю, а таксама з непаўторным усходнім каларытам.

Уладзімір Гладкоў адмаўляецца распавядаць пра сваю творчасць. Адзначае, што глядач альбо зразумее сам, альбо проста адмовіцца ад прагляду экспазіцыі. Ён мастак душы, таму сюжэты і вобразы яго твораў невыпадковыя: аўтар адлюстроўвае сімвалічныя моманты, адкрывае трапяткую прыгажосць і паэзію, гарманічную ўпарадкаванасць свету. Маніпулюючы мяккім каларытам, дасягае канкрэтнасці і дакладнай апрацоўцы дэталяў. З дапамогай святла і паветра, паслядоўнага чаргавання архітэктурных элементаў, абрысаў гор, люстраной роўнядзі вады стварае магутныя прасторавыя рытмы, эпічную музыку настрою.

Сярод твораў мастака прадстаўлена шмат партрэтаў, у якіх задачай для аўтара, акрамя пераканаўчай перадачы вонкавага падабенства мадэлі, з’яўляецца адлюстраванне духоўнай сілы і прыгажосці чалавека. Уладзімір Гладкоў па-сапраўднаму любіць сваіх герояў, таму падчас працэсу тонка падкрэслівае кожную дэталь, эмоцыю. Вочы яго герояў жывыя, у іх заўважаеш важныя, цёплыя думкі. Непасрэдныя і шчырыя вобразы людзей узбагацілі аўтара змястоўнымі і пластычнымі ідэямі, сталі крыніцай для натхнення і эмацыйных уражанняў.

Вёсцы прысвячаецца

Ларыса Журавовіч «Тубушкі. Адпачынак», 2014 г.

Праекты мастачкі Ларысы Журавовіч атрымалі вядомасць па ўсёй краіне. Яе апошні перасоўны арт-праект «Пра творчасць, каханне і самую звычайную глыбінку» стаў нават не папулярным, а запатрабаваным у розных кутках Беларусі. Ён пачаўся персанальнай выстаўкай работ у Бялынічах, на радзіме мастачкі, вядомай прыхільнасцю рэалістычных традыцый. Арт-праект ахапіў практычна ўсе раёны Магілёўскай вобласці. Прадстаўленая ў Палацы мастацтваў выстаўка стане завяршальнай кропкай праекта. —

Ідэя нарадзілася пасля маёй выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Тады я зразумела, што творы, прысвечаныя беларускім вёскам, бачаць у асноўным сталічныя гледачы і турысты, якія не заўсёды да канца ведаюць, пра што ідзе гаворка, — адзначае Ларыса Журавовіч. — Таму было вырашана праект зрабіць перасоўным, паказаць яго тым, каму ён блізкі, хто прадстаўлены на палотнах. І рэакцыя, паверце, была цікавая: гледачы расказвалі, з чым згодныя, а што жадалі б паправіць. Мы зрабілі дзевятнаццаць выставак ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці. Калі ў горадзе межаў няма, то вёска — асобны свет, маленькі кавалачак зямлі з асаблівай культурай, традыцыямі, звычкамі. Ёсць сацыяльныя плюсы і мінусы, але справа ў атмасфернасці, любові да гэтых месцаў. Там жывуць людзі з асаблівым менталітэтам. Яны не так распешчаны выгодамі цывілізацыі і ведаюць, што такое праца. Менавіта такія людзі могуць расказаць нашаму грамадству гісторыю, якую берагуць у сваіх дамах. У творах я паказваю ўсё лепшае, што ёсць у вясковым свеце. Бо вёска адчуваецца не толькі, калі паехаў на вакацыі да бабулі або правёў выхадныя з шашлыкамі. Гэта асаблівая гарманічная прастора, якая, на жаль, хутка знікае. Гэта непрыкметна на адлегласці, дзе-небудзь у вялікім горадзе, але ўнутры вясковага побыту ідзе настолькі хуткі працэс, што хочацца захаваць вясковы ўклад хоць бы праз творчасць. Мне б хацелася, каб глядач пераацаніў стаўленне да вёскі, паважаў яе.

Разумець жыццё ў вёсцы можна па-рознаму, але ж мастачка акцэнтуе ўвагу менавіта на адраджэнні павагі да народнага побыту, традыцыйнай народнай культуры, працы на зямлі. Яна не шукае навізны, наадварот — захапляецца простымі і блізкімі рэчамі. Мастачка ўпэўнена, што людзі, якія не ведаюць вясковага жыцця, не адчуваюць у поўнай меры свабоды, чыстага паветра, не могуць да канца разумець шчасце. Таму для яе важна пераносіць сваю любоў да вёскі на палотны.

Цяпер аўтар працуе над рэалізацыяй новага праекта, які таксама будзе «падарожнічаць» па краіне. Пакуль да канца невядома, што стане яго тэмай, але мастачка абяцае зноў звярнуцца да актуальных праблем краіны. Яшчэ адна мэта Ларысы Журавовіч — развіць рэалістычны кірунак мастацтва. Нягледзячы на стэрэатып, што рэалізм страціў свае пазіцыі, мастачка ўпэўнена: яго класічныя традыцыі не згубяцца і заўсёды будуць ацэненыя аматарамі мастацтва.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».