Вы тут

Сумна? Хадзем паляваць на ліса!


Свэн Нурдквіст. Паляванне на ліса. Мастак Свэн Нурдквіст, пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. — Мінск: Кнігазбор, 2017. — 32 с.

Свэн Нурдквіст. Пэтсан сумуе. Мастак Свэн Нурдквіст, пераклад са шведскай Надзеі Кандрусевіч. — Мінск: Кнігазбор, 2017. — 32 с.


З сімпатычнымі і ўжо знакамітымі героямі Пэтсанам і Фіндусам, якіх у сваёй серыі кніг стварыў шведскі дзіцячы пісьменнік і мастак Свэн Нурдквіст, беларускія чытачы пазнаёміліся гады два таму. Менавіта тады былі прадстаўленыя першыя аповеды ў перакладзе на беларускую мову. І вось — за досыць непрацяглы час — нашы дзеткі з імі сапраўды пасябравалі, з нецярплівасцю чакаюць новых гісторый і з задавальненнем завітваюць на прэзентацыі (а гэта асобны від забаўкі — з гульнямі, пачастункамі і яркім чытаннем казак вядомымі акцёрамі).

Па-беларуску ўжо пабачылі свет пяць кніг, і па сакрэце распавяду, што ў жніўні нас чакаюць новыя сустрэчы з крыху флегматычным Пэтсанам і яго жвавым сябрам катом Фіндусам. Так, рыхтуецца да выдання шосты аповед «Пэтсан з'язджае». Аматары аўдыякніг таксама не застануцца без падарункаў. Ідзе запіс дыска, што будзе змяшчаць усе дзевяць гісторый пра Пэтсана (ён размаўляе голасам вядомага акцёра Паўла Харланчука-Южакова) і Фіндуса (сімпатычнага ката агучвае актрыса Ганна Хітрык).

А пакуль крыху прыадкрыем заслону (але без спойлераў!) таго, якія прыгоды і гісторыі нас чакаюць пад вокладкамі кніг «Паляванне на ліса» і «Пэтсан сумуе». Неяк Густаўсан, які жыве побач, завітаў да нашых сяброў вельмі раззлаваны. У яго пачалі знікаць куры. Натуральна, што самым лагічным тлумачэннем гэтаму ён палічыў «візіты» ліса. Небяспека навісла і над гаспадаркай Пэтсана, яго куры таксама патрабавалі абароны і больш пільнага догляду. Але нашы сябры не разгубіліся, разам змайстравалі сапраўдную пастку для «ліса» і выратавалі ўсіх курэй у ваколіцы.

Гісторыя пра тое, як Пэтсан сумуе, на першы погляд не такая захапляльная і напоўненая падзеямі. Але і тут ёсць свае цікавінкі. Ці, прынамсі, адказы на пытанні, якія час ад часу хвалююць, бадай, кожнага. Як змагацца з сумам ці, калі хочаце, меланхалічным настроем і задуменнасцю? Што рабіць, калі нічога цікавага ў жыцці не адбываецца ды і ў цэлым само жыццё падаецца нудным? Як дапамагчы сябру, які апынуўся ў такім стане, і што рабіць, каб развесяліць самога сябе? Хітры кот Фіндус і тут паспяхова спраўляецца з цяжкасцямі.

Нельга не адзначыць сімпатычныя і ўтульныя аўтарскія малюнкі, якімі аздобленыя выданні. Свэн Нурдквіст сапраўды тонка перадае атмасферу аповеда, ствараючы герояў не толькі словамі, але і вобразамі. Таму чакаем новых сустрэч!

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».