29 верасня, аўторак

Вы тут

«Яны не хочуць у інтэрнат»


Ці можа грамадства дапамагчы вярнуцца да нармальнага жыцця людзям пасля псіхічнага захворвання?

Апошнім часам тэма псіхічных захворванняў падымаецца ўсё часцей і часцей, прычым у самых розных краінах. Магчыма, таму, што колькасць іх няўхільна расце. Па прагнозах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, да 2020 года ў асобных краінах яны складуць 33% ад усіх захворванняў, а дэпрэсіўныя расстройствы выйдуць на другое месца пасля хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы. Што да Беларусі, то як адзначае Міністэрства аховы здароўя, колькасць выпадкаў псіхічных захворванняў за апошнія дзесяцігоддзі вырасла дзесьці на 20%. Як складваюцца лёсы такіх хворых і іх сем'яў у далейшым? І як можна ім дапамагчы зноў уліцца ў нармальнае жыццё?


Адпраўка чалавека ў псіханеўралагічны дом-інтэрнат — гэта яго грамадзянская смерць

Калісьці ў Савецкім Саюзе з гэтай катэгорыяй пацыентаў асабліва не цырымоніліся. Пасля збору неабходных дакументаў іх адпраўлялі на пажыццёвае пасяленне ў спецыяльныя дамы-інтэрнаты.

З тых часоў многае ў нашым жыцці памянялася. Але, на жаль, гэта амаль не тычыцца людзей з псіхічнымі захворваннямі. Як адзначаюць эксперты, у дачыненні да іх у нашай краіне да гэтага часу пераважае медыцынскі падыход. Гэта значыць, што спробы лячыць сустракаюцца часцей за спробы папярэджваць хваробу, рэабілітаваць, займацца прафілактыкай інваліднасці па прыкмеце псіхічнага захворвання. Між тым псіхіятры кажуць, што сёння многіх іх пацыентаў можна вярнуць у грамадства. Новыя лекавыя сродкі дазваляюць зняць вострыя прыступы і дамагчыся ўстойлівай рэмісіі. Але ў грамадстве людзі з парушэннямі псіхічнага здароўя па-ранейшаму сутыкаюцца з неразуменнем і прадузятасцю. Грамадскія арганізацыі заяўляюць аб адсутнасці належнай сацыяльнай рэабілітацыі такіх людзей.

Апошнім часам гэтае пытанне больш клапоціць і дзяржаву. Можна казаць пра рост гуманізацыі грамадства, але не толькі. Тут ёсць яшчэ і эканамічны складнік: варта мець на ўвазе, што павелічэнне колькасці псіхічных расстройстваў мае прамы ўплыў на эканоміку. Псіхічныя захворванні прыкладна ў 26% выпадкаў прыводзяць да страты працаздольнасці, што цягне за сабой дадатковыя выдаткі дзяржавы.

— Утрыманне такіх пацыентаў у псіханеўралагічных дамах-інтэрнатах фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, — адзначае і начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыя Гарбацэвіч. — Цяпер Мінпрацы і сацыяльнай абароны і аблвыканкамы працуюць над тым, каб туды паступала як мага менш пацыентаў і актывізаваліся сямейныя формы догляду за такімі людзьмі.

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый акцэнтуюць увагу на тым, што змяшчэнне чалавека ў псіханеўралагічны дом-інтэрнат — гэта, фактычна, яго грамадзянская смерць, таму што ён ужо не можа нічым распараджацца, бо яго пазбаўляюць дзеяздольнасці.

— Судовае пасяджэнне з нагоды пазбаўлення дзеяздольнасці доўжыцца ўсяго 15 хвілін. За гэты час усе ўдзельнікі павінны паспець паглыбіцца ў пытанні псіхіятрыі, азнаёміцца са складанай жыццёвай сітуацыяй і прыняць узважанае рашэнне. Відавочна, што гэта фармальны падыход, арыентаваны выключна на псіхіятрычную экспертызу, — упэўнены дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. — На цяперашні момант апекуном такога недзеяздольнага з'яўляецца дырэктар самога інтэрната. Але наколькі рэальна ахапіць дырэктару пытанні апекі над усімі хворымі, якія пражываюць у інтэрнаце, якіх можа быць і 300, і 500 чалавек? Да таго ж сітуацыя, калі апякун адначасова выконвае адміністрацыйныя працэдуры над падапечным, з'яўляецца замкнёным колам. Апякун павінен звярнуцца да самога сябе, паскардзіцца самому сабе з нагоды неналежных мер у дачыненні да падапечнага?

