Вы тут

Беларускі-вандроўніцы расказваюць пра Камбоджу


Нашы дзяўчаты Кацярына, Аліса і Элізабет БЯГУН па дарозе на ўсход праехалі каля дзясятка краін і расказалі карэспандэнту «Звязды» пра самую прыемную з тых, у якой ім давялося за гэты час пажыць, — Камбоджу.


Ёсць з чым параўнаць

Багаты курорт французскіх каланізатараў Кэп цяпер выглядае як маленькая вёска. Першыя трое сутак дзяўчаты начавалі разам з тараканамі і жабкамі. Але пасля ім пашчасціла: яны пераехалі ў прыгожую вілу. Там давялося спыніцца і зарабіць грошы на працяг вандроўкі.

На самай справе, кругасветная вандроўка — гэта не толькі знаёмства з новымі краінамі, але і шмат працы. Дзяўчаты расказваюць, што часам сумавалі па гарачым душы і дамашняй ежы. Часта прыходзілася падпрацоўваць, каб мець грошы хоць бы на яду. Яны здымаліся ў рэкламным роліку, пісалі англамоўныя артыкулы, займаліся капірайтынгам. Кацярына праводзіла перадсвяточныя трэнінгі для супрацоўнікаў мясцовага клуба.

Але яны ж прыехалі не па камфорт, а па ўражанні. І гэтага ў Кэпе зашмат. «Упершыню я бачыла малпаў на дарозе», — расказвае Элізабет. Яны там, як галубы ў Мінску, — на кожным кроку чакаюць, што вы іх падкорміце. Вядома, і ў дзяўчат яны выпрасілі бананаў. Але прыгоды ў свеце жывёл толькі пачыналіся...

Недалёка ад Кэпа знаходзіцца сакрэтны пляж, пра які беларускі даведаліся ад мясцовых жыхароў. На дарогу туды яны арандавалі веласіпеды, і раптам сустрэлі мечахвоста — гэта жывёла падобная на круглы шчыт з джалам, яна захавалася яшчэ з часоў палеазойскай эры.

Як турысты

Мясцовыя храмы не пакінулі абыякавай Кацярыну: «Большасць будыйскіх, індуісцкіх і падобных рэлігійных храмаў мне падаюцца казачна-цацачнымі. Узвышэння я там не адчуваю, але адчуваю чараўніцтва. Калі Кацярына наведвала адзін з храмаў Камбоджы, яе праваднікамі сталі мясцовыя дзеткі. Спачатку яны спадзяваліся, што дастаткова будзе пакленчыць грошай, але такі фокус не прайшоў. Тады яны змянілі тактыку і правялі экскурсію па гэтых мясцінах. Нават па просьбе нашай дзяўчыны знайшлі, дзе жывуць кхмерскія манахі. Так, папрацаваўшы, дзеці атрымалі ад Кацярыны «на цукеркі».

Жамчужына Камбоджы — Нацыянальны парк Бакор, — мае працягласць каля 100 км. Там размешчаны горад-прывід з закінутымі будынкамі, самы ўражальны з іх — казіно. Унутры часткова захавалася абліцоўка, а праз вокны адкрываецца неверагодны від на Сіямскі заліў.

Адна з галоўных славутасцяў краіны — храмы Ангкора. Сіемрып, побач з якім яны знаходзяцца, раней быў сталіцай Кхмерскай імперыі. Тысячу гадоў таму ён ужо быў мільённікам і самым вялікім горадам у свеце. Турысты прыязджаюць да храмаў яшчэ да світання, каб сустрэць яго на беразе возера лотасаў. Высечаныя на камянях твары з няўлоўнай усмешкай, як у Моны Лізы, — візітная картка храма Байана. Аматарам кіно, верагодна, спадабаецца храм Та Прум, дзе здымалі «Лару Крофт» з Анджалінай Джалі. Гэта адзіны храм, які вырашылі ад джунгляў не ратаваць: ён амаль поўнасцю зарос, адданы сілам прыроды. Дарэчы, Ангкор лічыцца адным з самых магутных энергетычных месцаў свету, таму і Камбоджу называюць краінай, дзе здзяйсняюцца мары.

Тут знаходзіцца і самая вялікая вёска на вадзе — гэта нелегальнае пасяленне в'етнамцаў на возеры Танлесап. У мясцовых жыхароў няма ні прапіскі, ні пашпартоў, таму ніхто не ведае, колькі іх там дакладна. Але гэта папулярны турыстычны напрамак, таму мясцовая ўлада іх не чапае. На вадзе стаяць не толькі дамы, але і крамы, школы, цэрквы... Кажуць, што некаторыя з жыхароў нават ніколі не сыходзяць на зямлю. Дзеці паміж будынкамі перамяшчаюцца ў тазіках.

Мясцовыя прысмакі

Сюды прыязджае вельмі шмат еўрапейцаў, у тым ліку дзеля таго, каб пакаштаваць незвычайных насякомых ці жывёл. Так, Аліса каштавала скарпіёна і кракадзілавы бургер. Тут прадаюць конікаў і кажаноў, а па добрым знаёмстве можна пакаштаваць кобру ці мазгі малпы. На рынках Сіемрыпа, дарэчы, і адкрыта прадаецца шмат цікавых рэчаў. З мясцовымі можна таргавацца, але трэба гэта рабіць вельмі ўпэўнена.

Кэп славіцца сінімі крабамі. Закупшчыкі лепшых рэстаранаў Азіі з раніцы прыязджаюць на мясцовы рынак. Прайсці міма такога не змаглі і нашы дзяўчаты. Кацярына, па яе словах, там пакаштавала найлепшы крабавы суп у сваім жыцці!

Для мясцовых жыхароў, у адрозненне ад еўрапейцаў, мора — гэта цяжкая праца. Гэта крыніца іх даходаў і ежы. Тыя, хто жыве ў прыбярэжных вёсках зусім не асацыіруюць пляж з адпачынкам. Да таго ж прыгожым лічыцца той, хто святлейшы, таму і загараць яны не імкнуцца. Яшчэ тут модна быць худым. «Будзеш худая — адразу выйдзеш замуж!» — гаварыла гаспадыня хаты, дзе Элізабет, Аліса і Кацярына жылі.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Сэрца Камбоджы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.