Вы тут

Вам — творчае заданне


Творы беларускіх і рускіх класікаў, правілы абедзвюх моў вывучаюцца на занятках у школе. Вучні могуць на «выдатна» засвоіць граматыку ды пунктуацыю, лёгка адрозніць ямб ад анапесту, аповесць — ад апавядання, але ці здолее школьная праграма выгадаваць наступнага Багдановіча?


 Вядома, «навучыцца» быць літаратарам без таленту і творчага наканавання немагчыма. Без адпаведнага досведу і практычных навыкаў стаць годным паэтам ці пісьменнікам вельмі цяжка. Каб дапамагчы юным творцам рабіць першыя крокі ў свеце літаратуры, з сакавіка 2016 года пры Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі працуе школа для дзяцей «Са-Творчасць».

 Сустрэчы «Са-Творчасці» ладзяцца ў самым цэнтры Мінска, але прызначаныя не толькі для сталічнай моладзі: таленавітыя падлеткі прыязджаюць на заняткі з усёй Мінскай вобласці. Арганізатары кажуць, што ў гэтым дапамагае абласны выканаўчы камітэт. Склад аўдыторыі слухачоў пастаянна мяняецца: хтосьці далучаецца да школы на кароткі час, хтосьці становіцца рэгулярным наведнікам. За два гады існавання праз «Са- Творчасць» прайшлі каля 80 чалавек. На заняткі ў Мінск вучні абласных школ выпраўляюцца разам з настаўнікамі. Зразумела, прыехаць у сталіцу яны могуць толькі падчас канікул, таму «Са-Творчасць» працуе ў дзённым і завочным рэжымах. Цягам навучальных чвэрцяў дзеці займаюцца самі, а з настаўнікамі школы звязваюцца праз электронную пошту.

Ідэя стварыць месца, дзе юныя пісьменнікі і паэты могуць удасканальваць сваё майстэрства, належыць сябру Мінскага абласнога аддзялення СПБ Ірыне Карнавухавай. Разам з ёй ля вытокаў школы стаяць галоўны спецыяліст Мінскага абласнога аддзялення СПБ Таццяна Якаўлевіч і намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення СПБ, магістр філалагічных навук Бажэна Ганушкіна.

— Заўсёды пакідаем час, каб пазнаёміцца з новымі творамі нашых дзяцей, — кажа Таццяна Якаўлевіч. — Просім паказваць усё, што яны паспелі зрабіць у апошні час, дапамагаем стварыць размову паміж захопленымі словам і літаратурай. Школу «Са-Творчасць» часта наведваюць паэты і празаікі. Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама бярэ ўдзел у выхаванні творчай моладзі. Да таго ж настаўнікі і вучні «Са-Творчасці» цікавяцца беларускімі пісьменнікамі, класічнымі і сучаснымі. Прыкладам, на ўроку, прысвечаным жанру «раман», у цэнтры ўвагі аказаліся кнігі Мікалая Чаргінца «Вам — задание» і «За секунду до выстрела». Выкладчыкі зачытвалі ўрыўкі з кнігі «Вам — задание» і разбіралі мастацкія прыёмы аўтара, навучэнцы дзяліліся меркаваннямі наконт прачытаных раманаў М. Чаргінца: кнігі з ваеннай і пасляваеннай тэматыкай дасюль не страцілі папулярнасць.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.