Эксперты адзначаюць і той факт, што аднавіць дзеяздольнасць, як правіла, вельмі цяжка. Хоць часам чалавек прызнаецца недзеяздольным не ў сілу таго, што хворы, а з-за нейкіх сацыяльных фактараў. Бывалі выпадкі, што гэтага дамагаліся сваякі, якія потым завалодвалі жыллём такога чалавека.

— У нашых дамах-інтэрнатах пражывала ў 2011—2016 гадах каля 13 тысяч пацыентаў. Аднавілі дзеяздольнасць толькі 66 чалавек, — кажа Марыя Гарбацэвіч.

Праз суправаджаемае пражыванне — да самастойнага жыцця

Як жа ўсё-такі паменшыць колькасць пастаяльцаў псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў? Спецыялісты адзначаюць, што з чалавекам, які патэнцыйна можа выйсці з такой установы, трэба папярэдне працаваць. Яго трэба падрыхтаваць да жыцця па-за межамі дома-інтэрната, інтэграваць у грамадства. Эксперты сыходзяцца ў тым, што дапамагчы такім людзям развіць навыкі, неабходныя для ўваходжання ў нармальны свет, можа такая форма работы з імі як суправаджаемае пражыванне.

І, як адзначаюць у Мінпрацы і сацыяльнай абароны, аддзяленні суправаджаемага пражывання ўжо адкрыты практычна ва ўсіх дамах-інтэрнатах псіханеўралагічнага профілю. Яны знаходзяцца як на тэрыторыі дамоў-інтэрнатаў, так і па-за іх межамі. Там пастаяльцы пражываюць самастойна і незалежна, аказваючы падтрымку адзін аднаму, — і пры мінімальным суправаджэнні з боку дзяржавы.

Такая сістэма больш выгадная для дзяржавы, паколькі ўтрыманне псіхіятрычных бальніц і інтэрнатаў псіханеўралагічнага профілю звязана з немалымі матэрыяльнымі выдаткамі.

Марыя Гарбацэвіч адзначае, што ў нашай краіне сёння сацыялізуецца такім чынам каля 1,5 тысячы чалавек. Яна звяртае ўвагу і на тое, што ў рамках рэалізацыі Нацыянальнага плана па рэалізацыі Канвенцыі аб правах інвалідаў прадугледжваецца распрацоўка паняцця асістэнта інваліда, што таксама зможа дапамагчы такой катэгорыі інвалідаў жыць самастойна.

Што датычыцца дапамогі сям'і, у якой пражывае чалавек з псіхічным захворваннем, то Марыя Гарбацэвіч кажа : «Мы ўносілі прапановы аб развіцці кароткатэрміновых паслуг, каб такім чынам разгрузіць сям'ю ад абавязкаў, якія ляжаць на ёй па доглядзе за псіхічна хворымі людзьмі». Тут гаворка ідзе ў першую чаргу пра такую паслугу як кароткатэрміновае знаходжанне. Па словах Марыі Гарбацэвіч, яна ўведзена ўжо досыць даўно. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што сям'я можа часова змясціць хворага сваяка ў дом-інтэрнат на тэрмін да месяца. Каштуе гэтая паслуга нятанна, у межах 500 рублёў, але карыстаецца попытам, асабліва ў Мінску. Пры гэтым, як адзначае спецыяліст, тут не патрабуецца рашэнне суда аб пазбаўленні чалавека дзеяздольнасці.

9 лютага гэтага года была прынята пастанова Савета Міністраў №112, паводле якой хворага па жаданні сям'і можна змясціць у дом-інтэрнат на часовае пражыванне на тэрмін да года на платнай аснове і без пазбаўлення дзеяздольнасці. Гэта крок у бок захавання правоў чалавека з псіхічным захворваннем.

Акрамя таго, спецыялісты спадзяюцца на ўнясенне змяненняў у Грамадзянскі кодэкс і іншыя нарматыўныя акты, якія дадуць магчымасць альбо на частковы выхад з дамоў-інтэрнатаў такіх людзей, альбо на іх працаўладкаванне ў рамках пражывання ў дамах-інтэрнатах.

Першыя «ластаўкі»

Спецыялісты адзначаюць, што многія маладыя людзі з псіхічнымі захворваннямі, якія жывуць цяпер з бацькамі, трывожацца, што з імі будзе, калі бацькі памруць. Яны не жадаюць трапляць у дом-інтэрнат, а хацелі б у такім выпадку мець магчымасць жыць у сваёй кватэры і атрымліваць дапамогу сацыяльнага работніка, якому яны давяраюць, і ведаць, што ў цяжкай сітуацыі, напрыклад, абвастрэння захворвання, яны змогуць разлічваць на падтрымку.

«Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» з 2009 года рэалізуе паслугу навучальнага суправаджаемага пражывання на базе трэніровачнай кватэры «Адчыненыя дзверы». Для такога пражывання былі абсталяваны дзве сумежныя двухпакаёвыя кватэры ў адным са звычайных шматпавярховікаў Мінска. У іх селяцца маладыя людзі з разумовымі абмежаваннямі. Днём яны наведваюць майстэрні грамадскіх і царкоўных арганізацый альбо майстэрні тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А пасля заканчэння работы ў майстэрнях вяртаюцца ў гэты так званы інтэрнат, дзе іх сустракаюць спецыялісты па сацыяльнай рабоце. Такое навучальнае суправаджаемае пражыванне дапамагае маладым людзям развіць навыкі, неабходныя для жыцця, вучобы і працы з найменшым аб'ёмам прафесійнай дапамогі.

У Мінску цяпер пражывае каля 11 тысяч людзей з дыягназам «псіхоз», з іх каля 4500 маюць дыягназ «шызафрэнія». На сёння гэтая катэгорыя людзей засталася па-за полем дзейнасці сацыяльных службаў: альбо лячэнне ў клініцы і пры дыспансеры, альбо адпраўка ў псіханеўралагічны дом-інтэрнат пасля пазбаўлення дзеяздольнасці.

Аднак у 2011 годзе па ініцыятыве «Беларускай асацыяцыі сацыяльных работнікаў» у сталіцы з'явіўся першы Клубны дом «Адкрытая душа» — своеасаблівая сацыяльная служба для людзей з псіхічнымі захворваннямі, якая дазваляе арганізаваць жыццё па-за межамі бальніцы, аднавіць згубленыя навыкі і вярнуцца да актыўнага жыцця ў грамадстве, а па магчымасці — і да працы. За гэты час членамі клубнага дома сталі 122 чалавекі — жыхары Мінска і Мінскага раёна з псіхічнымі захворваннямі. Гэта людзі з рознымі жыццёвымі гісторыямі, але аб'яднаныя жаданнем пераадолець наступствы хваробы і жыць актыўна і шчасліва...


У ТЭМУ

Як падтрымаць людзей з дэменцыяй і іх сем'і?

Доля жыхароў Беларусі ва ўзросце 65 гадоў і старэй па звестках апошняга перапісу насельніцтва склала 14,2%, а па прагнозных паказчыках Міністэрства эканомікі Беларусі ўжо да 2020 года можа дасягнуць 27%. Следствам гэтага можа стаць і хуткі рост колькасці пажылых людзей з рознымі формамі дэменцыі. Ужо сёння гэтая хвароба штогод дыягнастуецца ў 3,5—4,5 тысячы пажылых людзей. У выніку хтосьці з блізкіх сваякоў вымушаны пакінуць работу альбо працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці, каб мець магчымасць даглядаць за такім сваяком.

Каб дапамагчы такім сем'ям, грамадская дабрачынная яўрэйская арганізацыя «Хэсэд-Рахамім» і Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа пачалі рэалізацыю праектаў, накіраваных на адпрацоўку мадэляў падтрымкі людзей, якія жывуць з дэменцыяй, і іх сем'яў.

«Хэсэд-Рахамім» апрабуе стварэнне і функцыянаванне дзённага цэнтра/аддзялення для людзей, якія маюць кагнітыўныя парушэнні або якія жывуць з дэменцыяй у Мінску і Бабруйску. Яго галоўная задача — падоўжыць здольнасць такіх людзей жыць у звыклым для іх асяроддзі і па магчымасці замарудзіць развіццё хваробы, а таксама навучыць членаў сем'яў гарманічна кантактаваць за сваімі пажылымі сваякамі і правільна даглядаць іх.

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа збіраецца ў тэставым рэжыме апрабаваць і прапанаваць мадэль медыка-сацыяльнага догляду дома за людзьмі, якія жывуць з дэменцыяй. Праект рэалізуецца ў Гродзенскай вобласці.

Праекты запланаваны на два з паловай гады і будуць ажыццяўляцца пры экспертнай падтрымцы НДІ працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў садружнасці з нямецкімі партнёрамі і беларускімі грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі. У ходзе іх рэалізацыі таксама будуць арганізаваны серыі семінараў, інфармацыйных сустрэч і стажыровак для зацікаўленых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый.

Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

У Вялікім тэатры Беларусі чакаецца 300-ы паказ балета «Стварэнне свету»

Пагаварылі з некаторымі з тых людзей, якія спрычыніліся да вялікай працы.