Вы тут

Як цэнтр «Шчаслівы малыш» дапамагае мамам у цяжкіх жыццёвых сітуацыях


«Шчаслівы малыш» дапамагае мамам, каб у краіне не з'яўляліся новыя сіроты.

«Можаце сабе ўявіць сітуацыю, калі ляжыш зімой з тэмпературай пад 40, а тваё немаўля плача ад голаду? І ты тэлефануеш бацьку дзіцяці, свайму грамадзянскаму мужу, і просіш: «Прынясі хоць хлеба»! А ён адказвае: «Табе патрэбны толькі грошы», і тут жа забывае пра тваю просьбу...», — у 27-гадовай Веры на вочы наварочваюцца слёзы, хоць яна ўспамінае сітуацыю трохгадовай даўнасці. Тады ёй здавалася, што яна на самым краі: «Я зноў зацяжарыла, а ён кудысьці знік. Дайшло да таго, што не было на што купіць калготы...» У сектары аховы дзяцінства Веры сказалі, што яе дзеці (на той момант яна ўжо нарадзіла другое дзіця) — кандыдаты на паступленне ў прытулак. «Але я не хачу пазбаўляцца сваіх малютак, я люблю іх!» — плакала Вера. Яе захлістваў адчай...


«Яны не кажуць тое, што ты хочаш пачуць...»

Хтосьці са знаёмых літаральна за руку прывёў маладую жанчыну ў сацыяльны цэнтр «Шчаслівы малыш». Там яе ўважліва выслухалі і прапанавалі сваю дапамогу. «Спачатку мне дапамагалі рэчамі, давалі прадуктовыя наборы. Тэлефанавалі і прапаноўвалі нам са старэйшай дачкой бясплатныя білеты ў тэатр, у дэльфінарый, — расказвае Вера. — Даведаўшыся, што я захапляюся вырабам біжутэрыі, аплацілі адпаведныя курсы, каб я магла крыху зарабляць...»

Псіхолагі цэнтра дапамаглі ёй выйсці з дэпрэсіі. «Яны не кажуць тое, што ты хочаш пачуць — яны кажуць, як бачаць сітуацыю збоку, — дзеліцца Вера. — Спачатку пад уздзеяннем моцных эмоцый ты з імі не пагаджаешся, але потым, калі супакоішся, узважваеш іх словы... і пачынаеш глядзець на сваё жыццё крыху па-іншаму...» Вера па гэты дзень ходзіць у «Шчаслівы малыш». Тут цяпер збіраюцца групы самадапамогі. Прыходзяць маладыя мамы, хтосьці выбраўся з цяжкай сітуацыі — і дзеліцца сваім вопытам, дае парады іншым. Сядзяць разам за гарбатай, размаўляюць...

Хэпі-энд? Складанасцяў жыцця ніхто не адмяніў. Веры трэба адной гадаваць дваіх маленькіх дзяцей. Але яна цяпер значна больш упэўненая ў сваіх сілах, не сумняваецца, што справіцца. Самае галоўнае, яе дзеці засталіся з ёю, а не патрапілі ў прытулак. І, дарэчы, менавіта пасля размоў з псіхолагам цэнтра, пакутлівых прыкідак «за» і «супраць» Вера прыняла рашэнне канчаткова разысціся з бацькам дзяцей, зразумеўшы, што так будзе лепш і для яе, і для сына з дачкой.

...Бываюць розныя сітуацыі ў жыцці, бывае вельмі складана, і тады надыходзіць адчай. А калі ў гэтым свеце ты сам-насам са сваімі праблемамі, калі няма сваякоў, калі няма побач мамы, якая заўсёды дапаможа як справай, так і парадай, калі проста няма за што накарміць дзіця... Жанчына вельмі ўразлівая, калі яна адна з маленькім дзіцем. Пражыць толькі на дзіцячую дапамогу вельмі складана, і, бывае, нават проста няма з кім пакінуць малечу, каб схадзіць у аптэку ды краму... На шчасце, калі здараецца бяда ці складаная сітуацыя — эканамічная, сацыяльная, псіхалагічная — мацярынскі інстынкт знікае далёка не заўсёды і не ва ўсіх. Большасць жанчын, адчуваючы сваю адказнасць за дзяцей, стараюцца знайсці нейкае выйсце. Менавіта для такіх выпадкаў і працуе сталічны сацыяльны цэнтр «Шчаслівы малыш». Бо лягчэй прадухіліць з'яўленне яшчэ адной сіраты, чым потым загойваць душэўныя раны дзіцяці і шукаць яму новую сям'ю.

«Калі ў вас заваленыя шафы, можа, некаторыя вашы рэчы маглі б знайсці новага удзячнага ўладальніка? — карыстаючыся выпадкам, звяртаецца да нашых чытачоў сацыяльны педагог цэнтра Кацярына Сідарук. — Нам спатрэбіцца ўсё: посуд, коўдры, падушкі, ручнікі, дзіцячыя рэчы». (Тэл. сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малыш» — +375 17 222 05 65.)

