Вы тут

У Мінску прайшоў самы моцны дождж за ўсю гісторыю назіранняў


У ліпені на Беларусь, як і летась, прыйшла стыхія. Моцныя дажджы і навальніцы адбыліся ў аўторак практычна па ўсёй тэрыторыі краіны. Асабліва адчувальным уздзеянне непагадзі было ў сталіцы. Паводле звестак Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, дождж, што прайшоў у Мінску ноччу з 25 на 26 ліпеня, увогуле стаў самым моцным за ўсю гісторыю назіранняў. За суткі выпала 77 міліметраў ападкаў, што складае 87 працэнтаў месячнай нормы. Раней рэкордным быў дождж, які прайшоў у 1973 годзе, тады выпала 73 міліметры ападкаў (83% месячнай нормы).


Фота: auto.onliner.by

Жыхары і госці сталіцы, што знаходзіліся вечарам у цэнтры горада, сутыкнуліся са шматлікімі праблемамі. Моцная залева падтапіла 14 участкаў дарог, з-за гэтага спынілі або абмежавалі рух 37 тралейбусных і 22 аўтобусныя маршруты. Няпростым вечар выдаўся і для ратавальнікаў — яны эвакуіравалі з падтопленых зон прыпаркаваныя аўтамабілі (сумарна 8 машын). Праводзіліся работы па распілаванні паваленых дрэў і адпампоўванні вады. На шчасце, ад стыхіі ў сталіцы ніхто не пацярпеў, цяпер у горадзе вядуцца аднаўленчыя работы. У твітар-акаўнце ГУУС Мінгарвыканкама паведамляецца пра шматлікія выпадкі змывання залевай аўтамабільных нумароў. Калі вы раптам знайшлі нумарны знак, трэба звярнуцца ў ДАІ па адрасе: праспект Дзяржынскага, 3 у кабінеты 110 і 113.

Пад ударам стыхіі аказаліся і рэгіёны, асабліва заходнія. Так, напрыклад, у Брэсце выпала 29 працэнтаў месячнай нормы, у Баранавічах — 51 працэнт, у Ганцавічах — 58 працэнтаў. А ў Самахвалавічах, што пад Мінскам, — 104 міліметры, гэта 116 працэнтаў месячнай нормы! У Гродзенскай вобласці з-за ўдараў маланкі адбылося тры пажары. Гарэлі гаспадарчыя пабудовы ў Зэльвенскім і Астравецкім раёнах, а таксама нежылы дом на Ашмяншчыне. Ужо 26 ліпеня новую хвалю стыхіі сустрэў Гродна. На некаторых вуліцах узровень вады быў вышэйшы за бардзюр. У Бераставіцкім і Слонімскім раёнах моцныя дажджы падтапілі падворкі: у першым выпадку ратавальнікі адпампоўвалі ваду з двароў трох прыватных дамоў, у другім — з некалькіх падворкаў і гаража.

Паводле звестак ДВА «Белэнерга», за суткі ў выніку непагадзі перыядычна парушалася энергазабеспячэнне ў прыблізна 200 населеных пунктах па ўсёй краіне. У сярэднім на аднаўленчыя работы ішло каля гадзіны. Аднак у той жа час адзначаецца, што масавых і надзвычайных пашкоджанняў энергасеткі не фіксавалася. Раніцай
26 ліпеня ў большасці населеных пунктаў энергазабеспячэнне было адноўлена. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, кароткачасовыя дажджы і навальніцы чакаюцца і сёння. Падчас навальніц парывы ветру будуць дасягаць 14 метраў за секунду. Уначы чакаецца 13—19 цяпла, удзень — 23—29.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lуskаvеts@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Залевай змывала нумары машын

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».