«Часам дзяўчына хоча захаваць дзіця, а яе бацькі пішуць заяву аб адмове»

— Мы дапамагаем маладым мамам ва ўзросце да 35 гадоў, цяжарным з рызыкай адмовы ад дзіцяці, а таксама жанчынам з дзіцем або дзецьмі, хоць аднаму з якіх менш за тры гады, — кажа дырэктар цэнтра «Шчаслівы малыш» Ірына Шмак. — Такія цэнтры існуюць ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Галоўная наша мэта — прафілактыка ранняга сацыяльнага сіроцтва ці, кажучы простай мовай, — каб дзеці заставаліся са сваімі бацькамі нягледзячы на складаную жыццёвую сітуацыю, у якой апынулася сям'я. Хто канкрэтна звяртаецца па дапамогу? Часта гэта жанчыны, якія зацяжарылі, іх кінуў мужчына, і яны засталіся наогул адны, без якой-небудзь дапамогі. Напрыклад, гэта маладыя дзяўчаты, якія самі выхоўваліся ў дамах-інтэрнатах. Ёсць і дзяўчаты, якім бацькі адмаўляюць у падтрымцы: твае праблемы, спраўляйся з імі сама. І гэта яшчэ добра. Бываюць выпадкі, калі пасля таго, як нараджае непаўналетняя дзяўчына, якая па законе яшчэ не мае права самой прымаць рашэнне, — яе бацькі пішуць заяву аб адмове ад гэтага дзіцяці. Атрымліваецца, дзяўчына хоча захаваць дзіця і выгадаваць яго, а яе маці ці тата прымаюць вось такое рашэнне. На шчасце, часцей за ўсё такіх бацькоў удаецца пераканаць. Былі выпадкі, калі потым яны прыходзілі і казалі: дзякуй, што мы не зрабілі гэтую памылку...

Звяртаюцца ў «Шчаслівы малыш» і дзяўчаты, якія ў сілу жыццёвых акалічнасцяў не маюць у Мінску ўласнага жылля. Пасля таго, як яны зацяжарылі і на позніх тэрмінах ужо не могуць працаваць, некаторыя з іх пазбаўляюцца здымнага жылля, бо не ў стане плаціць за яго. Гэта значыць — фактычна аказваюцца на вуліцы. І калі такой жанчыне няма куды паехаць пасля родаў, то дзіця павінна застацца ў радзільным доме: яго не могуць выпісаць у нікуды. Але ў жыцці бываюць розныя сітуацыі, бывае, што дом прададзены або згарэў, або ў ім жывуць сваякі-алкаголікі і вярнуцца туды немагчыма...

— Калі яны прыходзяць да нас, мы накіроўваем іх у кватэру для часовага пражывання маладых мам, — тлумачыць Ірына Шмак. — Гэта месца з чатырма жылымі пакоямі, агульнай гасцінай, кухняй і двума санвузламі — для мам з дзецьмі, якія апынуліся ў экстрэмальнай сітуацыі. Там яны могуць знаходзіцца да паўгода. Часам, калі абставіны не палепшыліся, мы можам падоўжыць гэты тэрмін да года.

Многія маладыя мамы не ведаюць, як даглядаць дзіця, таму ў сацыяльным цэнтры праводзяць навучальныя трэнінгі па правільным харчаванні, грудным гадаванні. Ёсць у гэтым цэнтры і «чароўная шафа» з рэчамі першай неабходнасці. Гэта дзіцячыя распашонкі, штонікі, коўдры, цацкі, падгузнікі, ванначкі, а таксама вітаміны для дзяцей і цяжарных жанчын, адзенне для сябе...

Сацыяльны цэнтр «Шчаслівы малыш» быў створаны ў 2013 годзе SOS-Дзіцячай вёскай Бараўляны і з'яўляецца яе падраздзяленнем. Пачынаўся ён як пілотны праект для чатырох раёнаў Мінска, дзе пражывае найбольшая колькасць маладых сем'яў. За больш чым 4 гады сваёй работы ён дапамог больш як 400 дзецям. З мінулага года ў «Шчаслівы малыш» могуць звяртацца маладыя мамы з усяго горада.

Спачатку цэнтр атрымліваў гуманітарную дапамогу з-за мяжы. Цяпер ужо раздае прадметы першай неабходнасці, якія сабраны беларусамі. «Калі ў вас заваленыя шафы, можа, некаторыя вашы рэчы маглі б знайсці сабе новага ўдзячнага ўладальніка? — карыстаючыся выпадкам, звяртаецца да нашых чытачоў сацыяльны педагог цэнтра Кацярына Сідарук. — Нам спатрэбіцца ўсё: посуд, коўдры, падушкі, ручнікі, дзіцячыя рэчы».

А яшчэ з маладымі маці ў «Шчаслівым малышу», як і з Верай у свой час, працуюць псіхолаг і сацыяльны педагог. І іх падтрымка вельмі запатрабаваная. Пры неабходнасці сацыяльны цэнтр прыцягвае для дапамогі мамам яшчэ і юрыстаў, дэфектолагаў, сацыяльных работнікаў, псіхатэрапеўтаў...

Спецыялісты цэнтра рыхтуюць і валанцёраў, якія потым адпраўляюцца дапамагаць у Дом дзіцяці. Для іх праводзяць серыю заняткаў, на якіх расказваюць пра асаблівасці тых дзетак, што знаходзяцца ў дзіцячых установах, таму што яны адрозніваюцца ад дамашніх. І да гэтага трэба быць гатовым, каб не захлынуцца слязьмі ад жалю ці, наадварот, сваёй ганарыстасцю, маўляў, які я выдатны, адзін раз прыйшоў пагуляць з кінутымі дзецьмі... Вучаць яны валанцёраў акрамя ўсяго іншага яшчэ і таму, што трэба больш абдымаць такіх малых, бо ім гэтага востра не хапае. Таму ў «Шчаслівым малышу» ўпэўнены: нават самая праблемная мама для дзіцяці лепш, чым дзіцячы дом.

Святлана БУСЬКО

busko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Жанчына. Немаўля. Адчай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».